2 Пятра 1 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Сімон Пётра, паслугач і Апостал Ісуса Хрыста, тым, што ў справядлівасці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста атрымалі з намі аднолькава дарагую веру:
Сымон Пётр, слуга і апостал Езуса Хрыста — тым, хто прыняў аднолькава дарагую нам веру праз справядлівасць Бога нашага і Збаўцу Езуса Хрыста.
ласка вам і супакой хай памножацца праз пазнанне Бога і Ісуса, Госпада нашага.
Няхай памножацца ў вас ласка і спакой праз пазнанне Бога і Езуса, нашага Пана.
Паколькі ўсё нам — ад Боскае магутнасці Яго, падараванай для жыцця і пабожнасці праз пазнанне Таго, Хто паклікаў нас Сваёю славай і дабрадзейнасцю,
Ад Боскай сілы Ягонай нам даравана ўсё для жыцця і пабожнасці дзякуючы пазнанню таго, хто паклікаў нас для ўласнай славы і хвалы,
праз якія падараваў Ён нам дарагія і вялікія абяцанні, каб праз іх сталіся вы ўдзельнікамі Божае прыроды, усцярогшыся псавання ад пажадлівасці, якая ў свеце,
праз што даў нам вялікія і каштоўныя абяцанні, каб праз іх вы сталі саўдзельнікамі Божай натуры, пазбегнуўшы згубы пажадлівага свету.
то менавіта дзеля гэтага старайцеся з усіх сіл, каб у сваёй веры паказаць дабрадзейнасць сваю, а ў дабрадзейнасці веданне,
З гэтай самай прычыны прыкладайце ўсе намаганні, каб дапоўніць вашую веру цнотай, цноту — пазнаннем,
а ў веданні паўстрыманасць, а ў паўстрыманасці цярплівасць, а ў цярплівасці пабожнасць,
пазнанне — стрыманасцю, стрыманасць — цярплівасцю, цярлівасць — пабожнасцю,
а ў пабожнасці браталюбства, а ў браталюбстве любоў.
пабожнасць — братняю любоўю, а братнюю любоў — любоўю.
Калі гэта ў вас жыве і памнажаецца, то яно не пакіне вас пустымі і бясплоднымі ў пазнанні Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Калі ўсё гэта ў вас ёсць і памнажаецца, то вы не будзеце бяздзейнымі ды бясплённымі ў пазнанні Пана нашага Езуса Хрыста.
А ў каго гэтага няма, той сляпы і блізарукі, які забыўся аб ачышчэнні ад ранейшых сваіх грахоў.
У каго ж няма гэтага, той сляпы, закрыўшы вочы, забыўся пра ачышчэнне ад сваіх даўніх грахоў.
Дык тым больш, браты, старайцеся ўгрунтаваць сваё пакліканне і выбранне. Гэтак бо робячы, ніколі не спатыкнецеся.
Таму, браты, старайцеся яшчэ больш умацаваць вашае пакліканне і выбар. Так паступаючы, ніколі не спаткніцёся.
Бо гэтак яшчэ шырэй адчыніцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.
Тады шырока адкрыецца перад вамі ўваход у вечнае Валадарства нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.
Таму я буду вам заўсёды прыгадваць гэта, хоць вы ведаеце і ўмацаваны ў цяперашняй праўдзе.
Таму я заўсёды буду напамінаць вам пра гэта, хоць вы і ведаеце ды ўмацаваны ў гэтай праўдзе.
Я лічу за справядлівасць, пакуль знаходжуся ў гэтай цялеснай палатцы, падбадзёрыць вас напамінам,
Лічу справядлівым, пакуль знаходжуся ў гэтым намёце, заахвочваць вас напамінам,
бо ведаю, што хутка пакіну гэтую палатку маю, як Госпад наш Ісус Хрыстос вызначыў мне.
ведаючы, што хутка пакіну гэты мой намёт, як і адкрыў мне наш Пан, Езус Хрыстус.
Буду прыкладаць намаганні, каб вы заўсёды і па маім адыходзе пра гэта ўспаміналі.
Буду ж старацца, каб вы і пасля майго адыходу заўсёды ўспаміналі пра гэтыя рэчы.
Бо мы вясцілі вам магутнасць і прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, не ідучы следам за прыдуманымі казкамі, але як сведкі, што бачылі Яго веліч.
Мы далі вам спазнаць моц і прыйсце нашага Пана Езуса Хрыста, не ідучы за мудра складзенымі байкамі, але будучы відавочцамі Ягонай велічы.
Бо атрымаў Ён ад Бога Айца гонар і славу, калі вось такім чынам прагучаў да Яго голас ад велічнай славы: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім Я маю ўпадабанне».
Ён атрымаў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнай славы да Яго сышоў такі голас: «Гэта Мой Сын умілаваны, якога Я ўпадабаў».
І мы чулі, як гэты голас зыходзіў з неба, калі мы з Ім разам былі на святой гары.
І мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі былі з Ім на святой гары.
Прытым мы маем найпэўнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго, як светача, які свеціць у цёмным месцы аж пакуль развіднее, і зорка ранняя ўзыдзе ў сэрцах вашых.
Да таго ж у нас ёсць мацнейшае, прароцкае слова. І вы добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах вашых.
Гэта перш за ўсе майце на ўвазе, што ніводнае прароцтва Пісання нельга вытлумачыць самавольна.
Толькі памятайце перш за ўсё, што ніякае прароцтва ў Пісанні не належыць да прыватнага тлумачэння.
Бо не паводле волі чалавечай было калісьці абвешчана прароцтва, але прамовілі яго святыя людзі Божыя, кіраваныя Духам Святым.
Бо прароцтва ніколі не паходзіла з волі чалавека, але ад імя Бога абвяшчалі яго людзі, натхнёныя Святым Духам.