Да Галятаў 6 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Браты, калі і ўпадзе́ чалаве́к у якую пагрэшнасьць, вы, духоўныя, папраўляйце гэткага ў духу ціхасьці, наглядаючы за сабою, каб і табе́ ня быць спакушаным.
Браты, калі б і правініўся чалавек у нечым, вы, што трываеце ў Духу, настаўляйце яго з далікатнасцю, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці.
Насе́це бе́рамя адзін аднаго і гэтак выпаўняйце закон Хрыстовы.
Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы.
Бо хто думае, што ён ёсьць не́шта, будучы нічым, зводзіць самога сябе́.
Калі хто думае, што ён лепшы, а не з’яўляецца такім, той ашуквае самога сябе.
Дзела-ж свае́ няхай кожны выпрабуе і тагды будзе ме́ць пахвалу толькі ў сабе́, а не́ ў другім.
Няхай кожны ацэньвае свае чыны, і тады толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым.
Бо кожны панясе́ свае́ бе́рамя.
Кожны ж панясе свой уласны цяжар.
Хто-ж вучыцца слова, няхай дзе́ліцца ўсякім дабром з тым, хто навучае.
Няхай той, каго навучаюць, дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае.
Не ашуківайце сябе́! з Бога не насьмяе́шся. Бо што чалаве́к пасе́е, тое і пажне́:
Не падманвайце сябе: Бог не дазволіць насміхацца з сябе; бо што чалавек пасее, тое і пажне.
хто се́е ў це́ла свае́, ад це́ла пажне́ тле́ннасьць; а хто се́е ў духа, ад духа пажне́ жыцьцё ве́чнае.
Хто сее ў сваім целе, той з цела пажне знішчэнне, а хто сее ў Духу, той з Духа пажне вечнае жыццё.
Робячы-ж дабро, ня журы́мася: бо ў свой час пажне́м, не слабе́ючы.
Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем.
Дык, дакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбале́й таварышом па ве́ры.
Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — блізкім па веры.
Бачыце, як многа напісаў я вам свае́ю рукою.
Гляньце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам уласнаручна.
Жадаючыя хваліцца паводле це́ла прымушаюць вас абрэзывацца толькі дзеля таго, каб ня быць перасьле́даванымі за крыж Хрыстоў;
Тыя, што хочуць падабацца вам целам, змушаюць вас да абразання, каб толькі пазбегнуць пераследу за крыж Хрыста.
бо і тыя, што абрэзываюцца, самі ня пілнуюць закону, але хочуць, каб вы абрэзываліся, каб пахваліцца ў вашым це́ле.
А тыя, што абразаюцца, самі не выконваюць Закон, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца абразаннем вашага цела.
Мне́-ж няхай ня зда́рыцца хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім для мяне́ сьве́т укрыжаваны, і я для сьве́ту.
Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету.
Бо ў Хрысьце́ Ісусе нічога ня значыць ані абрэзаньне, ні неабрэзаньне, але новы твор.
Бо ні абразанне нічога не значыць, ні адсутнасць абразання, але новае стварэнне.
І хто паступае паводле гэтага правіла, мір ім і зьмілаваньне, і Ізраілю Божаму.
І над усімі, хто будзе паступаць паводле гэтага правіла, — спакой і міласэрнасць, а таксама над Ізраэлем Божым.
Урэшце, няхай ніхто ня робіць мне́ цяжару, бо Я нашу́ раны Госпада Ісуса на це́ле маім.
Урэшце, няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на сваім целе раны Езуса.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.