Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Пятра 3 2-i ліст Пётры 3 разьдзел

1 Умілаваныя, гэта ўжо другі ліст пішу да вас; у іх стараюся ажывіць ваш чысты розум напамінам,
2 каб вы памяталі тыя словы, якія прадказаны былі святымі прарокамі, і прыказанне Госпада і Збаўцы, перададзенае Апосталамі.
3 Перад усім ведайце, што ў апошнія дні з’явяцца паклёпнікі з кпінамі, якія будуць хадзіць адпаведна сваёй пажадлівасці
4 і будуць пытацца: «Дзе ж абяцанне Яго прыходу?», кажучы: «Бо з таго часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку стварэння».
5 Бо не ведаюць яны, тыя, якія так думаюць, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала,
6 ад чаго тады той свет загінуў, затоплены вадою.
7 А цяперашнія нябёсы і зямля тым самым словам утрымліваныя агню, захаваны на дзень суда і згубы бязбожных людзей.
8 Няхай для вас, умілаваныя, не будзе таямніцай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў і тысяча гадоў — як адзін дзень.
9 Не марудзіць Госпад з абяцаннем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы ў адносінах да нас і не хоча нічыёй загубы, але хоча ўсіх давесці да навяртання.
10 Як злодзей уначы прыйдзе дзень Госпадаў, у які нябёсы з шумам вялікім прамінуцца, стыхіі, распаленыя, знікнуць, а зямля і ўсе справы на ёй згараць.
11 Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у святым жыцці і пабожнасці,
12 калі чакаеце і прыспешваеце прыход дня Божага, у які нябёсы, палымнеючы, знікнуць і стыхіі ў паланні агню рассыплюцца.
13 Аднак, паводле абяцання Яго, мы чакаем новых нябёсаў і новай зямлі, на якіх жыве справядлівасць.
14 Дзеля таго, умілаваныя, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб Ён застаў вас у супакоі.
15 І доўгацярплівасць Госпада нашага лічыце за збаўленне, як і наш умілаваны брат Паўла паводле дадзенай яму мудрасці напісаў вам,
16 як аб гэтым гаворыць ён ва ўсіх лістах, у якіх ёсць штосьці цяжкае для разумення, што людзі невукі і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу.
17 Дык вы, умілаваныя, аб гэтым папярэджаныя, сцеражыцеся, каб не даць сябе звесці ў аблуду нягоднікаў і не адпасці ад свайго ўмацавання.
18 Дык узрастайце ў ласцы і пазнанні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст Пётры, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017