2 да Карынфянаў 8 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Паведамляем вам, браты, пра Багадаць Бога дадзеную ў цэрквах Македоніі,
Паведамляем вам, браты, пра ласку Божую, дадзеную Касцёлам Македоніі.
таму што ў моцным выпрабаваньні горам у іх збытак радасьці; і глыбокая галеча іхная збыткуе багацьцем шчодрасьці іхнай,
Бо ў цяжкім выпрабаванні ўціскам іх вялікая радасць і глыбокае ўбоства выліліся ў шчодрае багацце іхняй велікадушнасці.
таму што па сіле, (а) я сьведчу, і звыш сілы яны добраахвотны (у ахвяраваньні),
Сведчу, што яны паводле сваіх сілаў і па-над сілы былі добраахвотнымі
і яны вельмі настойліва прасілі нас прыняць іхную шчодрасьць і ўдзел у служэньні для сьвятых;
і вельмі настойліва прасілі ў нас ласкі саўдзельнічаць у служэнні дзеля святых.
і ня (толькі) так, як мы спадзяваліся, але саміх сябе яны адда́лі, перш Госпаду, (а потым) і нам па волі Бога,
І зрабілі не толькі тое, на што мы спадзяваліся, але з волі Божай саміх сябе найперш даручылі Пану, а затым нам.
так што мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і скончыў у вас і гэтую дабрачыннасьць.
Дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і завяршыў у вас і гэтую добрую справу.
Але, як вы збыткуеце ва ўсім: у веры і слове, і ў ве́даньні, і ва ўсякай дбаласьці, і ў вашай любові да нас, так што і ў гэтай дабрачыннасьці збыткуйце.
Але паколькі вы перапоўненыя ўсім: вераю, словам, пазнаннем, усялякай стараннасцю і вашай любоўю да нас, то будзьце перапоўненыя гэтай ласкай.
Кажу (ж гэта) ня як загад, але дбаласьцю другіх выпрабоўваючы шчырасьць і вашай любові.
Не кажу гэта як загад, але праз руплівасць іншых выпрабоўваю шчырасць вашай любові.
Бо ведаеце Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багатым, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся празь Яго зьбядненьне.
Бо вы ведаеце ласку Пана нашага Езуса Хрыста, што Ён, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам.
І я даю ў гэтым параду: бо гэта вам карысна, (тым), якія ня толькі (пача́лі) рабіць, але і раней жадалі гэта зрабіць, яшчэ зь леташняга году.
Я выказваю сваё меркаванне, што гэта карысна для ўсіх вас, якія з мінулага года першымі пачалі не толькі рабіць гэта, але і хацець гэтага.
А цяпер і гэту справу завяршыце, каб тое, чаго прагна жадаеце, так і выканаць, з таго, што маеце.
А цяпер давядзіце справу да канца, каб ахвочая гатоўнасць здзейснілася па меры вашых сродкаў.
Бо калі хто мае руплівасьць (ахвяраваць), то прыймальнай (зьяўляецца) ахвяра маёмнага, а ня нямаёмнага.
Бо калі ёсць гатоўнасць, яна ацэньваецца паводле таго, што нехта мае, а не паводле таго, чаго не мае.
Бо (гэта) ня для (таго), каб іншым (была) палёгка, а вам цяжар, але для роўнасьці. У цяперашні час ваша лíшніца (служыць) для (папаўненьня) іхняй нястачы.
Не пра тое гаворка, каб вы рабілі палёгку іншым, а сябе пакідалі ва ўціску, але каб была роўнасць.
Так каб і іхны збытак стаўся ў (папаўненьне) вашай нястачы, каб была роўнасьць,
Цяпер ваш дастатак дапаможа іх нястачы, каб іхні дастатак дапамог таксама вашай нястачы, каб была роўнасць,
як напісана: «хто (сабраў) многа, ня меў лішніцы; і хто (сабраў) мала, ня меў нястачы».
як напісана: «Хто сабраў шмат, не меў лішку; і хто — мала, не меў нястачы».
І дзякаваць Богу, Які ўклаў у сэрца Цітава такую руплівасьць пра вас.
Дзякую Богу, які напоўніў сэрца Ціта такім клопатам пра вас,
Таму што ён прыняў (маю) просьбу, але будучы вельмі руплівым (пра вас), ён пайшоў да вас добраахвотна.
бо ён прыняў запрашэнне і ў сваёй вялікай руплівасці, паводле свайго жадання, пайшоў да вас.
Паслалі мы зь ім і брата, якога хваляць ва ўсіх цэрквах за дабравешчаньне,
Разам з ім мы паслалі брата, якога хваляць усе Касцёлы за абвяшчэнне Евангелля.
ды ня толькі (гэта), але і тое, што ён ёсьць яшчэ і выбранец цэркваў у спадарожнікі нам, для выкана́ньня гэтай дабрадзейнасьці, якой мы служым для славы Самога Госпада згодна руплівасьці вашай,
І не толькі гэта, але ён выбраны таксама праз ускладанне рук Касцёламі, каб спадарожнічаць нам у той ласцы, якой мы ахвотна служым на славу самога Пана,
высьцерагаючыся таго, каб хто ня папракнуў нас пры такім багацьці прынашэньняў праз нашае служэньне,
асцерагаючыся, каб не дакараў нас хто за такое мноства дароў, якія мы атрымалі праз сваё служэнне.
бо мы прадугледжваем вартае пахвалы ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
Бо мы клапоцімся аб добрым не толькі перад Панам, але і перад людзьмі.
Паслалі мы зь імі і брата нашага, руплівасьць якога мы выпрабавалі ў многім шматкротна, які цяпер яшчэ больш руплівы з-за вялікай упэўненасьці ў вас.
Мы паслалі з імі брата нашага, адданасць якога мы шмат у чым выпрабавалі. Цяпер жа яго адданасць яшчэ большая, бо мае на вас вялікую надзею.
Калі адносна Ціта, дык ён — мой супольнік, а для вас — супрацоўнік; што тычыць братоў нашых — (гэта) пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.
Што да Ціта, то гэта мой сябра і супрацоўнік дзеля вас. А што да братоў нашых, то яны пасланцы Касцёлаў, слава Хрыста.
Дык вось, доказ любві вашай і (справядлівасьць) нашай пахвалы аб вас зьявіце перад імі і перад абліччам цэркваў.
Таму пакажыце ім вашую любоў і слушнасць нашага гонару за вас перад Касцёламі.