1 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Самі ж ведаеце, браты, прыбыццё наша да вас што не бясплодным было,
Вы ж самі ведаеце, браты, што наш прыход да вас не быў дарэмны.
але раней нацярпеўшыся гора, як ведаеце, і зняваг у Піліпах, надзею сваю мелі мы ў Богу нашым, прапаведуючы вам Евангелле Божае ў вялікай барацьбе.
Хоць раней у Філіпах, як ведаеце, мы зазналі цярпенні і знявагі, аднак адважыліся ў Богу нашым абвяшчаць вам Евангелле Божае ў вялікім змаганні.
Бо навучанне наша не з памылкі, ані з нячыстасці, ані з якога подступу,
Бо навучанне нашае не з памылкі, нячыстасці ці падману,
але як выпрабаваны былі мы Богам, каб даверыць нам Евангелле, так і гаворым, не каб людзям падабацца, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашы.
але як выпрабаваныя Богам дзеля даручэння нам Евангелля, мы абвяшчаем так, каб дагадзіць не людзям, але Богу, які выпрабоўвае нашыя сэрцы.
Бо ніколі, як ведаеце, не былі мы ў слове ліслівымі, ані пры ніякай нагодзе хцівымі, Бог сведка,
Бо, як ведаеце, мы ніколі не былі ні ліслівымі ў словах, ні карыслівымі, Бог сведка.
не шукалі таксама ў людзей славы, ані ў вас, ані ў іншых,
Мы не шукалі славы ні ў людзей, ні ў вас, ні ў іншых.
хоць маглі быць у паважанні як Апосталы Хрыстовы, але сталіся мы ціхімі між вамі і, як карміцелька песціць дзяцей сваіх,
Як Апосталы Хрыста мы маглі б быць цяжарам для вас, але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі,
так і мы, спагадныя да вас, хацелі шчыра перадаць вам не толькі Евангелле Божае, але і душы нашы, бо сталіся вы нам улюбёнымі.
так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі.
Бо вы памятаеце, браты, працу нашу і стому; ноччу і днём робячы, каб каго з вас не абцяжарыць, абвяшчалі мы вам Евангелле Божае.
Вы памятаеце, браты, працу і намаганні нашыя, калі, працуючы ўначы і ўдзень, каб не абцяжарваць нікога з вас, мы абвяшчалі вам Евангелле Божае.
Сведкі вы і Бог, як свята, справядліва і без наракання абыходзіліся мы з вамі, якія ўверылі.
Вы сведкі і Бог, як свята, справядліва і беззаганна мы паводзілі сябе ў дачыненні да вас, веруючых.
Самі ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх,
Вы ж ведаеце, што кожнага з вас, як бацька сваіх дзяцей,
просячы і пацяшаючы, пераконвалі жыць дастойна Бога, Які паклікаў вас да Валадарства Свайго і славы.
мы заахвочвалі, падбадзёрвалі і пераконвалі паступаць годна Бога, які кліча вас да свайго валадарства і славы.
Таму і мы бесперапынна дзякуем Богу, бо, калі вы прынялі слова Божае, пачутае ад нас, успрынялі яго не як слова чалавечае, але як сапраўды яно ёсць, як слова Божае, якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
Таму мы таксама няспынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы ад нас пачутае Божае слова, прынялі яго не як чалавечае слова, але, што ёсць на самай справе, як Божае слова, якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
Бо сталіся вы, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысце Ісусе, бо і вы нацярпеліся гэтак сама ад землякоў вашых, як і яны ад юдэяў,
Браты, вы сталі пераймальнікамі Касцёлаў Божых у Юдэі ў Езусе Хрысце, бо і вы нацярпеліся ад землякоў вашых, як і яны ад юдэяў,
якія забілі і Госпада Ісуса, і прарокаў, і нас пераследавалі, і Богу не падабаюцца, бо ўсім людзям супрацівяцца,
якія і Пана Езуса забілі, і прарокаў, і нас пераследавалі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям працівяцца.
забараняюць нам гаварыць да паганаў, каб тыя былі збаўлены; і гэтак увесь час дапаўняюць мерку грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.
Якія забараняюць нам прамаўляць да язычнікаў, каб тыя не былі збаўлены. І так увесь час дапаўняюць меру грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.
Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, а не сэрцам, тым мацней спяшаемся пабачыць вас з аблічча ў вялікім прагненні.
Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час фізічна, а не сэрцам, вельмі моцна жадаем пабачыцца з вамі.
Пагэтаму хацелі мы пайсці да вас, асабліва я, Паўла, і раз, і другі, але перашкодзіў нам шатан.
Таму неаднойчы хацелі пайсці да вас, асабліва я, Павел, але перашкодзіў нам сатана.
Што ж можа быць нашаю надзеяй, або радасцю, або вянком славы — ці ж не вы перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыход Яго?
Бо хто наша надзея, або радасць, або вянок хвалы? Ці ж не вы перад Панам нашым Езусам у час прыйсця Ягонага?
Бо вы — наша слава і радасць.
Вы — нашая хвала і радасць.