Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Мацьвея 6 Паводле Мацьвея 6 разьдзел

1 Глядзеце, не выстаўляйце праведнасьці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.
2 Дык вось, калі даеш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю.
3 У цябе ж, калі даеш міласьціну, няхай ня ведае левая рука твая, што робіць правая,
4 каб міласьціна твая была ў тайнасьці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.
5 І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, што любяць у сынагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
6 Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.
7 А молячыся, не гаварэце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць;
8 дык ня будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце.
9 Дык вось, малецеся так: Войча наш, Які ёсьць на нябёсах! Хай сьвяціцца імя Тваё;
10 хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая як на небе, так на зямлі;
11 хлеб наш надзённы дай нам сёньня;
12 і даруй нам правіны нашыя, як і мы даруем вінаватым перад намі;
13 і не дапусьці нас да спакусы, але ратуй нас ад ліхога; бо Тваё ёсьць Царства і сіла і слава навекі. Амін.
14 Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны;
15 а як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
16 І калі посьціце, ня будзьце заняпалыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям посьнікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
17 А ты, калі посьцішся, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё,
18 каб явіцца посьнікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.
19 Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць:
20 а зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа ня зьнішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і ня крадуць;
21 бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.
22 Сьвяцільня целу ёсьць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык усё цела тваё сьветлае будзе;
23 калі ж вока тваё будзе ліхое, дык усё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі сьвятло, якое ў табе, — цемра, дык якая ж цемра?
24 Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
25 Таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за вопратку?
26 Зірнеце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні зьбіраюць у засекі; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх?
27 Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць адзін локаць?
28 І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на лілеі польныя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;
29 але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх;
30 калі ж траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы!
31 Дык вось, ня турбуйцеся і не кажэце: «што нам есьці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?».
32 Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
33 Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам.
34 Дык вось, ня турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002