Да Галятаў 6 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Браты, каліб хто і дапусьціўся якога праступства, вы духоўныя павучайце такога ў духу лагоднасьці, зважаючы кажны й на сябе самога, каб і табе ня быць спакушаным.
Браты, калі б і правініўся чалавек у нечым, вы, што трываеце ў Духу, настаўляйце яго з далікатнасцю, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці.
Адзін другога цяжары насеце і гэтак споўніце закон Хрыстусавы.
Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы.
Хто бо думае, што ён нешта важнае, нічым будучы, зводзіць сябе самога.
Калі хто думае, што ён лепшы, а не з’яўляецца такім, той ашуквае самога сябе.
Кажны хай справу сваю правярае і як знайдзе хвалыгоднаю, дык толькі перад сабою, а не перад другім;
Няхай кожны ацэньвае свае чыны, і тады толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым.
Кажны бо ўласны цяжар нясьціме.
Кожны ж панясе свой уласны цяжар.
Навучаны словам хай дзеліцца ўсякім дабром з навучаючым.
Няхай той, каго навучаюць, дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае.
Ня крывеце душою: з Богам жартаваць ня можна.
Не падманвайце сябе: Бог не дазволіць насміхацца з сябе; бо што чалавек пасее, тое і пажне.
Што бо чалавек пасее, тое й пажне: хто сее ў сваім целе, той з цела пажне тлю прэлую, а хто сее ў духу, з духа жаць будзе жыцьцё вечнае.
Хто сее ў сваім целе, той з цела пажне знішчэнне, а хто сее ў Духу, той з Духа пажне вечнае жыццё.
Дабро дзеючы, не слабейма, бо ў сваім часе й жаць будзем не слабеючы.
Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем.
Дык пакуль час маем, рабем дабро ўсім, а найболей аднаверцам з намі.
Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — блізкім па веры.
Гляньце, якімі літарамі напісаў я вам уласнаю рукою.
Гляньце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам уласнаручна.
Тые, што хочуць прыпадабацца водле цела, прынукаюць вас абразацца, абы толькі не цярпець прасьледу за крыж Хрыстуса,
Тыя, што хочуць падабацца вам целам, змушаюць вас да абразання, каб толькі пазбегнуць пераследу за крыж Хрыста.
бо і самі абразаныя Закону не датрымоўваюць, а хочуць і вашага абразання, каб вашым целам хваліцца.
А тыя, што абразаюцца, самі не выконваюць Закон, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца абразаннем вашага цела.
Мяне-ж крый Божа, каб я меў чым іншым ганарыцца, апрача толькі крыжам Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, празь Якога мне сьвет укрыжаваны, а я — сьвету.
Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету.
Бо ў Хрыстусе Езусе ня ёсьць важным абразанне, ці неабразанне, але — новае стварэнне.
Бо ні абразанне нічога не значыць, ні адсутнасць абразання, але новае стварэнне.
А над усімі, што трымаюцца гэтага правіла ды над Ізраэлем Божым супакой і міласэрдзе.
І над усімі, хто будзе паступаць паводле гэтага правіла, — спакой і міласэрнасць, а таксама над Ізраэлем Божым.
Урэшце, няхай ніхто не напрыкраецца мне, бо я на целе маім нашу раны Езуса.
Урэшце, няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на сваім целе раны Езуса.
Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з духам вашым, браты, (хай будзе). Амэн.
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.