Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Матфея 12 Паводле Матфея 12 разьдзел

1 У той час праходзіў Іісус у суботу праз пасе́вы, а вучні Яго згалада́ліся і пачалí зрываць каласы́ і есці.
2 Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.
3 А Ён сказаў ім: хіба́ вы не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?
4 Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы́ выстаўле́ння, якіх нельга было́ есці ні яму, ні тым, што былí з ім, а толькі адным святара́м?
5 І хіба́ не чыталі вы ў законе, што па суботах святары́ ў храме паруша́юць суботу, аднак невінава́тыя?
6 Але кажу вам, што тут Той, Хто бо́льшы за храм.
7 Калі б ведалі вы, што́ азначае: «мíласці хачу, а не ахвяры», то не асудзíлі б невінава́тых.
8 Бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.
9 І, адышоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.
10 І вось, там быў чалавек, які меў сухую руку́. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаля́ць у суботы? — каб абвінава́ціць Яго.
11 А Ён сказаў ім: ці ёсць сярод вас чалавек, які, ма́ючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе́ ў яму, не во́зьме і не вы́цягне яе?
12 Наколькі ж чалавек больш ва́рты за авечку! Так што можна ў суботы дабро рабіць.
13 Тады кажа чалавеку таму: працягні руку́ тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровай, як другая.
14 А фарысеі, выйшаўшы, учынíлі змову су́праць Яго, як Яго загубíць. Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
15 І пайшло ўслед за Ім мноства народу, і Ён ацалíў іх усіх,
16 і забараніў ім абвяшча́ць пра Яго;
17 каб збыло́ся ска́занае праз прарока Ісаію, які кажа:
18 «Вось, Слуга Мой, Якога Я вы́браў; Узлю́блены Мой, Якога ўпадаба́ла душа́ Мая. Ускладу́ Дух Мой на Яго, і Ён суд народам абве́сціць;
19 не будзе пярэ́чыць, і не будзе крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго;
20 трысцíны надлама́най не перало́міць, і кно́та, які тле́е, не пату́шыць, пакуль не давядзе правасу́ддзе да перамогі;
21 і на імя́ Яго будуць спадзява́цца народы».
22 Тады прывялі да Яго апанава́нага дэманам сляпога і нямога; і Ён ацаліў яго, так што сляпы і нямы́ пачаў гаварыць і ба́чыць.
23 І здзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
24 А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганя́е дэманаў не інакш, як сілаю веельзеву́ла, князя дэманскага.
25 Але Іісус, ведаючы по́мыслы іх, сказаў ім: усякае царства, раздзе́ленае само́е су́праць сябе, запусце́е; і ўсякі горад або дом, раздзе́лены сам су́праць сябе, не ўстаíць.
26 І калі сатана сатану выганя́е, то ён раздзялíўся сам у сабе, як жа ўстаíць царства яго?
27 І калі Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў, то сыны́ вашы чыёю сілаю выганя́юць? Таму яны вам будуць су́ддзямі.
28 Калі ж Я Духам Божым выганя́ю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Царства Божае.
29 Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага і нарабава́ць дабра яго, калі перш не звя́жа дужага, і тады дом яго абрабу́е?
30 Хто не са Мною, той су́праць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскіда́е.
31 Таму кажу вам: усякі грэх і блюзне́рства дару́юцца лю́дзям; а супраць Духа блюзне́рства не дару́ецца лю́дзям.
32 Калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, дару́ецца яму; а калі хто скажа супраць Духа Святога, не дару́ецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
33 Альбо прызна́йце дрэва добрым і плод яго добрым; альбо прызна́йце дрэва кепскім і плод яго кепскім, бо дрэва па плодзе пазнае́цца.
34 Адроддзе яхíдніна?! як вы можаце добрае казаць, бу́дучы ліхíмі? Бо ад перапоўненасці сэ́рца гавораць ву́сны.
35 Добры чалавек з добрай ска́рбніцы выносіць добрае; а ліхí чалавек з ліхо́й ска́рбніцы выно́сіць ліхо́е.
36 Кажу ж вам, што за кожнае ма́рнае слова, якое прамо́вяць людзі, дадуць яны адказ у дзень су́дны.
37 Бо з-за слоў сваіх будзеш апраўда́ны і з-за слоў сваіх будзеш асу́джаны.
38 Тады ў адказ некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі: Настаўнік! мы хочам ад Цябе знаме́нне ўбачыць.
39 А Ён сказаў ім у адказ: род ліхí і пралюбадзе́йны знаме́ння шукае; ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя́ знаме́ння Іоны прарока.
40 Бо як Іона быў у чэ́раве ў кіта́ тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэ́рцы зямлі тры дні і тры ночы.
41 Людзі Ніневíйскія ўстануць на судзе́ з родам гэтым і асу́дзяць яго, бо яны пака́яліся праз пропаведзь Іонаву; і вось, тут бо́льшае за Іону.
42 Царыца по́ўдня ўстане на судзе́ з родам гэтым і асу́дзіць яго, бо яна прыхо́дзіла з кра́ю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.
43 Калі нячысты дух вы́йдзе з чалавека, то блука́е па бязводных мясцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць.
44 Тады ён кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І, прыйшоўшы, застае́ яго пустым, падме́ценым і прыбра́ным.
45 Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люце́йшых за сябе, і, ўвайшоўшы, яны жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхо́му.
46 Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці і браты Яго стаялі звонку, хочучы пагаварыць з Ім.
47 І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае на дварэ́ стаяць, хочучы пагаварыць з Табою.
48 Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая́? і хто браты Мае́?
49 І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая́ і браты Мае́.
50 Бо хто будзе выко́нваць волю Айца Майго, Які на нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Матфея, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.