Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Карыньцянам 11 2 Карыньцянам 11 разьдзел

1 О, каб вы крыху пацярпелі маю неразумнасьць! Але вы і церпіце мяне!
2 Бо я руплюся пра вас руплівасьцю Божай, бо я заручыў вас з адным Мужам, каб паставіць побач з Хрыстом чыстую дзеву.
3 Але баюся, каб, як зьмей зьвёў Еву подступам сваім, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся, [адыйшоўшы] ад шчырасьці, якая ў Хрысьце.
4 Бо калі хто, прыйшоўшы, будзе абвяшчаць іншага Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі вы атрымаеце іншага духа, якога ня атрымоўвалі, ці іншае Эвангельле, якога не прыймалі, дык вы будзеце вельмі цярплівымі.
5 Але я лічу, што я ні ў чым ня горшы ад найпаважнейшых апосталаў,
6 бо, хоць я просты ў слове, але ня ў веданьні, бо мы ў-ва ўсім выявілі гэта сярод вас.
7 Ці ўчыніў я грэх, што паніжаў сябе, каб узвысіць вас, бо задарма дабравесьціў вам Эвангельле Божае?
8 У другіх цэркваў я браў, атрымліваючы плату дзеля служэньня вам, і, прысутны ў вас і маючы нястачу, нікога не абцяжарваў,
9 бо нястачу маю дапоўнілі браты, якія прыйшлі з Македоніі; і ў-ва ўсім я пільнаваўся і буду пільнавацца, каб ня быць вам цяжарам.
10 Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне, што пахвала гэтая ня будзе забраная ў мяне ў краях Ахаі.
11 Дзеля чаго? Ці што не люблю вас? Бог ведае!
12 Але гэта раблю і буду рабіць, каб адсекчы нагоду тым, якія хочуць [мець] нагоду, каб у тым, чым яны хваляцца, былі знойдзены такімі, як і мы.
13 Бо гэтакія фальшывыя апосталы, падступныя работнікі, якія робяць выгляд апосталаў Хрыстовых.
14 І ня дзіва, бо і сам шатан робіць выгляд анёла сьвятла.
15 Дык не вялікая рэч, калі і служыцелі ягоныя робяць выгляд служыцеляў праведнасьці; канец іхні будзе паводле ўчынкаў іхніх.
16 Ізноў кажу: няхай ніхто ня лічыць мяне неразумным, а калі не, дык прыйміце мяне хоць як неразумнага, каб і мне крыху нечым пахваліцца.
17 Што кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як у неразумнасьці, у гэткай пэўнасьці пахвальбы.
18 Калі многія хваляцца паводле цела, і я буду хваліцца.
19 Бо вы [людзі] мудрыя, ахвотна церпіце неразумных.
20 Бо вы церпіце, калі хто вас зьневаляе, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вывышаецца, калі хто б’е вас па абліччы.
21 На сорам кажу, што мы быццам саслабелі. А калі хто адважваецца ў чым, кажу ў неразумнасьці, адважваюся і я.
22 Яны Гебраі? І я. Яны Ізраільцяне? І я. Яны — насеньне Абрагама? І я.
23 Яны — служыцелі Хрыста? Здурэўшы кажу: я больш! Шмат больш у працы, бязьмерна ў ранах, шмат больш у вязьніцах, часта пры сьмерці.
24 Ад Юдэяў пяць разоў атрымаў сорак [удараў] без аднаго;
25 тройчы білі мяне кіямі, аднойчы каменавалі; тройчы разьбіваўся карабель, ноч і дзень быў я ў глыбіні.
26 Часта ў падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад свайго народу, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках між фальшывымі братамі,
27 у працы і ў стоме, часта ў чуваньнях, у голадзе і смазе, часта ў пастах, у сьцюжы і галізьне.
28 Акрамя выключных [здарэньняў], у мяне штодня зграмаджэньне, турбота пра ўсе цэрквы.
29 Хто зьнемагае, і я не зьнемагаю? Хто горшыцца, і я не палаю?
30 Калі мушу хваліцца, буду хваліцца маёй слабасьцю.
31 Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраслаўлёны на вякі, ведае, што я не хлушу.
32 У Дамаску намесьнік валадара Арэты ахоўваў горад Дамаск, хочучы схапіць мяне;
33 і я ў кашы быў спушчаны з вакна праз мур, і ўцёк ад рук ягоных.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое пасланьне да Карыньцянаў Апостала Паўла, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023