Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 10 Матфея 10 разьдзел

1 І, паклікаўшы дванаццаць Сваіх вучняў, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і вылечваць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
2 А імёны дванаццаці Апосталаў такія: першы Сіман, званы Пятром, і Андрэй, яго брат; Іякаў Зевядзееў, і Іаан, яго брат;
3 Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей, зборшчык падаткаў; Іякаў Алфееў і Фадзей25;
4 Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
5 Гэтых дванаццаць Ісус паслаў і загадаў ім, кажучы: На дарогу да язычнікаў не хадзіце і ў горад самарыцян не ўваходзьце;
6 а ідзіце лепш да загубленых авечак Ізраілевага дому.
7 І, ходзячы, прапаведуйце, кажучы: «Наблізілася Царства Нябёсаў».
8 Хворых вылечвайце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, дэманаў выганяйце; дарма атрымалі — дарма давайце.
9 Не набірайце ні золата, ні серабра, ні медзі ў свае паясы,
10 ні торбы ў дарогу, ні двух хітонаў, ні сандаляў, ні посаха. Бо варты работнік сваёй спажывы.
11 А ў які б горад ці сяло вы ні ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім годны; і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце;
12 а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, [кажучы: «Мір дому гэтаму»].
13 І калі дом годны, няхай зыдзе ваш мір на яго; калі ж не будзе годны, няхай ваш мір да вас вернецца.
14 А хто не прымае вас і не паслухае вашых слоў, то, выходзячы з таго дома ці з горада страсіце пыл з вашых ног.
15 Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе Садомскай і Гаморскай зямлі ў судны дзень, чым таму гораду.
16 Вось, Я пасылаю вас, як авечак між ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як змеі, і нявінныя, як галубы.
17 І асцерагайцеся людзей: бо яны будуць аддаваць вас у сінедрыёны і бічаваць вас у сваіх сінагогах;
18 і да намеснікаў і да цароў павядуць вас з-за Мяне на сведчанне ім і язычнікам.
19 Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як ці што казаць: бо вам будзе дадзена ў тую гадзіну, што казаць;
20 бо не вы будзеце казаць, а Дух вашага Бацькі будзе казаць у вас.
21 І аддасць брат брата на смерць і бацька — дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх.
22 І будуць усе ненавідзець вас з-за Майго імя; а хто выстаіць да канца, будзе ўратаваны.
23 А калі вас будуць гнаць у гэтым горадзе, уцякайце ў другі; бо праўду кажу вам: не паспееце ні ў якім разе абысці Ізраілевых гарадоў, як прыйдзе Сын Чалавечы.
24 Вучань не вышэйшы за настаўніка і слуга за свайго гаспадара.
25 Даволі для вучня, каб ён зрабіўся, як яго настаўнік, і слуга — як яго гаспадар. Калі гаспадара дома назвалі Веельзевулам, то тым больш — яго дамашніх!
26 Дык не бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што не адкрыецца; і таемнага, што не будзе вядома.
27 Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; а што чуеце на вуха, прапаведуйце на дахах.
28 І не бойцеся тых, хто забівае цела, а душы не можа забіць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і цела і душу загубіць у геене.
29 Хіба не прадаюцца два вераб’і за асарый26? І ніводны з іх не ўпадзе на зямлю без ведама вашага Бацькі.
30 У вас жа і валасы на галаве ўсе палічаны.
31 Дык не бойцеся: бо вы даражэйшыя за мноства вераб’ёў.
32 Дык кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, вызнаю і Я яго перад Маім Бацькам, Які ў нябёсах;
33 а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, адракуся і Я ад яго перад Маім Бацькам, Які ў нябёсах.
34 Не думайце, што Я прыйшоў мір прынесці на зямлю; Я прыйшоў прынесці не мір, а меч.
35 Бо Я прыйшоў аддзяліць: чалавека — ад яго бацькі, і дачку — ад яе маці, і сынавую — ад яе свекрыві;
36 і ворагі чалавеку — яго дамашнія.
37 Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне не годны Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не годны Мяне,
38 і хто не бярэ свайго крыжа, а ідзе ўслед за Мною, не годны Мяне.
39 Хто знойдзе сваё жыццё ў гэтым веку, страціць яго; а хто страціць сваё жыццё27 дзеля Мяне, знойдзе яго.
40 Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
41 Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; хто прымае праведніка ў імя праведніка, атрымае ўзнагароду праведніка.
42 І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі кубкам сцюдзёнай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, той ні ў якім разе не страціць сваёй узнагароды.

Каментары ці зноскі:

3 25: Варыянт: Левій, званы Фадзеем.
29 26: Старажытная дробная манета.
39 27: У старагр. мове слова псюхэ можа перакладацца як жыццё і як душа.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Матфея, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014