Мацьвея 8 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Калі Ён сышоў з гары, вялікае мноства людзей ішло за Ім следам.
 
Калі Езус сышоў з гары, следам за Ім пайшло мноства людзей.

І вось, пракажоны, падышоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
 
І вось, падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».

І, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго Ісус, кажучы: «Хачу, будзь ачышчаны». І зараз быў ачышчаны ад праказы яго.
 
Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І той адразу ачысціўся ад праказы.

І гаворыць яму Ісус: «Глядзі, нікому не расказвай, але ідзі, пакажыся святару ды прынясі дар, які загадаў Майсей, на сведчанне ім».
 
Езус сказаў яму: «Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які наказаў Майсей, на сведчанне ім».

А калі Ісус увайшоў у Кафарнаўм, падышоў да Яго сотнік, просячы Яго
 
Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго,

і кажучы: «Госпадзе, мой паслугач ляжыць дома спаралізаваны і моцна пакутуе».
 
кажучы: «Пане, слуга мой ляжыць дома паралізаваны і цяжка пакутуе».

І гаворыць яму Ісус: «Прыйду і аздараўлю яго».
 
Езус сказаў яму: «Я прыйду і вылечу яго».

І, адказваючы, сотнік гаворыць: «Госпадзе, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і паздаравее паслугач мой.
 
Сотнік жа адказаў: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой.

Бо і я — чалавек пры ўладзе, маю пад сабой жаўнераў: кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе, і другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць, і свайму паслугачу: “Рабі гэта”, і ён робіць».
 
Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць, а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».

Пачуўшы гэта, Ісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: «Сапраўды кажу вам: ні ў кога не знайшоў Я такой веры ў Ізраэлі.
 
Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў за Ім: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры.

Але кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і з захаду, і ўзлягуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.
 
Кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.

А сыны Валадарства выкінуты будуць у цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў».
 
А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру, там будзе плач і скрыгатанне зубоў».

І сказаў Ісус сотніку: «Ідзі, і, як уверыў, хай так станецца табе». І быў аздароўлены паслугач у тую ж гадзіну.
 
І сказаў Езус сотніку: «Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе». І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую ж гадзіну.

А калі Ісус зайшоў у дом Пётры, убачыў цешчу яго, што ляжала ў гарачцы.
 
Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы.

І дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна паднялася і паслугавала ім.
 
Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна ўстала, і прыслужвала ім.

Калі ж надышоў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных дэманамі, і Ён выгнаў духаў словам ды аздаравіў усіх немачных,
 
Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых,

каб збылося тое, што сказана было прарокам Ісаем, які казаў: «Ён на Сябе узяў немачы нашы і панёс хваробы».
 
каб збылося сказанае прарокам Ісаем:«Ён узяў на сябе нашую слабасцьі панёс нашыя хваробы».

Ісус, бачачы навокал Сябе вялікае мноства людзей, загадаў вучням Сваім плыць праз мора.
 
Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг.

І адзін кніжнік, падышоўшы, гаворыць Яму: «Настаўнік, і я пайду за Табой, куды б Ты ні пайшоў».
 
Тады адзін кніжнік падышоў і сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».

І кажа яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе галаву прыхіліць».
 
А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву».

Тады іншы, з вучняў Яго, гаворыць Яму: «Госпадзе, адпусці перш мяне пайсці і пахаваць бацьку майго».
 
Другі ж з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго».

Але Ісус гаворыць яму: «Ідзі за Мной і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых».
 
А Езус сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых».

І, калі ўвайшоў Ён у лодку, за Ім следам увайшлі вучні Яго,
 
Калі ўвайшоў у човен, былі з Ім Ягоныя вучні.

і вось узнялася вялікая бура на моры, так што лодка захліствалася хвалямі, а Ён спаў.
 
І вось, пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў.

І падышлі яны, і абудзілі Яго, кажучы: «Госпадзе, ратуй нас, мы гінем!»
 
Падышоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Пане, ратуй, мы гінем!»

І Ён сказаў ім: «Чаму вы [гэтак] палахлівы, малаверныя?» Затым, падняўшыся, загадаў вятрам і мору, і наступіла вялікая ціша.
 
А Ён сказаў ім: «Чаго вы спалохаліся, малаверныя?» Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору, і настала вялікая ціша.

А людзі дзівіліся, кажучы: «Хто ж Ён, што і вятры, і мора Яго слухаюць?»
 
А людзі дзівіліся і казалі: «Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»

А калі Ён пераплыў праз мора ў краіну Гергесінскую, выйшлі насустрач Яму двое апанаваных дэманамі, якія выходзілі з магіл, і такія страшныя, што ніхто не мог праходзіць гэтаю дарогай.
 
Калі Езус прыплыў на другі бераг, у край гадарэнаў, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магільных пячор, двое апанаваных злымі духамі, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай.

І вось, яны закрычалі, кажучы: «Што Табе да нас, Ісус, Сын Божы? Ці Ты прыйшоў сюды дачасна мучыць нас?»
 
Яны закрычалі: «Што Табе да нас, Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды заўчасна мучыць нас?»

Пасвіўся ж недалёка ад іх вялікі статак свінняў.
 
Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней.

Тады дэманы прасілі Яго, кажучы: «Калі выганіш нас, пашлі нас у гэты статак свінняў».
 
І злыя духі прасілі Яго, кажучы: «Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней».

І Ён гаворыць ім: «Ідзіце!» І тыя, выйшаўшы, перайшлі ў свінняў; і вось, увесь статак кінуўся ў мора са стромы і патануў у вадзе.
 
Ён сказаў ім: «Ідзіце». Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. Тады кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе.

Пастухі ж уцяклі і, прыйшоўшы ў горад, паведамілі пра ўсё і пра тых, што былі апанаваны дэманамі.
 
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апанаваных злымі духамі.

І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.
 
Увесь горад выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.