2 Пятра 3 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Умілаваныя, гэта ўжо другі ліст пішу да вас; у іх стараюся ажывіць ваш чысты розум напамінам,
Умілаваныя, гэта ўжо другое пасланне пішу вам; у іх праз напамін абуджаю вашыя чыстыя думкі,
каб вы памяталі тыя словы, якія прадказаны былі святымі прарокамі, і прыказанне Госпада і Збаўцы, перададзенае Апосталамі.
каб вы памяталі словы, сказаныя раней святымі прарокамі і запаведзь Пана і Збаўцы, перададзеную вашымі Апосталамі,
Перад усім ведайце, што ў апошнія дні з’явяцца паклёпнікі з кпінамі, якія будуць хадзіць адпаведна сваёй пажадлівасці
ведаючы перадусім тое, што з’явяцца ў апошнія дні з кпінамі насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваёй пажадлівасці
і будуць пытацца: «Дзе ж абяцанне Яго прыходу?», кажучы: «Бо з таго часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку стварэння».
і пытацца: «Дзе абяцанне Ягонага прыйсця? Бо ад часоў, калі пачалі паміраць айцы, усё трывае так, як ад пачатку стварэння».
Бо не ведаюць яны, тыя, якія так думаюць, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала,
Яны ж не хочуць зразумець, што праз Божае слова здаўна існуюць нябёсы і зямля паўстала з вады і праз ваду,
ад чаго тады той свет загінуў, затоплены вадою.
таму і загінуў тагачасны свет, затоплены вадою.
А цяперашнія нябёсы і зямля тым самым словам утрымліваныя агню, захаваны на дзень суда і згубы бязбожных людзей.
Цяпер жа нябёсы і зямля падтрымліваюцца тым жа словам і захоўваюцца для агня на дзень суда і згубы бязбожных людзей.
Няхай для вас, умілаваныя, не будзе таямніцай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў і тысяча гадоў — як адзін дзень.
Умілаваныя, гэта адно няхай не будзе схавана ад вас, што ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень.
Не марудзіць Госпад з абяцаннем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы ў адносінах да нас і не хоча нічыёй загубы, але хоча ўсіх давесці да навяртання.
Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння.
Як злодзей уначы прыйдзе дзень Госпадаў, у які нябёсы з шумам вялікім прамінуцца, стыхіі, распаленыя, знікнуць, а зямля і ўсе справы на ёй згараць.
Прыйдзе ж дзень Пана, як злодзей. І тады нябёсы прамінуць з вялікім шумам, распаленыя стыхіі разбурацца, а зямля і ўсё створанае на ёй згараць.
Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у святым жыцці і пабожнасці,
Калі так гэта будзе знішчана, дык якімі ж трэба быць у святым жыцці і пабожнасці вам,
калі чакаеце і прыспешваеце прыход дня Божага, у які нябёсы, палымнеючы, знікнуць і стыхіі ў паланні агню рассыплюцца.
якія чакаеце і прыспешваеце прыйсце Божага дня, калі палаючыя нябёсы будуць знішчаны і распаленыя стыхіі растопяцца.
Аднак, паводле абяцання Яго, мы чакаем новых нябёсаў і новай зямлі, на якіх жыве справядлівасць.
Але мы, паводле Ягонага абяцання, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх прабывае справядлівасць.
Дзеля таго, умілаваныя, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб Ён застаў вас у супакоі.
Таму, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас бездакорнымі і беззаганнымі, у спакоі,
І доўгацярплівасць Госпада нашага лічыце за збаўленне, як і наш умілаваны брат Паўла паводле дадзенай яму мудрасці напісаў вам,
а доўгацярплівасць Пана лічыце збаўленнем, як і ўмілаваны наш брат Павел дзякуючы атрыманай мудрасці напісаў вам,
як аб гэтым гаворыць ён ва ўсіх лістах, у якіх ёсць штосьці цяжкае для разумення, што людзі невукі і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу.
як і ва ўсіх пасланнях, у якіх ёсць цяжкія для зразумення рэчы, і невукі ды нясталыя ў веры перакручваюць гэта, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу.
Дык вы, умілаваныя, аб гэтым папярэджаныя, сцеражыцеся, каб не даць сябе звесці ў аблуду нягоднікаў і не адпасці ад свайго ўмацавання.
Таму вы, умілаваныя, ведаючы гэта наперад, сцеражыцеся, каб, зведзеныя памылкамі беззаконных, вы не страцілі ўласны грунт пад нагамі.
Дык узрастайце ў ласцы і пазнанні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амін.
Але ўзрастайце ў ласцы і пазнанні нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амэн.