Мацьвея 1 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама.
Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.
Абрагам быў бацькам Ізаака, а Ізаак быў бацькам Якуба, а Якуб быў бацькам Юды і братоў яго.
Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і ягоных братоў;
А Юда быў бацькам Пэрэса і Зары ад Тамар, а Пэрэс быў бацькам Эсрома, а Эсром быў бацькам Арама.
Юда нарадзіў Фарэса і Зару ад Тамар. Фарэс нарадзіў Эзрома; Эзром нарадзіў Арама,
А Арам быў бацькам Амінадаба, а Амінадаб быў бацькам Наасона, а Наасон быў бацькам Салмона.
Арам нарадзіў Амінадаба; Амінадаб нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона;
А Салмон быў бацькам Баоза ад Рахаб, а Баоз быў бацькам Абэда ад Рут, а Абэд быў бацькам Ясэя,
Сальмон нарадзіў Бааза ад Рахаб; Бааз нарадзіў Абэда ад Рут; Абэд нарадзіў Есэя,
а Ясэй быў бацькам Давіда цара, а Давід цар быў бацькам Саламона ад тае, што была Урыявай.
а Есэй нарадзіў караля Давіда. Давід нарадзіў Саламона ад жонкі Урыі;
А Саламон быў бацькам Рабаама, а Рабаам быў бацькам Абіі, а Абія быў бацькам Асы.
Саламон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абія; Абій нарадзіў Асу;
А Аса быў бацькам Язафата, а Язафат быў бацькам Ярама, а Ярам быў бацькам Озіі.
Аса нарадзіў Язафата; Язафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Осію;
А Озія быў бацькам Ёатама, а Ёатам быў бацькам Ахаза, а Ахаз быў бацькам Эзэкіі.
Осія нарадзіў Яатама; Яатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэхію;
А Эзэкія быў бацькам Манасы, а Манаса быў бацькам Амона, а Амон быў бацькам Осіі.
Эзэхія нарадзіў Манасэса; Манасэс нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію;
А Осія быў бацькам Яхоніі і братоў яго ў час перасялення ў Бабілон.
Ёсія нарадзіў Ехонію і ягоных братоў падчас бабілёнскага перасялення.
А па перасяленні ў Бабілон Яхонія быў бацькам Салатыэля, а Салатыэль быў бацькам Зарабабэля.
А пасля бабілёнскага перасялення Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зарабабэля;
А Зарабабэль быў бацькам Абіюда, а Абіюд быў бацькам Эліякіма, а Эліякім быў бацькам Азора.
Зарабабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліяхіма; Эліяхім нарадзіў Азора;
А Азор быў бацькам Садока, а Садок быў бацькам Ахіма, а Ахім быў бацькам Эліюда.
Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда;
А Эліюд быў бацькам Элеязэра, а Элеязэр быў бацькам Матана, а Матан быў бацькам Якуба.
Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Матана; Матан нарадзіў Якуба;
А Якуб быў бацькам Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, што завецца Хрыстос.
Якуб нарадзіў Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.
Такім чынам, ад Абрагама да Давіда ўсіх пакаленняў было чатырнаццаць; і ад Давіда да перасялення ў Бабілон — чатырнаццаць пакаленняў; і ад перасялення ў Бабілон да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.
А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да бабілёнскага перасялення — чатырнаццаць, і ад бабілёнскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.
Нараджэнне ж Ісуса Хрыста было такім: калі Маці Яго Марыя была заручана з Язэпам, перш чым яны злучыліся, выявілася, што Яна мае ва ўлонні ад Духа Святога.
Нараджэнне Езуса Хрыста было такім. Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога.
Язэп жа, Яе муж, паколькі быў справядлівы і не хацеў Яе зняславіць, надумаўся тайком Яе адпусціць.
Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.
А калі ён пра гэта думаў, вось, Анёл Госпадаў паказаўся яму ўва сне, кажучы: «Язэп, сын Давідаў, не бойся прыняць Марыю, сужонку тваю. Бо што ў Ёй пачалося, пачалося з Духа Святога.
Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога.
Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іх».
Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».
А ўсё гэта сталася, каб збылося тое, што сказана было Госпадам праз прарока, які казаў:
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа:
«Вось жа Дзева панясе ва ўлонні і народзіць Сына, і назавуць імя Яго Імануэль, што значыць Бог з намі».
«Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”».
Затым Язэп, узняўшыся ад сну, зрабіў так, як яму загадаў Анёл Госпадаў, і прыняў сваю сужонку.
Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю,
І не спазнаваў Яе, аж пакуль Яна нарадзіла Сына Свайго Першароднага, і назваў Яго імем Ісус.
і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус.