Да Галятаў 6 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, духоўныя, навучайце такога ў духу ласкавасці, зважаючы на саміх сябе, каб і табе не быць спакушаным.
Браты, калі б і правініўся чалавек у нечым, вы, што трываеце ў Духу, настаўляйце яго з далікатнасцю, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці.
Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выканайце закон Хрыстоў.
Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы.
Бо калі хто думае, што ён штосьці, хоць ён нішто, той самога сябе ашуквае.
Калі хто думае, што ён лепшы, а не з’яўляецца такім, той ашуквае самога сябе.
Хай кожны праверыць сваю дзейнасць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым.
Няхай кожны ацэньвае свае чыны, і тады толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым.
Кожны бо панясе свой уласны цяжар.
Кожны ж панясе свой уласны цяжар.
Хай той, хто навучаецца словам, дзеліцца ўсякім дабром з тым, які яго навучае.
Няхай той, каго навучаюць, дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае.
Не падманвайце сябе: з Бога не пасмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне;
Не падманвайце сябе: Бог не дазволіць насміхацца з сябе; бо што чалавек пасее, тое і пажне.
бо хто сее ў цела сваё, з цела і пажне знішчэнне; а хто сее ў дух, з духа пажне жыццё вечнае.
Хто сее ў сваім целе, той з цела пажне знішчэнне, а хто сее ў Духу, той з Духа пажне вечнае жыццё.
Не журымася, робячы дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не саслабеем.
Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем.
Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры.
Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — блізкім па веры.
Гляньце, якімі вялікімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою.
Гляньце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам уласнаручна.
Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца, каб толькі не цярпець пераследу за крыж Хрыстоў.
Тыя, што хочуць падабацца вам целам, змушаюць вас да абразання, каб толькі пазбегнуць пераследу за крыж Хрыста.
Але і тыя, што абразаюцца, самі не пільнуюць закону, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца целам вашым.
А тыя, што абразаюцца, самі не выконваюць Закон, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца абразаннем вашага цела.
А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету.
Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету.
Бо ў Ісусе Хрысце не мае значэння ані абразанне, ані неабразанне, але новае стварэнне.
Бо ні абразанне нічога не значыць, ні адсутнасць абразання, але новае стварэнне.
І хто будзе трымацца гэтага правіла, таму супакой і міласэрнасць, і Ізраэлю Божаму.
І над усімі, хто будзе паступаць паводле гэтага правіла, — спакой і міласэрнасць, а таксама над Ізраэлем Божым.
Урэшце, няхай ніхто мне не робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны Госпада Ісуса.
Урэшце, няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на сваім целе раны Езуса.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.