Да Галятаў 6 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна
Браты, каліб хто і дапусьціўся якога праступства, вы духоўныя павучайце такога ў духу лагоднасьці, зважаючы кажны й на сябе самога, каб і табе ня быць спакушаным.
Браты, калі і ўпадзе чалавек у які праступак, вы, духоўныя, выпраўляйце гэткага ў духу ціхасьці, зважаючы на сябе, каб ня быць спакушанымі.
Адзін другога цяжары насеце і гэтак споўніце закон Хрыстусавы.
Насіце цяжары адзін аднаго, і гэтак споўніце закон Хрыстовы.
Хто бо думае, што ён нешта важнае, нічым будучы, зводзіць сябе самога.
Бо калі хто думае, што ён ёсьць нешта, будучы нічым, ашуквае самога сябе.
Кажны хай справу сваю правярае і як знайдзе хвалыгоднаю, дык толькі перад сабою, а не перад другім;
А кожны няхай выспрабоўвае справы свае, і тады будзе мець пахвалу толькі адносна сябе, а не адносна другога.
Кажны бо ўласны цяжар нясьціме.
Бо кожны панясе свой цяжар.
Навучаны словам хай дзеліцца ўсякім дабром з навучаючым.
А хто навучаецца ў слове, няхай дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто навучае.
Ня крывеце душою: з Богам жартаваць ня можна.
Не падманвайцеся, з Бога не пасьмяешся. Бо што чалавек сее, тое і будзе жаць.
Што бо чалавек пасее, тое й пажне: хто сее ў сваім целе, той з цела пажне тлю прэлую, а хто сее ў духу, з духа жаць будзе жыцьцё вечнае.
Хто сее ў цела сваё, з цела будзе жаць сапсутасьць; а хто сее ў Дух, з Духа будзе жаць жыцьцё вечнае.
Дабро дзеючы, не слабейма, бо ў сваім часе й жаць будзем не слабеючы.
А робячы дабро, ня будзем журыцца, бо ў свой час будзем жаць, калі не саслабеем.
Дык пакуль час маем, рабем дабро ўсім, а найболей аднаверцам з намі.
Дык пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — сваім у веры.
Гляньце, якімі літарамі напісаў я вам уласнаю рукою.
Бачыце, якімі вялікімі літарамі напісаў я вам сваёю рукою.
Тые, што хочуць прыпадабацца водле цела, прынукаюць вас абразацца, абы толькі не цярпець прасьледу за крыж Хрыстуса,
Тыя, якія хочуць мець добры выгляд паводле цела, прымушаюць вас абрэзвацца толькі дзеля таго, каб ня быць ім перасьледаванымі за крыж Хрыстовы.
бо і самі абразаныя Закону не датрымоўваюць, а хочуць і вашага абразання, каб вашым целам хваліцца.
Бо нават тыя, што абрэзваюцца, самі не захоўваюць Закон, але хочуць, каб вы абрэзваліся, каб хваліцца целам вашым.
Мяне-ж крый Божа, каб я меў чым іншым ганарыцца, апрача толькі крыжам Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, празь Якога мне сьвет укрыжаваны, а я — сьвету.
А мне няхай не надарыцца хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне сьвет укрыжаваны, і я — для сьвету.
Бо ў Хрыстусе Езусе ня ёсьць важным абразанне, ці неабразанне, але — новае стварэнне.
Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае аніякай сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але новае стварэньне.
А над усімі, што трымаюцца гэтага правіла ды над Ізраэлем Божым супакой і міласэрдзе.
І хто ходзіць паводле гэтага правіла, на тых — супакой і міласэрнасьць, і на Ізраіль Божы.
Урэшце, няхай ніхто не напрыкраецца мне, бо я на целе маім нашу раны Езуса.
Нарэшце, няхай ніхто не дадае мне працы, бо я нашу пазнакі Госпада Ісуса на целе маім.
Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з духам вашым, браты, (хай будзе). Амэн.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.