Мацьвея 27 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А калі настала раніца, сышліся ўсе першасвятары і старэйшыны народа на раду супраць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць.
 
Калі ж настала раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супраць Езуса, каб забіць Яго.

І, звязаўшы Яго, завялі і перадалі правіцелю Понцію Пілату.
 
І, звязаўшы, павялі і аддалі Яго намесніку Понцію Пілату.

Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён асуджаны, праняты жалем, аддаў трыццаць срэбранцаў першасвятарам і старэйшынам,
 
Тады Юда, які выдаў Езуса, убачыўшы, што Яго асудзілі, пакаяўся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам

кажучы: «Зграшыў я, выдаючы кроў бязвінную». А яны сказалі: «Дык што ты хочаш ад нас? Ты сам глядзі!»
 
і сказаў: «Зграшыў я, бо выдаў нявінную кроў». Яны ж сказалі: «Што нам да таго? Глядзі сам!»

І, кінуўшы срэбранцы ў святыні, ён выйшаў і, адышоўшы, павесіўся.
 
Тады ён, кінуўшы срэбранікі ў святыні, выйшаў і пайшоў павесіўся.

А першасвятары, узяўшы срэбранцы, сказалі: «Нельга перадаць іх у скарбонку, бо гэта плата крыві».
 
А першасвятары ўзялі срэбранікі і сказалі: «Нельга іх класці ў скарбонку святыні, бо гэта цана крыві».

І, учыніўшы раду, купілі за іх поле ганчара для пахавання вандроўнікаў.
 
Яны параіліся і купілі на іх поле ганчара для пахавання чужаземцаў.

З-за гэтага тое поле аж да сённяшняга дня завецца «поле крыві».
 
Таму і па сённяшні дзень называецца гэтае поле «полем крыві».

Тады збылося тое, што было сказана прарокам Ярэміем, які казаў: «І ўзялі трыццаць срэбранцаў, плату за Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраэля,
 
Так збылося сказанае прарокам Ераміем: «Узялі трыццаць срэбранікаў, плату за таго, каго ацанілі сыны Ізраэля,

ды далі іх за поле ганчара, як мне сказаў Госпад».
 
і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Пан».

А Ісус стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: «Дык Ты — Цар Юдэйскі?» Сказаў яму Ісус: «Ты кажаш».
 
Езус жа стаў перад намеснікам, а той спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Езус адказаў: «Ты кажаш».

І калі Яго вінавацілі першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
 
І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў.

Тады кажа Яму Пілат: «Ці ты не чуеш, колькі сведчанняў даюць супраць Цябе?»
 
Тады сказаў Яму Пілат: «Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе?»

А Ён не адказаў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі дзівіўся.
 
Але Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.

На дзень святочны намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога хацелі б.
 
На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання натоўпу аднаго вязня.

А меў ён тады вядомага вязня, які зваўся Барабам.
 
Быў тады ў іх адзін вязень, званы Бараба.

І, калі ўсе яны сабраліся, сказаў Пілат: «Каго вы хочаце, каб я вам адпусціў? Барабу ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?»
 
І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Барабу ці Езуса, званага Хрыстом?»

Бо ён ведаў, што Яго выдалі з-за зайздрасці.
 
Ён ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго.

Калі ён сядзеў на судзілішчы, жонка яго паслала да яго, кажучы: «Не рабі нічога Гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат папакутавала з-за Яго».
 
А калі ён сядзеў на судовым месцы, жонка ягоная паслала сказаць яму: «Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела за Яго».

А першасвятары і старэйшыны падбухторылі народ, каб прасілі Барабу, а Ісуса загубілі.
 
Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі натоўп, каб прасілі за Барабу, а Езуса аддалі на смерць.

І, звяртаючыся, намеснік гаворыць ім: «Каго з двух хочаце, каб я вам адпусціў?» І яны сказалі: «Барабу».
 
Адказваючы, намеснік сказаў ім: «Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам?» Яны сказалі: «Барабу!»

Кажа ім Пілат: «А што ж мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом?» Кажуць яму ўсе: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
 
Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

Гаворыць правіцель: «А што Ён благога зрабіў?» А яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
 
Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

І Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а ўзрушэнне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам, кажучы: «Я не вінаваты ў крыві Справядлівага Гэтага. Гэта ваша справа».
 
Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!»

І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Яго на нас і на нашых сынах».
 
І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых».

Тады ён адпусціў ім Барабу, а Ісуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.
 
Тады адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.

Тады жаўнеры правіцеля, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі да Яго цэлую кагорту.
 
А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту.

І, раздзеўшы Яго, усклалі на Яго пурпуровы плашч;
 
І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч.

і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву; і далі Яму трысціну ў правую руку; і, укленчыўшы перад Ім, здзекаваліся з Яго, кажучы: «Радуйся, Цар Юдэйскі!»
 
І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль юдэйскі!»

І, плюючы на Яго, узялі трысціну і білі Яго па галаве.
 
І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве.

А калі ўжо наздзекаваліся, знялі з Яго пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго хламіду і павялі на ўкрыжаванне.
 
А калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне.

Выходзячы, напаткалі яны чалавека з Цырэны на імя Сімон; яго прымусілі несці крыж Яго.
 
Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірэнэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці Ягоны крыж.

