2 да Карынфянаў 5 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Мы бо ведаем, што як дом, хаціна, гэтага зямнога жыльля нашага разваліцца, дык маем ад Бога жыльлё ў небе, дом ня рукамі будаваны, вечны, ў небе.
 
Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зруйнуецца, мы маем пабудову ад Бога, дом, які не рукамі зроблены, вечны ў небе.

Ад гэтага-ж мы і ўздыхаем, прагнучы атуліцца памешканнем нашым нябесным;
 
Бо дзеля гэтага мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашае жытло з неба,

толькіб нам і атуліўшыся, не знайсьціся нагімі.
 
каб мы знайшлі сябе апранутымі, а ня голымі.

Пакуль знайходзімся ў гэтым утуллі, дык тужым гаруем, бо ня хочам растуляцца, але новым атуляцца, каб сьмяротнае жыцьцём было ухлынена.
 
Бо мы, знаходзячыся ў хаціне, уздыхаем пад цяжарам, бо ня хочам пазбыцца [яе], але апрануцца, каб сьмяротнае ахоплена было жыцьцём.

На гэтаж і стварыў нас Бог ды даў нам задатак Духа.
 
На гэта самае і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.

Заўсёды восьжа мы поўныя надзеі, ведаючы, што прабываючы ў целе, мы жывём по-за Богам —
 
Дык мы заўсёды маем пэўнасьць і ведаем, што, жывучы ў целе, жывем па-за Госпадам.

бо ходзім у веры, а не ў бачанні, —
 
Бо мы ходзім вераю, а ня бачаньнем.

надзеемся тады і маем добрую волю лепш выйсьці з бадзяння ў целе і асяліцца у Госпада.
 
Дык мы маем пэўнасьць і жадаем лепей жыць па-за целам і жыць у Госпадзе.

Дзеля гэтага стараемся рупна, ці жывучы зь Ім, ці по-за Ім, быць Яму мілымі;
 
Дзеля гэтага мы намагаемся, ці жывучы ў Ім, ці па-за Ім, быць даспадобы Яму.

усе бо мы мусім зьявіцца на суд Хрыстуса, каб кажны атрымаў тое, на што заслужыў у целе: добрае, ці благое.
 
Бо ўсе мы мусім зьявіцца перад судовы пасад Хрыста, каб кожны атрымаў за тое, што ён учыніў, будучы ў целе, ці добрае, ці благое.

Ведаючы тады, што такое боязь Госпада, стараемся праканаць людзей, а прад Богам у нас усё ёсьць яўнае; і спадзяюся, што няма нічога тайнага ў нас і для вашых сумленняў.
 
Дык, ведаючы страх Госпадавы, мы пераконваем людзей, а для Бога мы яўныя, і спадзяюся, што і для вашых сумленьняў яўныя.

Не каб мы зноў сябе самых вам выстаўлялі, але даём спосаб хваліцца намі, каб вы маглі проціставіцца тым, што выхваляюцца вонкавасьцю, а ня сэрцам.
 
Бо мы не адрэкамэндоўваем сябе вам зноў, але даем вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы [адказ] для тых, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.

Бо ці мы з сябе выходзім, дык для Бога, ці мы скромныя, дык для вас.
 
Бо калі мы дзівачэем, дык дзеля Бога; калі пры розуме, дык дзеля вас.

Любасьць бо Хрыстуса даймае нас, мяркуючых сабе: калі адзін умёр за ўсіх, тады ўсе ўмярлі;
 
Бо любоў Хрыстова панукае нас, якія гэтак пастанавілі, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.

Ён жа умёр за ўсіх, каб жывыя ўжо не для сябе жылі, але для умёршага за іх ды згробуўсталага.
 
І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, якія жывуць, больш не дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Які памёр за іх і ўваскрос.

Таму вось адцяпер мы не знаем ужо нікога водле цела, а калі зналі Хрыстуса паводле цела, то цяпер ужо гэткім Яго не знаем.
 
Так што мы адгэтуль нікога ня ведаем паводле цела; а калі і ведалі Хрыста паводле цела, дык цяпер ужо ня ведаем.

Дык хто у Хрыстусе, той новае стварэнне; старое мінула, настала вось усё новае.
 
Так што хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася ўсё новае.

А ўсё ад Бога, які праз Хрыстуса пагадзіў нас із Сабою і даў нам службу пагаднення;
 
Усё ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня.

бог бо ў Хрыстусе зьмірыў сьвет із Сабою, ня лічачыся з праступкамі іх (людзей), і ўзлажыў на нас слова пагаднення.
 
Бо Бог быў у Хрысьце, пагаджаючы з Сабою сьвет, не залічваючы ім праступкаў іхніх, і ўклаў у нас слова прымірэньня.

Мы тады за Хрыстуса пасланства выконываем, якбы сам Бог праз нас напамін даваў; у імя Хрыстуса заклінаем вас — пагадзецеся з Богам.
 
Дык мы спаўняем пасольства замест Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: «Пагадзіцеся з Богам».

Таог бо, Каторы ня знаў граху, Ён зрабіў для нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім сталіся справядліўцамі перад Богам.
 
Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцю Божай.