Прыпавесць пра вясельную гасціну
1 Езус зноў расказаў ім прыпавесць:
1 Езус зноў расказаў ім прыпавесць:
2 «Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына.
3 Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці.
4 Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”.
5 Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю.
6 Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.
7 Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.
8 Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі.
9 Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”.
10 Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.
11 Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку,
12 і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў.
13 Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
14 Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
Падатак цэзару
15 Тады фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове.
15 Тады фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове.
16 І паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб спыталіся: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей.
17 Таму скажы нам: як Табе здаецца? Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?»
18 Але Езус, ведаючы іхнюю зласлівасць, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?
19 Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар.
20 Ён спытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?»
21 Адказалі Яму: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».
22 Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі.
Уваскрашэнне памерлых
23 У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
23 У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
24 «Настаўнік, Майсей сказаў: “Калі нехта памрэ, не маючы дзяцей, няхай яго брат возьме жонку ягоную і адродзіць нашчадкаў брату свайму”.
25 Дык вось, было ў нас сем братоў. Першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму.
26 Гэтаксама і другі, і трэці, аж да сёмага.
27 А пасля ўсіх памерла і жонка.
28 Пры ўваскрашэнні катораму з семярых яна будзе за жонку? Бо яна належала ўсім».
29 Езус адказаў ім: «Вы памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ні сілы Божай.
30 Бо пры ўваскрашэнні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, але жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах.
31 А пра ўваскрашэнне памерлых хіба вы не чыталі сказанага вам ад Бога:
32 “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба”? Бог не ёсць Богам мёртвых, а жывых».
33 Натоўп, пачуўшы гэта, дзівіўся з вучэння Яго.
Найбольшая запаведзь
34 Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам.
34 Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам.
35 І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся:
36 «Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?»
37 Езус адказаў яму: «“Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”.
38 Гэта найбольшая і першая запаведзь.
39 Другая ж — падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”.
40 На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».
Хрыстус — Божы Сын
41 Калі фарысеі сабраліся, Езус спытаўся ў іх:
41 Калі фарысеі сабраліся, Езус спытаўся ў іх:
42 «Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?» Яны адказалі Яму: «Давіда».
43 Ён сказаў ім: «Як жа Давід, натхнёны Духам, называе Яго Панам, калі кажа:
44
“Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч Мяне,
пакуль не пакладу ворагаў Тваіх
пад ногі Твае”?
45 Дык калі Давід называе Яго Панам, які ж Ён сын яму?»
46 І ніхто не здолеў адказаць Яму ні слова. З таго дня ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле святога Мацвея, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019