2 да Карынфянаў 8 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Паведамляем вам, браты, аб той ласцы, якою Бог абдзяліў Макэдонскія эклезіі:
 
Паведамляем вам, браты, пра ласку Божую, якая дадзеная цэрквам Македоніі,

сярод бо цяжкога допусту горкіх турботаў поўнасьцю захавалі пагоду духа, а іх скрайнюю ўбогасьць абагацілі радульнаю скромнасьцю;
 
бо ў вялікім выпрабаваньні прыгнётам у іх багата радасьці, і ў глыбокай убогасьці іхняй памнажаецца багацьце іхняй шчырасьці,

яны дабраахвотныя водле сілы ды й цераз сілу — я ў гэтым сьветка ім, —
 
бо яны маюць добрую ахвоту па сілах і звыш сілы, я сьведчу гэта.

яны вельмі прасілі нас ласкі ды удзейніцтва іх ў паслузе сьвятым;
 
Са шматлікімі просьбамі яны прасілі нас прыняць ласку і супольнасьць служэньня для сьвятых;

і ня толькі тое, чаго мы спадзяваліся, але й самых сябе аддалі найперш Богуспадару, а пасьля й нам з Божае волі;
 
ды ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны аддалі сябе спачатку Госпаду, і нам паводле волі Божай.

таму мы й прасілі Тытуса, каб як зачаў, дык гэтак і давяршыў у вас і гэтае добрае дзела.
 
Дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і зьдзейсьніў у вас і гэтую ласку.

А як у-ва ўсім адзначаецеся — у веры, у мове, у ведзе, у дбайнасьці, а датаго й любасьцю вашаю да нас, — дык трэба вам адзначацца і ў гэтай ласцы, дабрадзейнасьці.
 
А як вы багатыя ўсім: вераю, і словам, і веданьнем, і ўсякай дбайнасьцю, і любоўю вашаю да нас, дык і ў гэтай ласцы мейце шчодра.

Не кажу гэтага загадна, але карыстаючы з дбайнасьці іншых, выпрабоўваю шчырасьць і вашай любасьці.
 
Кажу гэта не як загад, але дбайнасьцю іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.

Бо-ж знаеце ласку Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, што будучы багатым, дзеля вас абяднеў, каб вы разбагацелі ягонай убогасьцю.
 
Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, быўшы багатым, зьбяднеў дзеля вас, каб вы Яго ўбоствам узбагаціліся.

Даю вам на гэта раду, гэта бо карыснае вам, якія ня толькі рабіць, але й намервацца першыя пачалі шчэ зь леташняга году.
 
І я даю ў гэтым параду, бо гэта карысна вам, якія ня толькі рабіць, але і хацець пачалі з леташняга году.

Цяпер-жа сьцьвярдзеце чынам, каб, як із гарачай шчырасьцю намерваліся, так і давяршылі з таго, што маеце.
 
А цяпер зьдзейсьніце справу, каб, як з ахвотаю хацелі, гэтак і зьдзейсьнілі паводле магчымасьці.

Бо калі ёсьць ахвота даць, дык яна прыемная мераю таго, што хто мае — не таго, чаго ня мае.
 
Бо, калі была раней ахвота, яна адпаведная паводле таго, як хто мае, а не паводле таго, як ня мае.

Бо-ж не натое даецца, каб іншым долю аблягчыць, а сабе пагоршыць, але, каб была роўнасьць.
 
Бо не на тое, каб другім была палёгка, а вам прыгнёт, але каб была роўнасьць.

Цяпер ваш збытак хай пакрые іхнюю нястачу, каб таксама іхні збытак мог калісь пакрыць вашую нястачу, каб была роўнасьць;
 
У цяперашні час ваш лішак дзеля іх нястачы, каб і іхні лішак стаўся дзеля вашае нястачы, каб была роўнасьць,

як напісана: «Хто зыбраў многа, ня меў лішніцы, і хто — мала, ня меў нястачы» (Выйсь. 16:18).
 
як напісана: «Хто [сабраў] шмат, ня меў лішку; і хто мала, ня меў нястачы».

богу падзяка, што разбудзіў у сэрцы Тытуса гэткую самую аб вас дбайнасьць;
 
Дзякуй Богу, Які даў у сэрцы Ціта гэткую дбайнасьць адносна вас,

бо і просьбу маю прыняў, але і з уласнае дбайнасьці ахвочае сам пайшоў к вам.
 
бо ён і просьбу прыняў, і з вялікай дбайнасьцю сваёй ахвотай пайшоў да вас.

Зь ім паслалі мы такжа і брата, ў ва ўсіх эклезіях хвалёнага за Эванэлію,
 
А з ім паслалі мы брата, якога хваляць за Эвангельле ў-ва ўсіх цэрквах.

ды й ня толькі тое, але ён выбраны ад эклезіяў нам на спадарожніка у гэтай дабрадзейнай справе, якой мы дабраахвотна служым на хвалу самому Богуспадару і ў адпаведнасьць старанням вашым,
 
І ня толькі гэта, але ён і рукапакладзены ад цэркваў спадарожнік наш з тою ласкаю, якою мы служым на славу Самога Госпада і паводле вашае ахвоты,

высьцярагаючыся, каб нам хто не дакараў із-за таго багацьця ахвяр, здаваных на наш загад;
 
высьцерагаючыся, каб ня ганіў нас хто за гэткае мноства [служэньняў], якімі мы служым,

мы бо дбаем аб добрасьці ня толькі перад Богам, але і перад людзьмі.
 
бо мы дбаем пра добрае ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.

Мы выслалі зь імі такжа і брата нашага, дбаласьць якога шмат у чым выпрабавалі, які цяпер зь вялікага даверу да вас яшчэ болей дбалы.
 
Дык мы паслалі з імі брата нашага, якога дбайнасьць мы часта выпрабоўвалі шмат у чым, які цяпер яшчэ больш дбайны дзеля вялікай пэўнасьці адносна вас.

Што да Тытуса, то гэта — мой таварыш і дапаможны супрацоўнік у вас; ды што да братоў, дык гэта высланнікі эклезіяў — слава Хрыстуса. —
 
Што да Ціта, гэта мой супольнік і ваш супрацоўнік; а што да братоў нашых, яны — пасланцы цэркваў, слава Хрыста.

дайце-ж ім доказ вашае любасьці ды нашае хвальбы вамі — ў вабліччы эклезіяў.
 
Дык перад абліччам цэркваў зьявіце ім доказ любові вашай і пахвалы нашае адносна вас.