Мацьвея 20 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Затым падобна Валадарства Нябеснае да чалавека, гаспадара дома, які выйшаў на досвітку наймаць работнікаў у вінаграднік свой.
Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік.
Учыніўшы з работнікамі пагаджэнне па дынару за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік.
Дамовіўшыся з работнікамі па дынары за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік.
І, выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, што стаялі на рынку без работы,
Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы,
і сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік, і, што будзе справядліва, дам вам”.
сказаў ім: “Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам”.
І яны пайшлі. Ды зноў выйшаў каля шостай і каля дзявятай гадзіны і зрабіў падобнае.
Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.
Дый яшчэ каля гадзіны адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых, што стаялі без працы, ды кажа ім: “Што вы тут стаіце цэлы дзень бяздзейныя?”
Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?”
Кажуць яму: “Бо ніхто нас не наняў”. Ён кажа ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік Мой, і, што будзе справядліва, дам вам”.
Яны сказалі яму: “Нас ніхто не наняў”. Ён сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік”.
А калі настаў вечар, сказаў гаспадар вінаградніку загадчыку свайму: “Скліч работнікаў і дай ім плату, пачынаючы ад апошніх, а канчаючы першымі”.
Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: “Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых”.
І, калі прыйшлі тыя, што каля адзінаццатай гадзіны наняліся на работу, атрымалі па дынару.
І тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары.
Калі ж прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць, але і яны атрымалі па дынару.
Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.
Дык, узяўшы, наракалі на гаспадара,
Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому,
кажучы: “Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты прыраўняў іх да нас, а мы ж пераносілі цяжар дня і спякоту”.
кажучы: “Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку!”
А ён, адказваючы аднаму з іх, сказаў: “Дружа, не зрабіў я табе крыўды. Ці ж ты не ўмовіўся са мной за дынар?
У адказ ён сказаў аднаму з іх: “Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною?
Дык вазьмі, што тваё, і ідзі, бо хачу і гэтаму апошняму даць, як і табе.
Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе.
Ці ж не можна мне рабіць з маім, што хачу? І ці ж вока тваё зайздроснае ад таго, што я добры?”
Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?”
Так будуць апошнія першымі, а першыя — апошнімі, бо многа пакліканых, але мала абраных».
Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі».
І, уваходзячы ў Ерузалім, Ісус адвёў асобна дванаццаць вучняў і сказаў ім па дарозе:
Калі Езус узыходзіў у Ерузалем, Ён узяў асобна дванаццаць вучняў і ў дарозе сказаў ім:
«Вось, мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць,
«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць
і выдадуць Яго на ганьбаванне паганам, на бічаванне і ўкрыжаванне, і трэцяга дня ўваскрэсне».
і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, а на трэці дзень Ён уваскрэсне».
Тады падышла да Яго маці сыноў Зебядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і просячы нечага ў Яго.
Тады падышла да Яго маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі, пакланілася і прасіла Яго аб нечым.
Ён сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна гаворыць Яму: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае ў Валадарстве Тваім сядзелі адзін праваруч Цябе, а другі — леваруч».
Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна адказала: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе».
Але Ісус, адказваючы, сказаў ёй: «Не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я піць буду, ці хрысціцца хростам, якім Я хрышчуся?» Яны кажуць Яму: «Можам».
Езус сказаў у адказ: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?» Яны адказалі Яму: «Можам».
Ён гаворыць ім: «Так, келіх Мой піць будзеце і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца, але дазволіць сядзець ад Мяне праваруч ці леваруч — гэта не Маё, але каму прыгатавана Айцом Маім».
Тады Ён сказаў ім: «Келіх Мой будзеце піць, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне, не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана Айцом Маім».
І, пачуўшы гэта, дзесяць разгневаліся на двух братоў.
І, пачуўшы, дзесяць вучняў абурыліся на двух братоў.
Але Ісус паклікаў іх да Сябе і гаворыць: «Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі і магнаты трымаюць уладу над імі.
А Езус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі, і вяльможы маюць уладу над імі.
Не так будзе між вамі, але хто хацеў бы сярод вас быць большым, будзе вашым паслугачом.
Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою;
І хто сярод вас хацеў бы быць першым, будзе вашым паслугачом.
і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вашым нявольнікам.
Падобным чынам і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб Ён служыў ды аддаў душу Сваю як адкупленне за многіх».
Бо Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».
І, калі яны выходзілі з Ерыхона, ішлі ўслед за імі вялікія натоўпы.
Калі яны выходзілі з Ерыхона, за Ім ішоў вялікі натоўп.
І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачулі, што праходзіць Ісус, і закрычалі, кажучы: «Злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давіда!»
І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што праходзіць Езус, пачалі крычаць: «Змілуйся над намі, Пане, Сыне Давіда!»
А людзі сварыліся на іх, каб маўчалі, але яны яшчэ гучней крычалі: «Злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давіда!»
Народ жа прымушаў іх змоўкнуць, але яны крычалі яшчэ мацней: «Змілуйся на намі, Пане, Сыне Давіда!»
І спыніўся Ісус, і паклікаў іх, і гаворыць: «Што вы хочаце, каб Я вам зрабіў?»
Езус спыніўся, паклікаў іх і сказаў: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»
Яны кажуць Яму: «Госпадзе, каб адкрыліся нам вочы».
Яны адказалі Яму: «Пане, каб адкрыліся вочы нашы».
І, пашкадаваўшы, Ісус дакрануўся да вачэй іх; і іх вочы адразу сталі бачыць і яны пайшлі за Ім.
Езус, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу яны пачалі бачыць, і пайшлі за Ім.