Да Галятаў 5 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык стойце ў волі, якою вы́зваліў нас Хрыстос, і не падпадайце ізноў пад ярмо рабства.
Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі.
Вось я, Паўла, кажу вам, што, калі абрэзываецеся, дык Хрыстос вас нічым не ўспаможа.
Вось я, Павел, кажу вам: калі вы дасцё сябе абрэзаць, Хрыстус вам нічым не дапаможа.
Яшчэ сьве́дчу ўсякаму чалаве́ку, які абрэзываецца, што ён павінен выпаўніць уве́сь закон.
Яшчэ сведчу кожнаму чалавеку, які прымае абразанне, што ён павінен выконваць увесь Закон.
Вы далёкія ад Хрыста; вы, што апраўдываецеся законам, адпалі ад ласкі;
Вы, што апраўдваеце сябе Законам, аддаляецеся ад Хрыста і адпалі ад ласкі.
мы-ж духам ад ве́ры чакаем надзе́і пра́веднасьці;
Мы ж у Духу з надзеяй чакаем апраўдання праз веру.
бо ў Хрысьце́ Ісусе ня ма́е сілы ні абрэзаньне, ні неабрэзаньне, але ве́ра, што дзе́ець праз любоў.
Таму што ў Хрысце Езусе не мае моцы ні абразанне, ні адсутнасць абразання, але вера, якая дзейнічае праз любоў.
Вы бе́глі добра: хто ўбіў вам не карыцца праўдзе?
Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
Гэткае перакананьне не ад Таго, Хто вас закліка́е.
Пераконванне гэтае не ад таго, які вас кліча.
Крошка кісьлі ўсё це́ста квасіць.
Малая закваска квасіць усё цеста.
Я пэўны ў вас у Госпадзе, што нічога ня будзеце думаць інакш; хто-ж вас баламуціць, той, хто-б ён ні быў, панясе́ на сабе́ асуджэньне.
Наконт вас я ўпэўнены ў Пану, што вы не будзеце думаць інакш. А хто бунтуе вас, той будзе асуджанны, хто б ён не быў.
Калі-ж я, браты, і цяпе́р абвяшчаю абрэзаньне, дык завошта-ж яшчэ мяне́ перасьле́дуюць? Тагды спакуса крыжа зьніштожылася-бы.
Браты, калі я і далей абвяшчаю абразанне, то чаму надалей мяне пераследуюць? Бо тады знікла б згаршэнне крыжа.
О, каб былі адсе́чаны тыя, што вас бунтуюць!
О, каб былі скалечаныя тыя, якія вас бунтуюць!
Бо вы к волі пакліканы, браты; каб толькі воля ваша ня была сродкам для це́ла, але праз любоў служы́це адзін аднаму.
Вы, браты, пакліканыя да свабоды. Толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму.
Бо ўве́сь закон у адным слове поўніцца: любі бліжняга твайго, як самога сябе́ (Лявіт 19:18).
Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе.
Калі-ж адзін аднаго грызецё і заяда́еце, сьцеражы́цеся, каб ня былі загублены адзін адным.
Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб не пазабівалі вы адзін аднаго!
Я-ж кажу: хадзе́це духам і пажаданьняў це́ла не спаўняйце.
Я кажу: паступайце паводле Духа і не выконвайце жаданняў цела.
Бо це́ла хоча супраць духу, а дух — супраць це́лу: яны адно аднаму працівяцца, каб вы ня тое рабілі, чаго хаце́лі-б.
Бо жаданні цела супярэчаць Духу, а Дух супярэчыць целу, таму што яны супрацьстаяць адзін аднаму, каб вы не маглі рабіць таго, што хацелі б.
Калі-ж вы ве́дзены духам, дык вы не пад законам.
Калі кіруе вамі Дух, то вы не пад Законам.
Учынкі-ж це́ла ве́дамыя; яны ёсьць: блуд, распуста, нячыстасьць, сваволя,
Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,
паклане́ньне ідалам, чарадзе́йства, варожасьць, спрэчкі, гарачнасьць, гне́ў, сварлівасьць, нязгода, гарэзіі,
ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады, ерасі,
не́навісьць, забойствы, п’янства, няпрыстойнасьць і падобнае; гэтае кажу вам напе́рад, як і казаў, што тыя, хто гэтак робіць, Царства Божага не ўнасьле́дуюць.
нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
Плод жа духа: любоў, радасьць, мір, доўгацярплівасьць, добрасьць, міласэрдзе, ве́ра,
А плод Духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць,
ціхасьць, паўзьдзе́ржлівасьць. На гэтакіх няма закону.
далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону.
А Хрыстовыя раскрыжавалі це́ла з мукамі і пажаданьнямі.
А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю.
Калі мы жыве́м духам, дык і паступаем духам.
Калі мы жывем паводле Духа, то і паступаем паводле Духа.
Ня будзем задавацца, адзін аднаго дражнячы, адзін аднаму завідуючы.
Не будзем шукаць пустой славы, дражнячы і ненавідзячы адзін аднаго.