1 У той час прыступіліся вучні да Ісуса, кажучы: дык хто большы ў Валадарстве Нябёсаў?
2 І, паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго пасярод іх
3 і сказаў: праўду кажу вам, калі ня навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябёсаў.
4 Пагэтаму хто ўмалíць сябе як гэтае дзіця, той ёсьць большы ў Валадарстве Нябёсаў.
5 І калі хто прыйме адно гэткае дзіця ў Імя Маё, Мяне прыймае.
6 А хто спакусіць аднаго з малых гэтых веручых у Мяне, лепш (было бы) яму, каб яму павесілі на шыю млынавы жо́ран і каб ён быў утоплены на глыбіні мора.
7 Гора сьвету ад спакусаў: бо спакусы мусяць прыйсьці; але гора таму чалавеку празь якога спакуса прыходзіць.
8 Калі ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці бяз нагі, чым зь дзьвюма рукамі ці дзьвюма нагамі быць укінутым у вагонь вечны.
9 І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, чым зь двума вачыма быць укінутым у геенну вогненную.
10 Глядзеце, ня пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што Ангелы іхныя на Нябёсах заўсёды бачаць Аблічча Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) на Нябёсах.
11 Бо прыйшоў Сын Чалавечы выратаваць загінуўшае.
12 Як вам здаецца? Калі б у нікаторага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх, то ці ня пакінуў бы ён у гарах дзявяноста дзевяць і ці ня пайшоў бы шукаць заблудзіўшуюся?
13 І калі б сталася знайсьці яе, праўду кажу вам: ён радуецца за яе больш, чым за дзявяноста дзевяць ня заблудзіўшыхся.
14 Пагэтаму няма Волі Ба́цькі вашага, Які (ёсьць) на Нябёсах, каб загінуў адзін з малых гэтых.
15 І калі саграшыў супраць цябе брат твой, ідзі і дакары яго між табою і ім адным, калі паслухаецца цябе, то здабыў ты брата твайго.
16 Калі ж ня паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двох, каб вуснамі двох ці трох сьведкаў было пацьверджана кожнае (сказанае) слова.
17 Калі ж ня паслухаецца іх, скажы царкве, калі ж і царквы ня паслухаецца, няхай будзе ён табе, як пага́нін і мытнік.
18 Праўду кажу вам: усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана на небе; і ўсё, што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.
19 Яшчэ кажу вам: калі двое з вас на зямлі прыйдуць да згоды аб кожную рэч, (дык) чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) на Нябёсах.
20 Бо дзе ёсьць двое ці трое, сабраныя дзеля Майго Імені, там Я сярод іх.
21 Тады Пётра падыйшоўшы да Яго сказаў: Госпадзе! Колькі разоў дараваць брату майму, калі саграшыць супраць мяне? да сямі разоў?
22 Ісус кажа яму: ня кажу табе: да сямі разоў, але да сямідзясяці разоў па сем.
23 Пагэтаму Валадарства Нябёсаў упадоблена чалавеку валадару, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.
24 Калі ж ён пачаў рахавацца, быў прыведзены да яго адзін даўжнік, які (вінен быў) дзесяць тысяч талантаў.
25 А як ён ня меў чым заплаціць, ягоны гаспадар загадаў: прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што (ён) меў, і заплаціць.
26 Тады раб той упаўшы пакланіўся яму, кажучы: валадару, пацярпі на мне і ўсё табе заплачу.
27 Валадар, зьлітаваўшыся над тым рабом, адпусьціў яго і доўг дараваў яму.
28 Выйшаўшы ж раб гэны знайшоў аднаго саслужбовага сябру свайго, каторы быў вінен яму сто дынараў і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне, што вінен.
29 Тады саслужывец ягоны, упаўшы да ног ягоных, маліў яго, кажучы: пацярпі на мне, і ўсё аддам табе.
30 Ён жа ня хацеў (пацярпець), але пайшоўшы ўкінуў яго ў вязьніцу, пакуль ня аддасьць доўгу.
31 Убачыўшы ж стаўшаеся саслужыўцы ягоныя вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі валадару свайму ўсё, што сталася.
32 Тады валадар ягоны паклікаўшы яго кажа яму: нягодны раб, увесь той доўг (я) дараваў табе, бо ты ўпрасіў мяне;
33 ці ня належала і табе памілаваць саслужыўца твайго, як і я памілаваў цябе?
34 І разгневаўшыся валадар ягоны аддаў яго ка́там, пакуль ня аддасьць усяго доўгу яму.
35 Так і Ба́цька Мой Нябесны зробіць вам, калі ня даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 18 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020