Мацьвея 23 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Тады звярнуўся Ісус да людзей і да вучняў Сваіх,
 
Тады Езус прамовіў да натоўпу і сваіх вучняў:

кажучы: «На пасадзе Майсеевым заселі кніжнікі і фарысеі.
 
«Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі.

Дык усё, што яны вам скажуць, захоўвайце і рабіце, але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны вучаць, а не робяць.
 
Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць.

Бо яны вяжуць цяжкія і непасільныя бярэмі ды ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім не хочуць іх зрушыць.
 
Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх.

Яны робяць усе свае справы, каб людзі іх бачылі: пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры адзення свайго,
 
Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры.

яны любяць першыя месцы за абедам і першыя лаўкі ў сінагогах,
 
Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах,

і прывітанні на рынку, ды каб іх людзі называлі: “Рабі, рабі”.
 
і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх “раббі”.

Вы ж не называйце сябе рабі, бо адзін ваш Вучыцель — Хрыстос, а вы ўсе — браты.
 
Вы ж не дазваляйце называць сябе раббі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты.

Ані айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін Айцец ваш, Які ў небе.
 
І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны.

Ані настаўнікамі не называйце сябе, бо адзін ваш Настаўнік — Хрыстос.
 
Не дазваляйце таксама называць сябе правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстус.

Хто большы з вас — будзе вашым паслугачом.
 
Большы з вас няхай будзе для вас слугою.

Бо хто сябе ўзвышае, той будзе прыніжаны, а хто сябе прыніжае, будзе ўзвышаны.
 
Бо той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі. Вы і самі не ўваходзіце, і тым, што ўваходзяць, не дазваляеце ўвайсці.
 
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі! Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоў і крывадушна доўга моліцеся: за гэта прымеце тым большае асуджэнне.
 
[отсутсвует]

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што аб’язджаеце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго празелітам. А калі ім станецца, вы робіце яго сынам пекла, удвая горшым за сябе.
 
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго новага верніка. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі!

Гора вам, сляпыя правадыры, што кажаце: “Хто прысягае святыняй, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам святыні, той вінаваты”.
 
Гора вам, сляпыя павадыры, якія кажаце: “Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны”.

Неразумныя і сляпыя! Што ж большае: золата ці святыня, якая асвячае золата?
 
Неразумныя і сляпыя! Што большае: золата ці святыня, якая асвячае золата?

І: “Хто прысягае ахвярнікам, гэта нічога, а хто прысягае ахвярай, што на ім, той вінаваты”.
 
І зноў: “Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны”.

Неразумныя і сляпыя! Што ж большае: ахвяра ці ахвярнік, які асвячае ахвяру?
 
Сляпыя! Што большае? Дар ці ахвярнік, які асвячае дар?

Дык вось, хто прысягае ахвярнікам, прысягае ім ды ўсім, што на ім.
 
Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім.

І хто прысягае святыняй, той прысягае ёй ды Тым, Хто ў ёй самой жыве.
 
І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй.

А хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
 
А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што бераце дзесяціну з мяты, кропу і кмену, а не звярнулі ўвагі на тое, што важнейшае ў законе: суд, міласэрнасць і веру. Гэта належала зрабіць і таго не пакідаць.
 
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру! Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць.

Сляпыя правадыры, што працэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда!
 
Сляпыя павадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо абмываеце тое, што звонку чары і місы, а ўнутры поўныя здзерства ды нячыстасці.
 
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што звонку ачышчаеце кубак і місу, а ўнутры яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці!

Фарысей сляпы! Ачысці перш знутры чару і місу, каб і тое, што звонку, стала чыстым.
 
Сляпы фарысей, спачатку ачысці кубак унутры, каб ён стаў чыстым і звонку.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да магіл пабеленых, што звонку выглядаюць прыгожымі, а ўнутры поўныя касцей мёртвых і ўсякай брыдоты.
 
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да пабеленых пахавальняў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці!

Так і вы звонку здаецеся людзям справядлівымі, а ўнутры поўныя крывадушнасці і беззаконня.
 
Так і вы звонку здаяцеся людзям справядлівымі, але ўнутры поўныя крывадушша і беззаконня.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і аздабляеце помнікі справядлівым,
 
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што ўзносіце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце магілы праведнікаў,

і кажаце: “Каб мы жылі ў дні бацькоў нашых, не былі б саўдзельнікамі іх у праліванні крыві прарокаў”.
 
кажучы: “Калі б мы жылі ў дні айцоў нашых, то не былі б саўдзельнікамі ў праліцці крыві прарокаў”!

І так вы самі сведчыце, што вы — сыны тых, што забілі прарокаў.
 
Так вы сведчыце супраць саміх сябе, што вы сыны тых, хто забіваў прарокаў.

І вы дапаўняйце мерку бацькоў вашых.
 
Дапоўніце ж меру сваіх айцоў.

Змеі, гадзючыя вырадкі! Як жа вы пазбегнеце пякельнага прысуду?
 
Вужы, пакаленне змяінае, як вы пазбегнеце прысуду да геены?

Таму вось Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў, і адных з іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, а іншых будзеце бічаваць у сінагогах вашых ды будзеце гнаць іх з горада ў горад,
 
Таму Я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў. Адных з іх вы пазабіваеце і ўкрыжуеце, а другіх будзеце бічаваць у сінагогах сваіх і будзеце гнаць з горада ў горад.

аж спадзе на вас уся кроў справядлівых, што разліта па зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі між святыняй і ахвярнікам.
 
Так упадзе на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі паміж святыняй і ахвярнікам.

Сапраўды кажу вам: спадзе гэта ўсё на пакаленне гэтае.
 
Сапраўды кажу вам: усё гэта ўпадзе на гэтае пакаленне.

Ерузалім, Ерузалім, што забіваеш прарокаў ды камянуеш тых, якія да цябе пасланы. Колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як кураводка збірае пісклянят сваіх пад крылы, а ты не захацеў.
 
Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае пад крыламі птушанят сваіх, але вы не захацелі!

Вось, застаецца вам дом ваш пусты.
 
Вось, застаецца вам дом ваш пусты!

Бо кажу вам: “Не ўбачыце Мяне датуль, пакуль не скажаце: «“Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада”».
 
Бо кажу вам: адгэтуль не ўбачыце Мяне, пакуль не ўсклікнеце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”»