1 А калі настала раніца, сышліся ўсе першасвятары і старэйшыны народа на раду супраць Ісуса, каб аддаць Яго на смерць.
2 І, звязаўшы Яго, завялі і перадалі правіцелю Понцію Пілату.
3 Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён асуджаны, праняты жалем, аддаў трыццаць срэбранцаў першасвятарам і старэйшынам,
4 кажучы: «Зграшыў я, выдаючы кроў бязвінную». А яны сказалі: «Дык што ты хочаш ад нас? Ты сам глядзі!»
5 І, кінуўшы срэбранцы ў святыні, ён выйшаў і, адышоўшы, павесіўся.
6 А першасвятары, узяўшы срэбранцы, сказалі: «Нельга перадаць іх у скарбонку, бо гэта плата крыві».
7 І, учыніўшы раду, купілі за іх поле ганчара для пахавання вандроўнікаў.
8 З-за гэтага тое поле аж да сённяшняга дня завецца «поле крыві».
9 Тады збылося тое, што было сказана прарокам Ярэміем, які казаў: «І ўзялі трыццаць срэбранцаў, плату за Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраэля,
10 ды далі іх за поле ганчара, як мне сказаў Госпад».
11 А Ісус стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: «Дык Ты — Цар Юдэйскі?» Сказаў яму Ісус: «Ты кажаш».
12 І калі Яго вінавацілі першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
13 Тады кажа Яму Пілат: «Ці ты не чуеш, колькі сведчанняў даюць супраць Цябе?»
14 А Ён не адказаў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі дзівіўся.
15 На дзень святочны намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога хацелі б.
16 А меў ён тады вядомага вязня, які зваўся Барабам.
17 І, калі ўсе яны сабраліся, сказаў Пілат: «Каго вы хочаце, каб я вам адпусціў? Барабу ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?»
18 Бо ён ведаў, што Яго выдалі з-за зайздрасці.
19 Калі ён сядзеў на судзілішчы, жонка яго паслала да яго, кажучы: «Не рабі нічога Гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат папакутавала з-за Яго».
20 А першасвятары і старэйшыны падбухторылі народ, каб прасілі Барабу, а Ісуса загубілі.
21 І, звяртаючыся, намеснік гаворыць ім: «Каго з двух хочаце, каб я вам адпусціў?» І яны сказалі: «Барабу».
22 Кажа ім Пілат: «А што ж мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом?» Кажуць яму ўсе: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
23 Гаворыць правіцель: «А што Ён благога зрабіў?» А яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: «Хай будзе ўкрыжаваны!»
24 І Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а ўзрушэнне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам, кажучы: «Я не вінаваты ў крыві Справядлівага Гэтага. Гэта ваша справа».
25 І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Яго на нас і на нашых сынах».
26 Тады ён адпусціў ім Барабу, а Ісуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.
27 Тады жаўнеры правіцеля, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі да Яго цэлую кагорту.
28 І, раздзеўшы Яго, усклалі на Яго пурпуровы плашч;
29 і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву; і далі Яму трысціну ў правую руку; і, укленчыўшы перад Ім, здзекаваліся з Яго, кажучы: «Радуйся, Цар Юдэйскі!»
30 І, плюючы на Яго, узялі трысціну і білі Яго па галаве.
31 А калі ўжо наздзекаваліся, знялі з Яго пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго хламіду і павялі на ўкрыжаванне.
32 Выходзячы, напаткалі яны чалавека з Цырэны на імя Сімон; яго прымусілі несці крыж Яго.
33 І прыйшлі на месца, якое называецца Гальгота, што значыць «месца чэрапа»,
34 і далі Яму піць воцат, змяшаны з жоўцю. І, калі яго пакаштаваў, не захацеў піць.
35 Потым, укрыжаваўшы Яго, падзялілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя. Каб збылося сказанае праз прарока: «Падзялілі адзежы Мае паміж сабою і на вопратку Маю кінулі жэрабя».
36 І, седзячы, сцераглі Яго там.
37 І над галавой Яго змясцілі надпіс віны Яго: «Гэта Ісус, Цар Юдэйскі».
38 Тады ўкрыжавалі абапал Яго двух лотраў, аднаго праваруч, а другога леваруч.
39 І тыя, што міма ішлі, блюзнілі на Яго, ківаючы галавой сваёй
40 і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і ў тры дні адбудоўваеш, уратуй Сябе Самога; калі Ты — Сын Божы, сыдзі з крыжа!»
41 Падобным чынам і першасвятары, учыняючы здзек разам з кніжнікамі і старэйшынамі народа, казалі:
42 «Ён другіх ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа. Калі Ён — Валадар Ізраэля; дык няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым у Яго.
43 Спадзяваўся Ён на Бога, хай жа вызваліць Яго цяпер, калі Ён спагадны да Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».
44 Таксама і лотры, з Ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.
45 А ад гадзіны шостай цемра настала на ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
46 І каля дзевятай гадзіны закрычаў Ісус моцным голасам: «Элі, Элі, лэма сабактані?», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
47 І некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: «Іллю кліча Ён».
48 І тут адзін з іх, адразу пабегшы і ўзяўшы губку, напоўніў яе воцатам, і насадзіў на трысціну і даваў Яму піць.
49 Іншыя ж казалі: «Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Ілля вызваліць Яго».
50 А Ісус, ізноў закрычаўшы моцным голасам, сканаў.
51 І вось заслона ў святыні разарвалася на дзве часткі зверху ўніз, і зямля здрыганулася, і каменне раскалолася,
52 і адкрыліся магілы, і многія целы святых, што паснулі, паўсталі,
53 і, выйшаўшы з магіл, па ўваскрэсенні Яго прыйшлі ў святы горад і паказаліся многім.
54 Сотнік жа і тыя, што з ім былі, вартуючы Ісуса, убачыўшы землятрус ды ўсё, што адбывалася, спалохаліся вельмі, кажучы: «Сапраўды, Ён быў Сын Божы».
55 Было там шмат жанчын, што назіралі здалёк, якія хадзілі следам за Ісусам ад Галілеі, паслугоўваючы Яму.
56 Сярод іх была Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, ды маці сыноў Зебядзеевых.
57 А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які і сам быў вучнем Ісуса.
58 Ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў, каб аддалі цела.
59 І Язэп, узяўшы цела, абгарнуў яго чыстым палатном,
60 і паклаў Яго ў сваім новым склепе, што быў высечаны ў скале, і вялікі камень падкаціў да ўвахода ў склеп, і адышоў.
61 І была там Марыя Магдалена і другая Марыя, што сядзелі насупраць магілы.
62 А на другі дзень, які ёсць пасля дня Прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата,
63 кажучы: «Гаспадару, прыпомнілі мы, што ашуканец Гэты яшчэ жывы сказаў: “Праз тры дні Я ўваскрэсну”.
64 Дык загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб уначы не прыйшлі вучні Яго, і не выкралі Яго, і не сказалі людзям: “Ён паўстаў з мёртвых”, бо тады апошні падман будзе горшы за першы».
65 Пілат гаворыць ім: «Вы маеце варту, ідзіце, сцеражыце, як умееце».
66 Яны, пайшоўшы, умацавалі магілу вартай, прыклаўшы пячатку да каменя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Мацвея, 27 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017