Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Матфея 21 Паводле Матфея 21 разьдзел

1 І калі наблíзіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Віфагíю да гары Елеонскай, тады Іісус паслаў двух вучняў,
2 сказаўшы ім: ідзіце ў се́лішча, якое перад вамі; і адразу зно́йдзеце аслíцу прывя́заную і асляня́ з ёю; адвяза́ўшы, прывядзíце да Мяне.
3 І калі хто вам скажа што-небудзь, вы адка́жаце, што яны патрэбны Госпаду; і адразу пашле́ іх.
4 А ўсё гэта ста́лася, каб збыло́ся ска́занае праз прарока, які гаворыць:
5 «скажы́це дачцэ́ Сіёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лаго́дны, се́дзячы на аслíцы і асляня́ці, сы́не пад’ярэмнай».
6 Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Іісус:
7 прывялі аслíцу і асляня́; і пакла́лі на іх во́пратку сваю, і Ён сеў паве́рх яе.
8 Мноства людзей пасціла́лі во́пратку сваю на дарогу, а іншыя зраза́лі галíны з дрэў і пасціла́лі на дарогу.
9 А народ, які ішоў папе́радзе і следам, ускліка́ў: Аса́нна Сыну Давíдаваму! благаславёны Той, Хто прыходзіць ў імя́ Гасподняе! Аса́нна ў вы́шніх!
10 І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім, узру́шыўся ўвесь горад, і казалі: хто гэта?
11 А народ казаў: гэта Іісус, Прарок з Назарэта Галіле́йскага.
12 І ўвайшоў Іісус у храм Божы і павыганя́ў усіх тых, якія прадава́лі і купля́лі ў храме, і перакулíў сталы́ мяня́лаў і ўсло́ны тых, што прадавалі галубоў.
13 І кажа ім: напíсана: «дом Мой домам малітвы назаве́цца»; а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
14 І прыступíлі да Яго ў храме сляпыя і кульга́выя, і Ён ацаліў іх.
15 А першасвятары́ і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён зрабіў, і дзяцей, якія ўскліка́лі ў храме і казалі: «Аса́нна Сыну Давідаваму», абу́рыліся
16 і сказалі Яму: чуеш, што яны кажуць? А Іісус кажа ім: так! хіба́ вы ніколі не чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўля́т Ты ўчынíў хвалу́?»
17 І, пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Віфа́нію і правёў там ноч.
18 А раніцай, вярта́ючыся ў горад, захацеў Ён есці.
19 І, убачыўшы пры дарозе адну смако́ўніцу, Ён падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лíсця, кажа ёй: няхай не будзе больш ад цябе пло́ду даве́ку. І адразу ўсохла смако́ўніца.
20 Убачыўшы гэта, вучні здзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смако́ўніца?
21 Іісус жа сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не засумнява́ецеся, то не толькі зробіце тое, што адбыло́ся са смако́ўніцай, але калі і гары́ гэтай ска́жаце: «падыміся і ўве́ргніся ў мора», — будзе так.
22 І ўсё, чаго ні папро́сіце ў малітве з вераю, атрыма́еце.
23 І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, прыступíлі да Яго першасвятары́ і старэйшыны народу і сказалі: якою ўла́даю Ты гэта робіш? і хто Табе даў ула́ду такую?
24 Іісус сказаў ім у адказ: спытаю ў вас і Я адну рэч; калі гэта ска́жаце Мне, то і Я вам скажу, якою ўла́даю гэта раблю.
25 Хрышчэ́нне Іаанава адкуль было́: з неба ці ад людзей? Яны ж разважа́лі паміж сабою: калі скажам: «з неба», то Ён скажа нам: «чаму ж вы не паве́рылі яму?»
26 А калі скажам: «ад людзей», — баімся народу, бо ўсе лічаць Іаана прарокам.
27 І яны сказалі ў адказ Іісусу: не ведаем. Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўла́даю гэта раблю.
28 А як вам здае́цца? У аднаго чалавека было́ два сыны́; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сы́не! ідзі, сёння папрацу́й у вінагра́дніку маім.
29 Але ён сказаў у адказ: «не хачу»; а потым, раска́яўшыся, пайшоў.
30 І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар»; і не пайшоў.
31 Каторы з двух вы́канаў волю ба́цькі? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Іісус: праўду кажу вам, што мы́тнікі і блуднíцы папе́радзе вас ідуць у Царства Божае.
32 Бо прыйшоў да вас Іаан шляхам праведнасці, і вы не паверылі яму, а мы́тнікі і блуднíцы паверылі яму; вы ж, бачыўшы гэта, не раска́яліся і потым, каб паве́рыць яму.
33 Вы́слухайце іншую прытчу. Быў адзін чалавек, гаспадар дома, які насадзíў вінагра́днік, і агаро́джаю абнёс яго, і вы́капаў у ім выціска́льню, і збудаваў вежу, і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся.
34 А калі надышоў час збору пладоў, ён паслаў сваіх рабоў да вінагра́дараў узяць плады́ свае.
35 Вінагра́дары, схапіўшы рабоў яго, каго набілі, каго забілі, а каго каме́ннем пабілі.
36 Зноў паслаў ён іншых рабоў, больш чым ране́й; і з імі зрабілі тое самае.
37 Нарэшце паслаў ён да іх сы́на свайго, ка́жучы: пасаро́меюцца сы́на майго.
38 Але вінагра́дары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго і завалодаем спа́дчынай яго.
39 І, схапіўшы яго, вы́велі вон з вінагра́дніка і забілі.
40 І вось, калі пры́йдзе гаспадар вінагра́дніка, што́ зробіць ён з гэтымі вінагра́дарамі?
41 Кажуць Яму: злачынцаў гэтых пакарае злой смерцю, а вінаграднік перада́сць іншым вінагра́дарам, якія аддава́ць будуць яму плады ў свой час.
42 Іісус кажа ім: няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісанні: «ка́мень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́: ад Госпада ста́лася гэта, і яно дзіўнае ў вачах нашых»?
43 Таму кажу вам, што будзе забра́на ў вас Царства Божае і да́дзена будзе народу, які прыно́сіць плады яго.
44 І той, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе́, таго разду́шыць.
45 І, пачуўшы прытчы Яго, першасвятары́ і фарысеі зразуме́лі, што пра іх Ён гаворыць.
46 І наме́рваліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго лічы́лі прарокам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Матфея, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.