Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 6 Паводле Мацвея 6 разьдзел

Міласціна

1 Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.
2 Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
3 Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая,
4 каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Малітва

5 І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
6 Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
7 Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя.
8 Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
Малітва Панская

9

Таму вы так маліцеся:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
свяціся імя Тваё,

10

прыйдзі Валадарства Тваё,
будзь воля Твая,
як у небе, так і на зямлі.

11

Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння

12

і адпусці нам правіны нашы,
як і мы адпускаем вінаватым нашым.

13

І не ўводзь нас у спакусу,
але збаў нас ад злога.

14 Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам.
15 А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых.
Пост

16 Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
17 Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый свой твар,
18 каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Сапраўдны скарб

19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць.
20 Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць.
21 Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.
Светачам цела ёсць вока

22 Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае.
23 Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!
Бог і мамона

24 Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.
Спадзяванне на Бога

25 Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела — за вопратку?
26 Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх?
27 І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць?
28 І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць.
29 Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
30 Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя?
31 Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?”, або: “У што апрануцца?”
32 Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Нябесны Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
33 Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам.
34 Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Мацвея, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019