Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 15 Матфея 15 разьдзел

1 Тады прыходзяць да Ісуса кніжнікі і фарысеі з Іерусаліма, кажучы:
2 Чаму вучні Твае парушаюць паданне старэйшых? Бо не мыюць [сваіх] рук, калі ядуць хлеб.
3 Ён жа сказаў ім у адказ: Чаму вы парушаеце Божую запаведзь дзеля вашага падання?
4 Бо сказаў44 Бог: «Шануй бацьку і маці», і: «Хто ліхасловіць бацьку ці маці, няхай кончыць смерцю».
5 А вы кажаце: «Калі хто скажа бацьку ці маці: «Дар Богу — тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся»,
6 той не абавязаны шанаваць свайго бацьку [ці сваю маці]»; і адмянілі вы Божае слова45 дзеля вашага падання.
7 Крывадушнікі! Добра прарочыў пра вас Ісаія, кажучы:
8 «Гэты народ шануе Мяне вуснамі, сэрца ж іх далёка адстаіць ад Мяне;
9 але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы навукам — запаведзям чалавечым».
10 І Ён, паклікаўшы натоўп, казаў ім: Слухайце і разумейце:
11 не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
12 Тады, падышоўшы, [Яго] вучні кажуць Яму: Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?
13 Ён жа сказаў у адказ: Кожная расліна, якую не пасадзіў Мой Бацька Нябесны, будзе выкаранена.
14 Пакіньце іх; яны — сляпыя павадыры [сляпых]; а калі сляпы вядзе сляпога, абодва ўпадуць ў яму.
15 Пётр жа сказаў Яму ў адказ: Растлумач нам [гэтую] прыпавесць.
16 А Ён46 сказаў: Няўжо і вы яшчэ не разумееце?
17 Хіба [яшчэ не] разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у жывот і выкідваецца ў адыходнае месца?
18 А што з вуснаў выходзіць — з сэрца выходзіць, і тое апаганьвае чалавека.
19 Бо з сэрца выходзяць ліхія намеры, забойствы, чужаложства, крадзеж, ілжэсведчанні, блюзнерствы:
20 гэта апаганьвае чалавека, а есці нямытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.
21 І, выйшаўшы адтуль, Ісус адышоў у землі Тырскія і Сідонскія.
22 І вось, жанчына — хананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала [Яму], кажучы: Злітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Маю дачку цяжка мучыць дэман.
23 Ён жа не адказаў ёй ні слова. І Яго вучні, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы: Адпусці яе, бо ідзе і крычыць за намі.
24 Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінулых авечак дома Ізраілевага.
25 А яна, падышоўшы, упала перад Ім, кажучы: Госпадзе! дапамажы мне!
26 Ён жа сказаў у адказ: Нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
27 А яна сказала: Так, Госпадзе! Але і шчаняты ядуць крошкі, што падаюць са стала іх гаспадароў.
28 Тады ў адказ Ісус сказаў ёй: О жанчына, вялікая твая вера! Няхай будзе табе, як ты хочаш. — І з тае гадзіны выздаравела яе дачка.
29 І Ісус, адышоўшы адтуль, прыйшоў да Галілейскага мора; і, узышоўшы на гару, сеў там.
30 І падышлі да Яго вялікія натоўпы, ведучы з сабою кульгавых, сляпых, калек, нямых і многіх іншых і клалі іх да Яго47 ног, і Ён вылечыў іх;
31 так што натоўп дзівіўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі — здаровыя, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць; і яны славілі Бога Ізраілевага.
32 А Ісус, паклікаўшы Сваіх вучняў, казаў: Шкада Мне гэты натоўп, бо ўжо тры дні застаецца пры Мне, і не мае што есці; і адпусціць іх галодных не хачу, каб яны не саслабелі ў дарозе.
33 І [Яго] вучні кажуць Яму: Адкуль нам узяць у пустэльні гэтулькі хлябоў, каб накарміць такі натоўп?
34 А Ісус пытаецца ў іх: Колькі ў вас хлябоў? — Яны ж сказалі: Сем і некалькі рыбінак.
35 І загадаў натоўпу ўзлегчы на зямлю;
36 узяў сем хлябоў і рыбы, і, узнёсшы падзяку, паламаў і даў [Сваім] вучням, а вучні — натоўпам.
37 І ўсе елі і наеліся; і пазасталых кавалкаў назбіралі сем поўных кашоў.
38 А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчын, акрамя жанчын і дзяцей.
39 І, адпусціўшы натоўпы, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магадана48.

Каментары ці зноскі:

4 44: У некат. рукап.: запаведаў, кажучы.
6 45: У некат. рукап.: Божую запаведзь.
16 46: У некат. рукап.: Ісус.
30 47: У некат. рукап. Ісусавых.
39 48: У некат. рукап.: у межы Магдаліна.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Матфея, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014