Да Эфэсянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Паўла, Апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, святым, якія ў Эфесе, і верным у Хрысце Ісусе:
 
Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе:

ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
 
ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у нябёсах усякім дабраславеннем духоўным у Хрысце,
 
Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах

Бо выбраў нас у Ім перад заснаваннем свету, каб быць нам святымі і беззаганнымі перад Ім у любові;
 
і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові.

Ён прызначыў нас на ўсынаўленне Сабе праз Ісуса Хрыста з ласкавасці волі Сваёй,
 
Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі,

на хвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным,
 
дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным.

у Якім маем адкупленне праз Кроў Яго, адпушчэнне грахоў паводле багацця ласкі Яго,
 
У Ім мы маем адкупленне Ягонаю крывёю, дараванне правінаў паводле багацця ласкі Ягонай,

якую выліў Ён на нас шчодра ва ўсякай мудрасці і разуменні,
 
якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні,

каб выявіць нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабання, што Ён раней пастанавіў у Ім,
 
дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў у Ім

на ўсталяванне паўнаты часоў: аб’яднаць усё, што на небе і на зямлі, пад галавою — Хрыстом.
 
для спаўнення паўнаты часу, каб аднавіць усё ў Хрысце: тое, што на нябёсах і на зямлі.

У Ім былі пакліканы да ўдзелу і мы, што прызначаны наперад паводле рашэння Таго, Які спраўляе ўсё паводле пастановы волі Сваёй,
 
У Ім мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення сваёй волі,

каб былі мы на хвалу славы Яго, мы, якія ўжо раней спадзяваліся на Хрыста.
 
каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы.

У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Евангелле збаўлення вашага, і ў Яго паверылі, запячатаны Духам Святым абяцання,
 
У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, Евангелле пра збаўленне вашае, і паверылі, былі пазначаныя пячаццю абяцанага Духа Святога,

Які ёсць зарука спадчыны нашай для адкуплення ўласнасці і на хвалу Яго славы.
 
які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай велічы.

Дзеля таго і я, чуючы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і пра любоў да ўсіх святых,
 
Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых,

не спыняюся дзякаваць за вас, памятаючы ў малітвах маіх,
 
не перастаю дзякаваць за вас, успамінаючы вас у сваіх малітвах,

каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і аб’яўлення на пазнанне Яго,
 
каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго

прасветленыя вочы розуму вашага, каб вы ведалі, якая ёсць надзея Яго паклікання ды якія багацці славы спадчыны Яго для святых,
 
і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых

і якая бязмерная веліч магутнасці Яго ў нас, веруючых праз дзеянне магутнасці сілы Яго,
 
і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай,

якую выявіў Ён у Хрысце, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў нябёсах
 
якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах,

вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і валадаранне, і над усякім імем, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым;
 
вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне, і за ўсялякае імя, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым.

і ўсё паклаў пад ногі Яго, і ўчыніў Яго галавой над усёй Царквою,
 
Усё паклаў пад ногі Ягоныя і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла,

якая ёсць Цела Яго, поўня Таго, Які ўсё ўсім напаўняе.
 
які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.