2 да Карынфянаў 6 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
Мы-ж, як памагаючыя, даём напамін вам, каб атрымоўваную ласку Божую не ударэмніваць.
І працуючы разам [з Ім], мы просім, каб ласка Божая не надарма была атрыманая вамі.
Кажа бо: ў часе дагодным я выслухаў цябе, а ў дню збаўлення памог табе. Цяпер вось час прыятлівы, цяпер вось дзень збаўлення.
Бо Ён кажа: «У час прыемны Я выслухаў цябе і ў дзень збаўленьня дапамог табе». Вось, цяпер час адпаведны, вось, цяпер дзень збаўленьня!
Нікому ні ў чым не даём згоршання, каб ня была зганена паслуга нашая;
Мы нікому ні ў чым не даем спатыкненьня, каб ня ганілася служэньне,
але у ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасці, у бядзе, у журбе, у прыгнобе;
але ў-ва ўсім адрэкамэндоўваем вам сябе, як служыцеляў Божых, у вялікай цярплівасьці, у прыгнётах, у патрэбах, у ўцісках,
пад сьцёбаннем, у вязьніцах, у закалотах, у працы, у няспанні ды постах;
у зьбіцьці, у вязьніцах, у забурэньнях, у працах, у чуваньнях, у пастах,
у чыстасьці, у дабраведзе ды дабрадушнасьці, ў Сьвятым Духу ды шчырай любасьці;
у чысьціні, у веданьні, у доўгацярплівасьці, у ласкавасьці, у Духу Сьвятым, у любові некрывадушнай,
у слове праўды, у моцы Божай, із зброяй справядлівасьці у правіцы ды левіцы;
у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праведнасьці ў правай і ў левай руцэ,
у чэсьці ды ў ганьбе, у добрай ды благой славе, як зводнікі аднак праўдамоўныя;
у славе і ганьбе, у ганьбаваньні і пахвале; нібы падманшчыкі, але праўдзівыя,
як няведамыя, але добра знаныя, нібы-то ўміраючыя, ды ўсё жывыя; як караныя ды не замораныя;
як невядомыя, але пазнаваныя; як тыя, што паміраюць, але, вось, мы жывыя; як караныя, але не забіваныя;
як сумныя, а заўсёды вясёлыя; як убогія, а многіх узбагачаючыя, нічога ня маючыя ды ўсім валадаючыя.
як засмучаныя, але заўсёды радасныя; як убогія, але многіх узбагачаем; як нічога ня маем, але ўсім валодаем.
Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карынтыйцы, сэрца нашае расшырылася.
Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае пашырылася.
Вам ня цесна у нас, цесната — у сэрцах вашых.
Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна.
Дзеля ўзаемнасьці — гавару як да сыноў — расшырэцеся і вы.
Дзеля гэткае ж платы кажу [вам], як дзецям, пашырцеся і вы.
Не ўпрагайцеся ў ярмо зь нявернымі; якое бо судзейніцтва справядліўства зь беззаконнем? Або што супольнае між сьвятлом і цемраю?
Ня будзьце пад чужым ярмом з бязьвернымі, бо якое таварыства праведнасьці і беззаконьня? Якая супольнасьць у сьвятла з цемраю?
Ці што за хаўрус Хрыстуса з Бэліялем, а — вернага зь няверным?
А якая згода ў Хрыста з Бэліярам? Ці якая частка ў вернага з бязьверным?
І што за ўзаеміны Божай эклезіі з балванамі? Мы-ж сьвятыня Бога Жывога, як сам Бог сказаў: «Пасялюся ў іх і хадзіціму сярод іх ды буду Богам іхнім, а яны Мне будуць народам. (Лев. 25:16)»
Ці якая лучнасьць у бажніцы Божай з ідаламі? Бо вы — бажніца Бога Жывога, як сказаў Бог: «Буду жыць у іх і буду хадзіць з імі; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам».
Таму выйдзьце з-паміж іх і адлучэцеся — кажа Госпад — і не дакранайцеся нячыстага нічога, а Я прыму вас;
Дзеля гэтага: «Выйдзіце спасярод іх і аддзяліцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыйму вас».
ды Айцом буду вам, а вы будзеце Мне сынамі й дочкамі — кажа Усёмагутны Госпад.
«І Я буду вам Айцом, і вы будзеце Мне сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Усеўладны».