Біблія » Пераклады » Пераклад Праваслаўнай Царквы

Матфея 26 Паводле Матфея 26 разьдзел

1 І ста́лася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя, то сказаў вучням Сваім:
2 вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы вы́дадзены будзе на распя́цце.
3 Тады сабра́ліся першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны народа ў двор першасвятара́, якога звалі Каіа́фа,
4 і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць.
5 Але казалі: толькі не ў свята, каб не ўзнікла абурэ́нне ў народзе.
6 Калі ж Іісус быў у Віфа́ніі, у доме Сíмана пракажонага,
7 прыступíла да Яго жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мíра шматкашто́ўнага і ўзліва́ла Яму на галаву́, калі Ён узляжа́ў за сталом.
8 Убачыўшы, вучні Яго абу́рыліся і казалі: навошта такая тра́та?
9 Бо можна было́ б прадаць гэтае мíра за вялікія грошы і даць убогім.
10 Але Іісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: навошта бянтэ́жыце жанчыну? яна добрую справу зрабіла для Мяне;
11 бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне не заўсёды ма́еце.
12 Бо ўзліўшы гэтае мíра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахава́ння.
13 Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, ска́зана будзе і пра тое, што́ зрабіла яна, у памяць аб ёй.
14 Тады адзін з двана́ццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоўшы да першасвятароў,
15 сказаў: што вы дасце́ мне, і я вам вы́дам Яго? Яны прапанава́лі яму трыццаць срэ́бранікаў.
16 І з таго часу ён шукаў нагоды вы́даць Яго.
17 У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатава́лі Табе есці пасху?
18 Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога чалавека і скажыце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе спра́ўлю пасху з вучнямі Маімі».
19 І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус, і прыгатава́лі пасху.
20 Калі ж звечарэ́ла, Ён узлёг з двана́ццацю вучнямі.
21 І, калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас вы́дасць Мяне.
22 Яны вельмі засмуцíліся і пачалí гаварыць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзі?
23 А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку́ ў блю́да, той вы́дасць Мяне.
24 Зрэ́шты, Сын Чалавечы ідзе, як напíсана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзíцца.
25 У адказ жа Іуда, які меў вы́даць Яго, сказаў: ці не я, Раввí? Іісус кажа яму: ты сказаў.
26 А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламíў і, раздаючы́ вучням, сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.
27 І, узяўшы чашу, узнёс падзяку, пада́ў ім і сказаў: пíце з яе ўсе,
28 бо гэта Кроў Мая́ новага запавету, якая за многіх праліва́ецца дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.
29 Кажу ж вам, што з гэтага часу не буду піць ад пло́ду гэтага вінагра́днага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
30 І, праспява́ўшы хвалу́, яны пайшлі на гару Елеонскую.
31 Тады кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напíсана: «паражу́ пастыра, і рассе́юцца авечкі ста́да».
32 Пасля ж уваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галілеі.
33 У адказ Пётр сказаў Яму: калі і ўсе ўсумня́цца ў Табе, я не ўсумню́ся.
34 Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.
35 Кажа Яму Пётр: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
36 Потым прыхо́дзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіма́нія, і кажа вучням: пасядзіце тут, пакуль Я пайду памалюся там.
37 І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзе́евых, пачаў смуткава́ць і тужы́ць.
38 Тады кажа ім Іісус: душа Мая́ смуткуе смяротна; пабудзьце тут са Мною і не спíце.
39 І, адышоўшы крыху́, прыпаў тварам Сваім да зямлі, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, няхай абміне́ Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты.
40 І прыхо́дзіць да вучняў і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: няўжо не маглі вы і адной гадзíны патрыва́ць са Мною?
41 Не спíце і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.
42 І зноў, другі раз адышоўшы, маліўся, ка́жучы: Ойча Мой! калі не можа чаша гэтая абміну́ць Мяне, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая.
43 І, прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць, бо ў іх вочы ацяжэ́лі.
44 І, пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэці раз, тое самае слова сказаўшы.
45 Тады прыхо́дзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце; вось, наблізілася гадзíна, і Сын Чалавечы аддае́цца ў ру́кі грэшнікаў.
46 Уставайце, хадзе́м; вось наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.
47 І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Іуда, адзін з двана́ццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў і старэйшын народа.
48 А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмíце Яго.
49 І, адразу падышоўшы да Іісуса, сказаў: радуйся, Раввí! І пацалаваў Яго.
50 Іісус жа сказаў яму: дру́жа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлí, і ўскла́лі ру́кі на Іісуса, і ўзялí Яго.
51 І вось, адзін з тых, што былí з Іісусам, працягнуўшы руку́, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасвятаро́вага, адсе́к яму вуха.
52 Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца яго, бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загíнуць.
53 Ці ты думаеш, што Я не магу цяпер упрасíць Айца Майго, каб Ён даў Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў?
54 Як жа збудуцца Пісанні, што так павінна быць?
55 У той час сказаў Іісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне? Кожны дзень з вамі сядзеў Я, ву́чачы ў храме, і вы не ўзялí Мяне.
56 А ўсё гэта было́, каб збылíся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцяка́лі.
57 А тыя, што ўзялí Іісуса, прывялі Яго да Каіа́фы першасвятара́, куды сабра́ліся кніжнікі і старэйшыны.
58 Пётр жа ішоў следам за Ім воддаль, да двара першасвятаро́вага; і, увайшоўшы ўсярэ́дзіну, сеў са слу́гамі, каб бачыць канец.
59 Першасвятары́, і старэйшыны, і ўвесь сінедрыён шукалі лжывага све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць,
60 і не знахо́дзілі; і хоць шмат ілжы́вых све́дкаў прыхо́дзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжы́выя све́дкі
61 і сказалі: Ён гаварыў: «магу разбуры́ць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
62 І, устаўшы, першасвятар сказаў Яму: нічога не адказваеш на тое, што яны су́праць Цябе све́дчаць?
63 Іісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывы́м, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
64 Кажа яму Іісус: ты сказаў; нават кажу вам: з гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзíць правару́ч сілы і пры́йдзе на воблаках нябесных.
65 Тады першасвятар разадра́ў адзе́нне сваё і сказаў: Ён блюзне́рыць! якую яшчэ патрэ́бу мы маем у све́дках? вось, цяпер вы чулі блюзне́рства Яго!
66 як вам здаецца? Яны ж сказалі ў адказ: Ён ва́рты смерці.
67 Тады плявалі Яму ў твар і штурха́лі Яго; а некаторыя білі па шчо́ках
68 і казалі: скажы нам, Хрысце́, хто ўдарыў Цябе?
69 А Пётр сядзеў зво́нку на двары. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Іісусам Галіле́янінам.
70 Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: не ведаю, што́ ты кажаш.
71 А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, якія былí там: і гэты быў з Іісусам Назарэ́ем.
72 І зноў адрокся ён з клятвай: я не ведаю Гэтага Чалавека.
73 Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды́ і ты з іх, бо і гаворка твая выдае́ цябе.
74 Тады ён пачаў кля́сціся і бажы́цца: я не ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа заспяваў певень.
75 І ўспомніў Пётр словы Іісуса, Які сказаў яму: перш чым заспявае певень, ты тройчы адрачэ́шся ад Мяне. І, выйшаўшы вон, заплакаў горка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Матфея, 26 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.