І прыйшлі на месца, якое называецца Гальгота, што значыць «месца чэрапа»,
 
Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае «Месца Чэрапа»,

і далі Яму піць воцат, змяшаны з жоўцю. І, калі яго пакаштаваў, не захацеў піць.
 
далі Яму выпіць віна, змяшанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць.

Потым, укрыжаваўшы Яго, падзялілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя. Каб збылося сказанае праз прарока: «Падзялілі адзежы Мае паміж сабою і на вопратку Маю кінулі жэрабя».
 
Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы.

І, седзячы, сцераглі Яго там.
 
І, седзячы, пільнавалі Яго там.

І над галавой Яго змясцілі надпіс віны Яго: «Гэта Ісус, Цар Юдэйскі».
 
А над галавой Ягонай змясцілі надпіс з віной: «Гэта Езус, кароль юдэйскі».

Тады ўкрыжавалі абапал Яго двух лотраў, аднаго праваруч, а другога леваруч.
 
Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку.

І тыя, што міма ішлі, блюзнілі на Яго, ківаючы галавой сваёй
 
Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі

і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і ў тры дні адбудоўваеш, уратуй Сябе Самога; калі Ты — Сын Божы, сыдзі з крыжа!»
 
і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!»

Падобным чынам і першасвятары, учыняючы здзек разам з кніжнікамі і старэйшынамі народа, казалі:
 
Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі:

«Ён другіх ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа. Калі Ён — Валадар Ізраэля; дык няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым у Яго.
 
«Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго.

Спадзяваўся Ён на Бога, хай жа вызваліць Яго цяпер, калі Ён спагадны да Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».
 
Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».

Таксама і лотры, з Ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.
 
Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.

А ад гадзіны шостай цемра настала на ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
 
Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.

І каля дзевятай гадзіны закрычаў Ісус моцным голасам: «Элі, Элі, лэма сабактані?», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
 
А каля гадзіны дзевятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»

І некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: «Іллю кліча Ён».
 
Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Ён кліча Іллю».

І тут адзін з іх, адразу пабегшы і ўзяўшы губку, напоўніў яе воцатам, і насадзіў на трысціну і даваў Яму піць.
 
І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго.

Іншыя ж казалі: «Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Ілля вызваліць Яго».
 
А другія казалі: «Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго».

А Ісус, ізноў закрычаўшы моцным голасам, сканаў.
 
Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа.

І вось заслона ў святыні разарвалася на дзве часткі зверху ўніз, і зямля здрыганулася, і каменне раскалолася,
 
І вось, заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся,

і адкрыліся магілы, і многія целы святых, што паснулі, паўсталі,
 
і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі

і, выйшаўшы з магіл, па ўваскрэсенні Яго прыйшлі ў святы горад і паказаліся многім.
 
і выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, увайшлі ў святы горад і паказаліся многім.

Сотнік жа і тыя, што з ім былі, вартуючы Ісуса, убачыўшы землятрус ды ўсё, што адбывалася, спалохаліся вельмі, кажучы: «Сапраўды, Ён быў Сын Божы».
 
А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: «Праўдзіва, гэта быў Сын Божы!»

Было там шмат жанчын, што назіралі здалёк, якія хадзілі следам за Ісусам ад Галілеі, паслугоўваючы Яму.
 
Было там таксама шмат жанчын, якія глядзелі здалёк і якія спадарожнічалі Езусу ад Галілеі, служачы Яму.

Сярод іх была Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, ды маці сыноў Зебядзеевых.
 
Была сярод іх Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Юзафа, і маці сыноў Зэбэдэя.

А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які і сам быў вучнем Ісуса.
 
Калі звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, па імені Юзаф, які таксама быў вучнем Езуса.

Ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў, каб аддалі цела.
 
Ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела.

І Язэп, узяўшы цела, абгарнуў яго чыстым палатном,
 
Узяўшы цела, Юзаф захінуў Яго ў чыстае палатно

і паклаў Яго ў сваім новым склепе, што быў высечаны ў скале, і вялікі камень падкаціў да ўвахода ў склеп, і адышоў.
 
і паклаў у сваёй новай магіле, якую высек у скале. Пасля прываліў вялікі камень да ўваходу ў магілу і адышоў.

І была там Марыя Магдалена і другая Марыя, што сядзелі насупраць магілы.
 
Была там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.

А на другі дзень, які ёсць пасля дня Прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата,
 
На другі дзень, што быў пасля прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата

кажучы: «Гаспадару, прыпомнілі мы, што ашуканец Гэты яшчэ жывы сказаў: “Праз тры дні Я ўваскрэсну”.
 
і сказалі: «Пане, мы ўспомнілі, што ашуканец гэты, калі быў яшчэ жывы, сказаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”.

Дык загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб уначы не прыйшлі вучні Яго, і не выкралі Яго, і не сказалі людзям: “Ён паўстаў з мёртвых”, бо тады апошні падман будзе горшы за першы».
 
Таму загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, не выкралі Яго і не сказалі народу: “Ён уваскрос”. І будзе апошні падман горшы за першы».

Пілат гаворыць ім: «Вы маеце варту, ідзіце, сцеражыце, як умееце».
 
Пілат адказаў ім: «Вось вам варта, ідзіце, засцеражыце, як умееце.

Яны, пайшоўшы, умацавалі магілу вартай, прыклаўшы пячатку да каменя.
 
Яны адышлі і засцераглі магілу, запячатаўшы камень і паставіўшы варту.