1 У тую гадзіну падышлі вучні да Ісуса, кажучы: Хто ж большы ў Царстве Нябёсаў?
2 І [Ісус], паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх
3 і сказаў: Сапраўды кажу вам: калі не зменіцеся і не зробіцеся, як дзеці, ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў.
4 Дык хто прынізіць сябе і будзе, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябёсаў.
5 І хто прыме адно такое дзіця ў Маё імя, Мяне прымае.
6 А хто звядзе ад веры аднаго з гэтых малых, што веруюць у Мяне, лепей было б таму, каб павесілі яму млынавы жарон60 на шыю і ўтапілі ў марской глыбіні.
7 Бяда свету ад спакусаў; бо павінны прыйсці спакусы; але бяда [таму] чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.
8 Калі ж твая рука ці твая нага ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепей табе ўвайсці ў жыццё аднарукім ці кульгавым, чым маючы дзве рукі ці дзве нагі, быць кінутым у вечны агонь.
9 І калі тваё вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену агнявую.
10 Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых; бо кажу вам, што іх Анёлы ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
11 [Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і ўратаваць загінулае]61.
12 Як вам здаецца? Калі нейкі чалавек меў сто авечак і адна з іх заблудзілася, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблудзілася?
13 І калі ўдасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, што ён цешыцца ёю болей, чым за дзевяноста дзевяццю, якія не заблудзіліся.
14 Так няма волі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.
15 Калі ж твой брат саграшыць [супроць цябе], ідзі і выкрый яго сам-насам. Калі паслухае цябе, ты прыдбаў свайго брата.
16 Калі ж не паслухае, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведак было замацавана кожнае слова.
17 Калі ж не паслухае іх, скажы царкве; калі ж і царквы не паслухае, няхай будзе табе ён, як язычнік і зборшчык падаткаў.
18 Праўду кажу вам, што звяжаце на зямлі, будзе звязана ў небе; і што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе.
19 Зноў [сапраўды] кажу вам: калі двое з вас загодзяцца на зямлі прасіць чаго-небудзь, то, чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
20 Бо дзе двое ці трое сабраліся ў Маё імя, там Я між іх.
21 Тады падышоў [да Яго] Пётр і сказаў Яму: Госпадзе, колькі разоў дараваць майму брату, калі ён будзе грашыць супроць мяне? Ці да сямі разоў?
22 Кажа яму Ісус: Я не кажу табе: «Да сямі разоў», а да сямідзесяці разоў па сем!
23 Таму Царства Нябёсаў падобнае на аднаго цара, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі.
24 А калі пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінаваты дзесяць тысяч талентаў.
25 А таму, што той не меў, з чаго аддаць, загадаў [яго] уладар прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што меў, і спагнаць.
26 Тады слуга, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: «[Гаспадару], пацярпі ты мне, і я ўсё табе аддам».
27 І, пашкадаваўшы таго слугу, уладар адпусціў яго і дараваў яму доўг.
28 А той слуга, выйшаўшы, знайшоў аднаго са слуг, як сам, які быў вінаваты яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, пачаў душыць, кажучы: Аддай [мне], што вінаваты.
29 Дык слуга, упаўшы перад ім62, прасіў яго, кажучы: Пацярпі ты мне, і я аддам табе.
30 Але той не захацеў, а, пайшоўшы, кінуў яго ў турму, пакуль ён не аддасць доўгу.
31 Дык, убачыўшы гэта, яго таварышы моцна засмуціліся; і, пайшоўшы, расказалі свайму ўладару ўсё, што адбылося.
32 Тады яго ўладар, паклікаўшы яго, кажа яму: Ліхі слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, бо ты ўпрасіў мяне;
33 хіба і ты не павінен быў злітавацца над сваімі таварышамі, як і я злітаваўся над табою?
34 І яго ўладар, разгневаўшыся, перадаў яго катам, пакуль не аддасць [яму] ўсяго доўгу.
35 Так і Мой Нябесны Бацька зробіць вам, калі кожны з вас не даруе ад сэрца свайго брату свайму [яго правінаў].
Каментары ці зноскі:
6 60: Літаральна: асліны жарон (г. зн. які прыводзіцца ў рух аслом).
11 61: Гэтага радка няма ў найстаражытнейшых рукапісах.
29 62: У некат. рукап.: у ногі яму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Матфея, 18 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014