Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Матфея 27 Паводле Матфея 27 разьдзел

1 Калі ж настала раніца, усе першасвятары́ і старэйшыны народа зрабілі нара́ду су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць;
2 і, звяза́ўшы Яго, павялі і перадалí Яго Понцію Пілату, правíцелю.
3 Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што асудзілі Яго, і раска́яўшыся, аддаў трыццаць срэ́бранікаў першасвятара́м і старэйшынам,
4 ка́жучы: саграшыў я, прада́ўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што́ нам да таго? глядзі сам.
5 І, кінуўшы срэ́бранікі ў храме, ён выйшаў; і, пайшоўшы, павесіўся.
6 Першасвятары́, узяўшы срэ́бранікі, сказалі: не дазваляецца кла́сці іх у храмавую ска́рбніцу, бо гэта цана́ крывí.
7 І, зрабіўшы нара́ду, яны купілі на іх поле ганчара для пахава́ння чужы́нцаў.
8 Таму і называецца поле тое «полем крывí» па сённяшні дзень.
9 Тады збыло́ся ска́занае праз прарока Іерамíю, які кажа: «і ўзялí трыццаць срэ́бранікаў, цану́ Ацэ́ненага, Якога ацанíлі сыны́ Ізра́ілевы,
10 і далí іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь».
11 Іісус жа стаў перад правíцелем. І запыта́ў у Яго правíцель, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.
12 І калі абвінава́чвалі Яго першасвятары́ і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.
13 Тады кажа Яму Пілат: хіба́ не чуеш, колькі све́дчаць су́праць Цябе?
14 І Ён не адказваў яму ні на адно слова, так што правíцель вельмі здзіўляўся.
15 А на свята правíцель меў звы́чай адпуска́ць народу аднаго вя́зня, якога пажада́юць.
16 Быў тады ў іх вядомы вя́зень, званы Вара́вва.
17 І вось, калі сабра́ліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я адпусціў вам — Вара́вву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?
18 Бо ведаў, што з за́йдрасці вы́далі Яго.
19 Тым часам, як сядзеў ён на судзейскім узвышэ́нні, яго жонка паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёння ў сне шмат паку́тавала з-за Яго.
20 Але першасвятары́ і старэйшыны падбухто́рылі натоўп прасіць за Вара́вву, а Іісуса загубíць.
21 Тады правíцель сказаў ім у адказ: каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Вара́вву.
22 Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе распя́ты!
23 Правíцель жа сказаў: якое ж Ён зло ўчынíў? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распя́ты!
24 Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамага́е, а неспакой нараста́е, узяў вады і ўмыў рукі перад народам, ка́жучы: невінава́ты я ў крывí Праведніка Гэтага; глядзіце самі.
25 І, адказваючы, увесь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
26 Тады адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.
27 Тады воіны правíцелевы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабра́лі на Яго цэлы полк,
28 і, раздзеўшы Яго, надзелі на Яго багранíцу;
29 і, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, усклалі на галаву Яго і далí Яму ў правую руку́ кій, і, стаўшы перад Ім на калені, глумíліся з Яго, ка́жучы: радуйся, Цар Іудзейскі!
30 І плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі Яго па галаве.
31 І калі наглумíліся з Яго, знялí з Яго баграніцу і апранулі Яго ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на распя́цце.
32 Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірыне́яніна, па імені Сíман; таго і прыму́сілі не́сці крыж Яго.
33 І, прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чэ́рапа»,
34 далí Яму піць воцат, змяша́ны з жоўцю; і, пакаштава́ўшы, Ён не захацеў піць.
35 Тыя, што распя́лі Яго, дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя;
36 і, се́дзячы, вартава́лі Яго там.
37 І змясцíлі над галавою Яго надпіс з указаннем віны́ Яго: гэта Іісус, Цар Іудзейскі.
38 Тады распя́лі з Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.
39 А тыя, што прахо́дзілі міма, зневажа́лі Яго, ківаючы гало́вамі сваімі
40 і ка́жучы: Ты, Які разбураеш храм і за тры дні будуеш! урату́й Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа́.
41 Гэтаксама і першасвятары́ з кніжнікамі, і старэйшынамі, і фарысеямі, насміхаючыся, казалі:
42 іншых ратава́ў, а Самога Сябе не можа ўратава́ць. Калі Ён Цар Ізра́ілеў, няхай цяпер сы́дзе з крыжа́, і ўверуем у Яго;
43 спадзяваўся на Бога: няхай цяпер збавіць Яго, калі Ён уго́дны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
44 Таксама і разбойнікі, распя́тыя з Ім, га́ньбілі Яго.
45 Ад шостай жа гадзíны цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай.
46 А каля дзевятай гадзíны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: Ілí, Ілí! лама́ савахфанí? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
47 Некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ілію́ кліча Ён.
48 І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе воцатам і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць.
49 Астатнія ж казалі: чакай, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ ратава́ць Яго.
50 Іісус жа, зноў ускры́кнуўшы моцным голасам, спусцíў дух.
51 І вось, заве́са храма разадра́лася напала́м, зверху данíзу; і зямля страсяну́лася; і ска́лы раскало́ліся;
52 і магілы адкрыліся; і многія це́лы спачы́лых святых уваскрэ́слі;
53 і, выйшаўшы з магіл пасля ўваскрасе́ння Яго, ўвайшлі ў святы́ горад і явíліся многім.
54 Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса, ба́чачы землетрасе́нне і ўсё, што адбыло́ся, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды́ Ён быў Сын Божы.
55 Былí там і глядзелі здалёк многія жанчыны, тыя, што пайшлі за Іісусам з Галілеі і служы́лі Яму;
56 сярод іх былí Марыя Магдалíна і Марыя, маці Іакава і Іасíі, і маці сыноў Зевядзе́евых.
57 Калі ж звечарэ́ла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафе́і, па імені Іосіф, які і сам быў вучнем Іісуса;
58 ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў це́ла Іісусава. Тады Пілат загадаў аддаць це́ла.
59 І, ўзяўшы це́ла, Іосіф абгарну́ў яго чыстаю плашчанíцаю
60 і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую вы́сек у скале́; і, прывалíўшы вялікі ка́мень да дзвярэй магілы, адышоў.
61 Была́ ж там Марыя Магдалíна і другая Марыя, якія сядзелі насу́праць магілы.
62 На другі дзень, насту́пны пасля пятніцы, сабра́ліся першасвятары́ і фарысеі да Пілата
63 і казалі: спада́р! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы́, сказаў: «праз тры дні ўваскрэ́сну».
64 Дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы́, не ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс з мёртвых». І будзе апошняе ашуканства горшым за першае.
65 Пілат жа сказаў ім: маеце ва́рту; ідзіце, ахоўвайце, як знаеце.
66 Яны пайшлі і сталі ахоўваць магілу, прыклаўшы да ка́меня пячаць і паставіўшы ва́рту.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Матфея, 27 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.