1 Тады прыходзяць да Ісуса Ерусалімскія кніжнікі і фарысэі і кажуць:
2 навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.
3 А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?
4 Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ.
5 А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу — тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся»,
6 той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.
7 Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісая, кажучы:
8 «Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне;
9 але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэньням, запаведзям чалавечым».
10 І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:
11 ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
12 Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся?
13 А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца,
14 пакіньце іх: яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.
15 А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
16 Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня?
17 ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць?
18 а што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;
19 бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі:
20 гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.
21 І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія.
22 І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.
23 Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі.
24 А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.
25 А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.
26 А Ён сказаў у адказ: нядобра — узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
27 Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх.
28 Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.
29 Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.
30 І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх,
31 так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.
32 А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.
33 І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?
34 І кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.
35 І загадаў людзям узьлегчы на зямлю.
36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узьнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні — людзям.
37 І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;
38 А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.
39 І адпусьціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002