1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
 
Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце: ласка вам і спакой.

Дзякуем Богу заўсёды за вас усіх, успамінаючы пра вас безупынна ў малітвах нашых,
 
За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, згадваючы вас у нашых малітвах,

памятаючы дзейнасць веры вашай, працу любові і трываласць надзеі ў Госпадзе нашым Ісусе Хрысце перад Богам і Айцом нашым,
 
няспынна памятаючы пра вашую справу веры і працу любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,

ведаючы, улюбёныя Богам браты, выбранне ваша,
 
ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае.

бо дабравешчанне наша не было да вас толькі ў словах, але ў сіле і ў Духу Святым ды ў шматлікіх сведчаннях, бо ж самі ведаеце, якімі мы былі ў вас для вас.
 
Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Духу Святым, і з вялікім перакананнем. Вы ведаеце, якімі мы былі для вас, будучы з вамі.

І вы сталіся паслядоўнікамі нашымі і Госпада, прыняўшы слова ў горы вялікім з радасцю Духа Святога,
 
Вы пачалі наследаваць нас і Пана, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Духа Святога,

і так вы сталіся ўзорам усім верным у Мацэдоніі і Ахаі.
 
так што сталіся вы ўзорам для ўсіх веруючых у Македоніі і Ахаі.

Бо ад вас разышлося слова Божае не толькі ў Мацэдоніі і Ахаі, але ва ўсякае месца дайшла вера ваша ў Бога, так што нам няма патрэбы гаварыць пра гэта.
 
Дзякуючы вам прагучала слова Пана не толькі ў Македоніі і Ахаі, але і ў кожным месцы распаўсюджвалася вашая вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць.

Бо самі людзі абвяшчаюць пра нас, якое прыняцце мелі мы ў вас ды як вы навярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць Богу жывому і праўдзіваму
 
Яны самі пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу

і чакаць Сына Яго з неба, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу.
 
і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў, — Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.