2 Пятра 3 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Гэта ўжо другі ліст, умілаваныя, пішу вам; і ў іх дамяненьням узрушаю шчырую думку вашую,
Умілаваныя, гэта ўжо другое пасланне пішу вам; у іх праз напамін абуджаю вашыя чыстыя думкі,
Каб вы памятавалі словы, уперад сказаныя сьвятымі прарокамі, і расказаньне Спадара а Спаса апосталамі вашымі.
каб вы памяталі словы, сказаныя раней святымі прарокамі і запаведзь Пана і Збаўцы, перададзеную вашымі Апосталамі,
Наўперад ведайце, што ў вапошніх днёх прыйдуць насьміханьнікі, подле собскіх жадаў сваіх ходзячыя
ведаючы перадусім тое, што з’явяцца ў апошнія дні з кпінамі насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваёй пажадлівасці
А кажучыя: «Ідзе абятніца прыходу Ягонага? бо адгэнуль, як пачалі паміраць айцове, ад пачатку стварэньня, усе застаецца таксама».
і пытацца: «Дзе абяцанне Ягонага прыйсця? Бо ад часоў, калі пачалі паміраць айцы, усё трывае так, як ад пачатку стварэння».
Бо гэта схавана ад іх із собскае волі іхнае, што нябёсы здаўна, а зямля, трываючы словам Божым, з вады і ў вадзе,
Яны ж не хочуць зразумець, што праз Божае слова здаўна існуюць нябёсы і зямля паўстала з вады і праз ваду,
Катораю тагачасны сьвет, затоплены вадою, загінуў.
таму і загінуў тагачасны свет, затоплены вадою.
А цяперашнія нябёсы й зямля словам Ягоным захаваны, дзяржаны агню на дзень суду і загубы бязбожных.
Цяпер жа нябёсы і зямля падтрымліваюцца тым жа словам і захоўваюцца для агня на дзень суда і згубы бязбожных людзей.
Але няхай ня будзе схавана ад вас, умілаваныя, тое адно, што ў Спадара адзін дзень, як тысяча год, і тысяча год, як адзін дзень.
Умілаваныя, гэта адно няхай не будзе схавана ад вас, што ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень.
Не адвалакае Спадар з абятніцы, як некатрыя маюць за адвалоку, але доўга церпе нам, ня хоча, каб хто-колечы загінуў, але каб усі прышлі да каяты.
Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння.
Але дзень Спадароў прыйдзе, як злодзей ночы, тады з грукатам неба мінець, і навалы, разгарэўшыся, растопяцца, і зямля і ўчынкі на ёй згараць.
Прыйдзе ж дзень Пана, як злодзей. І тады нябёсы прамінуць з вялікім шумам, распаленыя стыхіі разбурацца, а зямля і ўсё створанае на ёй згараць.
Калі такім парадкам ўсе гэта растопіцца, дык якімі маеце быць вы ў сьвятым паступку й набожнасьці,
Калі так гэта будзе знішчана, дык якімі ж трэба быць у святым жыцці і пабожнасці вам,
Каторыя чакаеце й барзьдзіце да прыходу дня Божага, з каторага прычыны нябёсы, будучы запалены, растопяцца, і навалы, угарэўшыся, растаюць?
якія чакаеце і прыспешваеце прыйсце Божага дня, калі палаючыя нябёсы будуць знішчаны і распаленыя стыхіі растопяцца.
Але мы, подле абятніцы Ягонае, чакаем новых нябёсаў і новае зямлі, у каторых прабывае справядлівасьць.
Але мы, паводле Ягонага абяцання, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх прабывае справядлівасць.
Дык умілаваныя, чакаючы гэтага, улягайце, каб бяз плямы й заганы знойдзены былі Ім у супакою;
Таму, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас бездакорнымі і беззаганнымі, у спакоі,
І цярплівосьць Спадара нашага майце за спасеньне, як і ўмілаваны брат наш Паўла, подле данае яму мудрасьці, напісаў вам,
а доўгацярплівасць Пана лічыце збаўленнем, як і ўмілаваны наш брат Павел дзякуючы атрыманай мудрасці напісаў вам,
Як і ў вусіх лістох, кажучы праз тое ж, у каторых некатрыя рэчы цяжка разумець, каторыя ненавучаныя й неўмацаваныя перакручуюць, як і засталыя Пісьмы, на собскую згубу сваю.
як і ва ўсіх пасланнях, у якіх ёсць цяжкія для зразумення рэчы, і невукі ды нясталыя ў веры перакручваюць гэта, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу.
Дык, любовыя, ведаючы гэта наперад, сьцеражыцеся, каб, будучы зьведзены абмылаю нягодных, вы не адпалі ад свайго ўмацаваньня,
Таму вы, умілаваныя, ведаючы гэта наперад, сцеражыцеся, каб, зведзеныя памылкамі беззаконных, вы не страцілі ўласны грунт пад нагамі.
Але расьціце ў ласцы і ў знацьцю Спадара нашага а Спаса Ісуса Хрыста. Яму слава цяпер і ў дзень вечнасьці. Амін.
Але ўзрастайце ў ласцы і пазнанні нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амэн.