1 Пятра 1 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Пётра, Апостал Ісуса Хрыста, перасяленцам, расцярушаным у Понце, у Галатыі, у Кападоцыі, у Азіі і ў Бітыніі, выбраным
 
Пётр, апостал Езуса Хрыста, прыхадням дыяспары Понта, Галатыі, Кападоцыі, Азіі і Бітыніі, выбраным

наканаваннем Бога Айца пры асвячэнні Духам, дзеля паслухмянасці і пакраплення Крывёй Ісуса Хрыста: хай ласка і супакой будуць вам шчодра памножаны.
 
паводле прадбачання Бога Айца і асвячаныму Духу дзеля паслухмянасці і акраплення крывёю Езуса Хрыста. Няхай памножыцца ў вас ласка і спакой.

Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які ў вялікай міласэрнасці Сваёй праз уваскрэсенне з памерлых Ісуса Хрыста адрадзіў нас да жывой надзеі,
 
Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста,

да спадчыны незнішчальнай, і беззаганнай, і неўвядальнай, што захавана на нябёсах для вас,
 
да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас,

якія магутнасцю Божай праз веру захоўваецеся дзеля збаўлення, прыгатаванага аб’явіцца ў апошні час.
 
умацаваных сілаю Божай праз веру дзеля збаўлення, гатовага аб’явіцца ў апошні час.

З гэтага радуйцеся, хоць цяпер мусіце пасмуткаваць крыху дзеля шматлікіх выпрабаванняў,
 
Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў,

каб выпрабаваная ваша вера выявілася шмат даражэйшай за золата — яно, хоць і выпрабавана ў агні, ды ідзе на загубу, — на славу, пахвалу і гонар пры з’яўленні Ісуса Хрыста.
 
каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу, і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста.

Яго, хоць не бачылі, вы любіце і хоць цяпер не бачыце Яго, але верыце і цешыцеся радасцю невымоўнаю і найслаўнейшаю,
 
Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю,

дасягаючы праз веру вашу збаўлення душ.
 
дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ.

Гэтага збаўлення шукалі і выглядалі прарокі, якія прадказвалі будучую для вас ласку,
 
Гэтага збаўлення шукалі і дапытваліся прарокі, якія прадказвалі прызначаную вам ласку.

даследуючы, калі і на якую пару паказваў Дух Хрыстоў, Які ў іх прабываў і Які прадказваў пакуты Хрыста і пазнейшую славу.
 
Яны даследавалі, на калі і на які час указваў Дух Хрыста, які быў у іх і прадказваў цярпенні Хрыста і славу пасля гэтага.

Ім было адкрыта, што не ім самім, а вам служыла абвешчанае праз іх, якія абвяшчалі вам Евангелле праз Духа Святога, спасланага з неба, у што заглянуць прагнуць і анёлы.
 
Для іх было адкрыта, што не ім, а вам служыла тое, што цяпер абвешчана тымі, хто прапаведаваў Евангелле ў спасланым з неба Духу Святым, у што хочуць зазірнуць нават анёлы.

Для гэтага, падперазаўшы сцёгны вашага розуму, чуваючы, майце моцную надзею на ласку, прызначаную вам у аб’яўленні Ісуса Хрыста.
 
Таму, падперазаўшы сцёгны розуму вашага, чувайце і моцна спадзявайцеся на ласку, якая будзе прынесена вам у аб’яўленні Езуса Хрыста.

Як паслухмяныя дзеці, не кіруйцеся вашымі ранейшымі жаданнямі, калі вы былі яшчэ несвядомымі,
 
Як паслухмяныя дзеці, не дастасоўвайцеся да пажадлівасцяў, якія вы мелі раней, у час вашага няведання,

але ва ўсіх паводзінах будзьце таксама святымі на ўзор Святога, Які вас паклікаў,
 
але на ўзор Святога, які паклікаў вас, самі станьце святымі ва ўсіх паводзінах вашых.

бо напісана: «Будзьце святымі, бо Я — Святы».
 
Бо напісана: «Будзьце святымі, таму што Я святы».

І калі Айцом завеце Таго, Хто без аглядкі на асобы судзіць кожнага паводле яго ўчынкаў, дык у страху праводзьце час пражывання вашага,
 
Калі вы называеце Айцом таго, хто непрадузята судзіць кожнага паводле ягоных учынкаў, то са страхам праводзьце час вашага зямнога вандравання,

ведаючы, што адкуплены вы ад марнага жыцця вашага, перададзенага вам бацькамі, не знішчаемым срэбрам або золатам,
 
ведаючы, што не тленным серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцця, дадзенага вам айцамі,

але найкаштоўнейшай Крывёй Хрыста, як Ягняці без заганы і без спракуды,
 
але каштоўнаю крывёю Хрыста як беззаганнага і чыстага Баранка.

Які быў прызначаны перад стварэннем свету, але аб’явіўся ў апошнія часы дзеля вас,
 
Ён быў прызначаны яшчэ да стварэння свету, але з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас,

якія праз Яго ўверылі ў Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вера ваша і надзея былі скіраваны да Бога.
 
што паверылі праз Яго ў Бога, які ўваскрасіў Яго і адарыў хвалою, каб вы мелі веру і надзею на Бога.

Ачысціўшы душы вашы паслухмянасцю праўдзе праз Духа дзеля здабыцця шчырай братняй любові, ад чыстага сэрца любіце адзін аднаго,
 
Ачысціўшы паслухмянасцю праўдзе душы вашыя для некрывадушнай братняй любові, чыстым сэрцам шчыра любіце адзін аднаго,

як адроджаныя не са знішчальнага семя, але з незнішчальнага праз слова Бога жывога, якое трывае, на векі,
 
бо вы народжаны зноў не з тленнага насення, але з нятленнага, праз Божае слова, якое жыве і трывае.

бо кожнае цела — як трава, і ўсякая слава яго — як кветка травы. Засохла трава — і кветка апала.
 
Таму што ўсякае цела — быццам трава, а ўся слава яго — быццам цвет травы: трава завяла — і апаўцвет.

Але слова Госпада трывае вечна. Гэта вось слова прынесена вам як добрая вестка.
 
А слова Пана трывае навекі. І гэтым словам ёсць Добрая Навіна, абвешчаная вам.