Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Матфея 22 Паводле Матфея 22 разьдзел

1 І ў адказ Іісус зноў гаварыў да іх прытчамі, ка́жучы:
2 Царства Нябеснае падобна да чалавека-цара, які рабіў вяселле сыну свайму;
3 і паслаў ён рабоў сваіх клíкаць запро́шаных на вяселле; а тыя не хацелі прыйсці.
4 Яшчэ паслаў ён іншых рабоў, ка́жучы: скажыце запро́шаным: «вось я прыгатава́ў абед мой, быкі мае́ і іншае ўко́рмленае зарэзана, і ўсё гатова; прыходзьце на вяселле».
5 Але яны, не нада́ўшы ўва́гі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да га́ндлю свайго.
6 Астатнія ж, схапіўшы рабоў яго, знява́жылі і забілі іх.
7 І, пачуўшы пра гэта, цар разгневаўся, і, паслаўшы войскі свае, знíшчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.
8 Тады кажа ён рабам сваім: вяселле гатова, а запро́шаныя не былí дастойнымі.
9 Дык ідзіце на скрыжава́нні дарог і ўсіх, каго зно́йдзеце, клічце на вяселле.
10 І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабра́лі ўсіх, каго толькі знайшлі: і ліхіх, і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі.
11 Цар, увайшоўшы паглядзе́ць на гасцей, убачыў там чалавека, не ўбра́нага ў вясельнае адзе́нне,
12 і кажа яму: дру́жа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельным адзе́нні? Той жа маўчаў.
13 Тады сказаў цар слу́гам: звяза́ўшы яму ру́кі і ногі, вазьмíце яго і вы́кіньце ў це́мру зне́шнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў.
14 Бо многа паклíканых, але ма́ла вы́браных.
15 Тады фарысеі пайшлі і ўчынíлі змову, каб падлавíць Яго на слове.
16 І пасыла́юць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, ка́жучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзíвы, і шля́ху Божаму па праўдзе ву́чыш, і не стараешся дагадзíць каму-небудзь, бо не глядзіш на аблíчча людзе́й.
17 Дык вось скажы нам: як Табе здае́цца? дазволена даваць пада́так ке́сару ці не?
18 Іісус жа, зразумеўшы зламы́снасць іх, сказаў: што́ спакуша́еце Мяне, крываду́шнікі?
19 Пакажы́це Мне манету, якою пла́ціцца пада́так. Яны прыне́слі Яму дына́рый.
20 І Ён кажа ім: чыя гэта выя́ва і на́дпіс?
21 Кажуць Яму: ке́сара. Тады кажа ім: дык вось, аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.
22 Пачуўшы гэта, яны здзівíліся і, пакінуўшы Яго, адышлí.
23 У той дзень падышлí да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталі Яго:
24 Настаўнік! Маісей сказаў: «калі хто памрэ, не ма́ючы дзяцей, то няхай возьме брат яго жонку яго і адро́дзіць се́мя брату свайму».
25 Было ў нас сем братоў; і першы, ажаніўшыся, памёр і, не ма́ючы се́мені, пакінуў жонку сваю брату свайму.
26 Гэтакса́ма і другі, і трэці, аж да сёмага.
27 А пасля ўсіх паме́рла і жонка.
28 Дык вось, ва ўваскрасе́нні, катораму з сямі будзе яна жонкаю? бо ўсе ме́лі яе.
29 Іісус сказаў ім у адказ: памыля́ецеся, не ве́даючы ні Пісанняў, ні сілы Божае.
30 Бо ва ўваскрасе́нні не жэняцца і не выходзяць замуж, а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.
31 А пра ўваскрасе́нне мёртвых хіба́ не чыталі вы ска́занага вам Богам:
32 «Я Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава»? Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.
33 І, пачуўшы, народ здзіўляўся вучэнню Яго.
34 А фарысеі, пачуўшы, што Ён зму́сіў садукеяў замаўча́ць, сабра́ліся разам.
35 І спытаўся адзін з іх, законнік, спакуша́ючы Яго і ка́жучы:
36 Настаўнік! якая за́паведзь найбо́льшая ў законе?
37 Іісус жа сказаў яму: «узлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім».
38 Гэта першая і найбо́льшая за́паведзь.
39 А другая падо́бная да яе: «узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе».
40 На гэтых дзвюх за́паведзях грунту́ецца ўвесь закон і прарокі.
41 Калі ж сабра́ліся фарысеі, запыта́ў у іх Іісус:
42 што вы ду́маеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
43 Кажа ім: як жа Давід па натхне́нню Духа Госпадам Яго называе, калі кажа:
44 «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзí правару́ч Мяне, пакуль пакладу́ ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх»?
45 Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, я́к гэта Ён сын яму?
46 І ніхто не мог адказа́ць Яму ні слова; і не смеў ужо ніхто з таго дня задаваць Яму пытанні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Матфея, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.