Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Матфея 23 Паводле Матфея 23 разьдзел

1 Тады Іісус прамовіў да народу і да вучняў Сваіх,
2 ка́жучы: на Маісеевым паса́дзе селі кніжнікі і фарысеі.
3 Дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце, бо яны гавораць, ды не робяць.
4 Яны звя́зваюць цяжа́ры вялікія і непасíльныя і ўсклада́юць на плечы лю́дзям, а самі не хочуць і пальцам зру́шыць іх.
5 Усе справы свае яны робяць дзе́ля таго, каб бачылі іх людзі; пашыра́юць філактэ́рыі свае ды павялічваюць кутасы́ на адзенні сваім.
6 Лю́бяць таксама узляжа́ць напе́радзе на гасцінах, і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах,
7 і каб віталі іх на плошчах, і каб людзі клíкалі іх: «вучыцель! вучыцель!»
8 А вы не называйцеся вучы́целямі, бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос, а ўсе вы — браты́.
9 І айцом сваім не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах.
10 І не называ́йцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
11 Бо́льшы з вас няхай будзе вам слугою.
12 Бо хто ўзвыша́е сябе, той прынíжаны будзе; а хто прыніжа́е сябе, будзе ўзвы́шаны.
13 Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што зачыня́еце Царства Нябеснае перад людзьмí; бо самі не ўвахо́дзіце і тым, што ўвахо́дзяць, не даяце́ ўвайсцí.
14 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паяда́еце дамы́ ўдоў і напака́з доўга моліцеся: за тое пры́меце тым большае асуджэ́нне.
15 Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што прахо́дзіце мора і су́шу, каб прыдба́ць хоць аднаго новага верніка; і калі гэта адбываецца, вы ро́біце яго сы́нам гее́ны, удвая́ горшым за вас.
16 Го́ра вам, павадыры́ сляпыя, што кажаце: «калі хто пакляне́цца храмам, гэта нічога; а калі хто пакляне́цца золатам храма, то вінаваты».
17 Неразумныя і сляпыя! што большае: золата ці храм, які асвячае золата?
18 І яшчэ ка́жаце: «калі хто пакляне́цца ахвя́рнікам, гэта нічога; а калі хто пакляне́цца да́рам, які на ім, то вінава́ты».
19 Неразумныя і сляпыя! што бо́льшае: дар ці ахвя́рнік, які асвяча́е дар?
20 Дык вось, хто кляне́цца ахвя́рнікам, той кляне́цца ім і ўсім, што на ім;
21 і хто кляне́цца храмам, той кляне́цца ім і Тым, Хто жыве́ ў ім;
22 і хто кляне́цца небам, той кляне́цца Прастолам Божым і Тым, Хто сядзíць на ім.
23 Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што даяце́ дзесяціну з мя́ты, анíсу і кме́ну, і адкінулі больш важнае ў законе: суд, міласць і веру; і гэта трэба было рабіць, і таго не пакіда́ць.
24 Павадыры́ сляпыя, што адцэ́джваеце камара́, а вярблю́да праглына́еце!
25 Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што ачышча́еце зво́нку ча́шы і мíсы, а усярэ́дзіне яны поўныя хцíвасці і няўстры́манасці.
26 Фарысей сляпы! ачысці перш сярэ́дзіну ча́шы і мíсы, каб і звонку яны былí чыстымі.
27 Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што робіцеся падобнымі да пабе́леных магіл, якія зво́нку здаюцца прыгожымі, а ўсярэ́дзіне поўныя касцей мерцвякоў і ўсялякага бруду;
28 так і вы знешне здаяце́ся лю́дзям праведнымі, а ўсярэ́дзіне поўныя крываду́шнасці і беззаконня.
29 Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што будуеце грабнíцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,
30 і кажаце: «калі б мы жылí ў дні бацькоў нашых, то не былí б саўдзе́льнікамі іх у праліццí крыві прарокаў»;
31 гэтым вы самі све́дчыце су́праць сябе, што вы сыны́ тых, якія забілі прарокаў.
32 Дапаўняйце і вы меру бацькоў вашых.
33 Зме́і, адро́ддзе яхíдніна! як пазбе́гнеце вы асуджэ́ння на гее́ну?
34 Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрацоў, і кніжнікаў; і некаторых з іх вы заб’яце́ і распняце́, а некаторых будзеце біць у сінагогах вашых і гнаць з горада ў горад;
35 каб прыйшла на вас уся кроў праведная, пралíтая на зямлі, ад крывí Авеля праведнага да крывí Заха́рыі, сына Варахíевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.
36 Праўду кажу вам: усё гэта пры́йдзе на род гэты.
37 Іерусаліме, Іерусаліме, які забіваеш прарокаў і каме́ннем пабіва́еш пасла́ных да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае птушанят сваіх пад кры́лы, і вы не захацелі!
38 Вось, пакіда́ецца вам дом ваш пусты.
39 Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне з гэтага часу, пакуль не ўсклікнеце: «благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць ў імя́ Гасподняе!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Матфея, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.