2 да Карынфянаў 4 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
Таму вось, маючы гэткае служэнне з аказанага нам міласэрдзя, мы не панікаем душою.
Дзеля гэтага, маючы такое служэньне, бо мы атрымалі літасьць, мы не журымся,
Але, адрынуўшы скрытую няпрыстойнасьць, не хапаемся хітрунства, не выкрыўляем слова Божага, а выяўляючы праўду, паручаем сябе самых кажнаму людзкому сумленню прад Богам.
але адмаўляемся тайных [учынкаў] сораму, ня ходзячы падступна і не перакручваючы Слова Божага, але выяўленьнем праўды адрэкамэндоўваем сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
А калі наша Эванэлія і закрыта, дык для тых закрыта, што гінуць;
А калі і закрытае Эвангельле нашае, закрыта для тых, якія гінуць,
для няверучых, якім думкі асьляпіў бог сьвету гэтага, каб ня зіяла для іх сьвятло Добрай Навіны аб хвале Хрыстуса, які ёсьць вобразам Бога нябачнага.
для бязьверных, у якіх бог веку гэтага засьляпіў думкі, каб не ўзыйшло ім сьвятло Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць вобраз Божы.
Бо мы не сябе самых апавяшчаем, але Хрыстуса Езуса, Усеспадара; самыж мы — слугі вашыя для Езуса.
Бо мы не саміх сябе абвяшчаем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — слугі вашыя дзеля Ісуса.
Бог бо, які загадаў із цемры зазіяць сьвятлу, Ён рассьвятліў нашы сэрцы, каб у іх зіяла пазнанне ясьнейшай хвалы Божай у вабліччы Хрыстуса Езуса.
Таму што Бог, Які сказаў з цемры зазьзяць сьвятлу, Сам зазьзяў у сэрцах нашых дзеля прасьвятленьня [нас] пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста.
Але скарб гэты маем у гліняных судзінах, каб відно было, што веліч ёсьць ад Бога, а не ад нас.
А скарб гэты мы маем у гліняных начыньнях, каб празьмернасьць моцы была ад Бога, а ня з нас.
У ва ўсім мы прыгнятаныя, але ня прыгнобленыя; мы ў бядзе, але ня ў роспачы;
Мы ў-ва ўсім уцісканыя, але ня сьціснутыя; мы зьбянтэжаныя, але не губляем надзеі;
нас гоняць, травяць, але мы не пакінутыя; мы паваены, ды ня гінем;
мы перасьледаваныя, але не пакінутыя; мы паваленыя, але ня гінем.
заўсёды носім у целе нашым умор Езуса, каб і жыцьцё Езусава ў нашым целе відно было.
Мы заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса выявілася ў целе нашым.
Нас бо ўвесь час дзеля Езуса жывымі аддаюць на сьмерць і жыцьцё Езусава праявілася у сьмяротным целе нашым;
Бо мы, жывыя, заўсёды выдаваныя на сьмерць дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса выявілася ў сьмяротным целе нашым.
гэтак вось сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
Так што сьмерць дзейнічае ў нас, а жыцьцё — у вас.
Але, маючы той самы дух веры, як напісана: Я ўверыў, таму і гаварыў (Пс. 115:1); і мы верым, таму і гаворым;
А маючы той самы дух веры, як напісана: «Я верыў і дзеля гэтага гаварыў», і мы верым і дзеля гэтага гаворым,
ведаючы, што той, каторы збудзіў з умерлых Езуса, збудзіць і нас ды паставіць з вамі.
ведаючы, што Той, Які ўваскрасіў Госпада Ісуса, уваскрасіць праз Ісуса і нас і паставіць разам з вамі.
Усё бо дзеля вас, каб сутасьць ласкі у многіх тым-болей збагачала ўдзячнасьць на хвалу Богу.
Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце ласкі праз шматлікія падзякі памнажалася на славу Божую.
Дзеля гэтага мы ня ныдзеем; але хоць назьнешні ў нас чалавек гібее, то аднак усабешні дзень-у-дзень абнаўляецца.
Дзеля гэтага мы не журымся, але, калі наш вонкавы чалавек зьнішчаецца, дык унутраны дзень пры дні абнаўляецца.
Бо тое, што адзін міг трывае — наша лёгкае гора цяперашняе — тое хвалу вечную нам рыхтуе;
Бо гэты караценькі лёгкі прыгнёт наш робіць яшчэ большай і большай вагу славы вечнае для нас,
нам, загледжаным не на ўсё бачнае, а — на нябачнае; бачнае бо — дачаснае, а нябачнае — вечнае.
якія глядзім не на бачнае, але на нябачнае, бо бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае.