2 да Карынфянаў 4 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Таму маючы гэткае служэньне, як памілаваныя, (мы) ня маркоцімся;
 
Таму, маючы з міласэрнасці Божай такое служэнне, мы не губляем адвагі.

але адкінуўшы тайныя ганебныя (учынкі), ня хітруючы і ня скажаючы Слова Бога, але выяўленьнем праўды прадстаўляем сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
 
Наадварот, мы адракліся ад сарамлівых скрытых спраў, мы не паводзім сябе падступна і не скажаем Божага слова, але праз выяўленне праўды даручаем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.

Калі ж і скрытае Эвангельле нашае, то скрытае ад тых, хто гíне,
 
Калі ж і закрыта нашае Евангелле, то закрыта для тых, хто гіне, для няверуючых,

у няверучых, у якіх бог веку гэтага засьляпіў розумы, каб ім ня зазьзяла сьвятло Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць Абраз Бога.
 
якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім не ззяла святло Евангелля славы Хрыста, які ёсць вобразам Бога.

Таму што мы ня сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса Госпада; мы ж — рабы вашыя дзеля Ісуса,
 
Бо мы не сябе абвяшчаем, але Езуса Хрыста, Пана, а саміх сябе — як слугаў вашых дзеля Езуса.

таму што Бог, Які сказаў зь цемры зазьзяць сьвятлу, Ён зазьзяў у нашых сэрцах дзеля прасьвятленьня (нас) пазна́ньнем славы Бога ў Асобе Ісуса Хрыста.
 
Таму што Бог, які загадаў: «Няхай з цемры заззяе святло», засвяціў у нашых сэрцах, каб даць святло пазнання Божай славы ў абліччы Езуса Хрыста.

Маем жа (мы) скарб гэты ў гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была (бачна) у Бога, а ня ў нас:
 
Мы маем скарб у гліняных начыннях, каб веліч моцы была Божая, а не паходзіла ад нас.

ва ўсім прыгнятаемых, але ня задушаных; у цяжкіх абставінах, але ня ўпаўшых у роспач;
 
Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы.

перасьледуемых, але ня пакінутых; пава́леных, але ня забітых;
 
Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем.

(што) заўсёды ў целе носім мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса ў целе нашым было зьяўлена.
 
Заўсёды носім у целе кананне Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў целе нашым.

Бо мы жывыя заўсёды аддаваны на сьмерць дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса было зьяўлена ў сьмяротным целе нашым,
 
Бо мы, якія жывём, няспынна ідзём на смерць дзеля Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе.

так што сьмерць дзейнічае ў нас, а жыцьцё — у вас.
 
Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.

Маючы той жа дух веры, як напíсана: «паверыў я, таму і сказаў»; і мы верым, таму і гаворым,
 
Маючы той самы дух веры, як напісана: «Я паверыў, таму прамовіў», і мы верым, таму і кажам,

ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, і нас уваскрэсіць цераз Ісуса і паставіць перад (Сабой) разам з вамі.
 
ведаючы, што той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою разам з вамі.

Таму што ўсё дзеля вас, каб шчодрасьць Багадаці тым большую выклікала ў многіх удзячнасьць у славу Бога.
 
Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы.

Таму (мы) ня маркоцімся; але, калі нават вонкавы наш чалавек тлее, дык унутраны абнаўляецца з дня на дзень.
 
Таму мы не губляем адвагі, бо, хоць знешні наш чалавек тлее, духоўны з дня ў дзень аднаўляецца.

Таму што кароткачасовае лёгкае гора нашае творыць у нас звыш усякай меры вечную поўнасьць славы,
 
Нашае часовае лёгкае цярпенне дае нам бязмернае багацце вечнай славы.

у нас, што глядзім ня на бачнае, але на нябачнае, таму што бачнае часовае, а нябачнае — вечнае.
 
Мы не ўзіраемся ў бачнае, але ў нябачнае, таму што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае.