Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мацвея 18 Паводле Мацвея 18 разьдзел

1 У той час падышлі вучні да Ісуса, кажучы: «Каго Ты лічыш большым у Валадарстве Нябесным?»
2 І, паклікаўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх
3 і сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
4 Дык вось, хто ўпакорыцца, як гэта дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным.
5 І хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прыме.
6 А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, што ў Мяне вераць, лепш было б яму, каб павесілі жоран млынавы на шыю яго і ўтапілі ў глыбіні марской.
7 Гора свету ад згаршэнняў. Бо мусяць прыйсці згаршэнні, аднак гора чалавеку, праз якога згаршэнне прыходзіць.
8 Дык калі рука твая або нага твая горшыць цябе, адрэж яе ды кінь ад сябе. Лепш табе калекаю ці кульгавым увайсці ў жыццё, чым, маючы дзве рукі або дзве нагі, быць укінутым у агонь вечны.
9 І, калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго ды кінь ад сябе. Лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць укінутым у агонь пякельны.
10 Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых. Бо кажу вам, што анёлы іх у небе бачаць заўсёды аблічча Айца Майго, Які ёсць у небе.
11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб уратаваць загінуўшае.
12 Як вам здаецца? Калі хто мае сто авечак і адна з іх згубіцца, ці ж не пакідае ён у гарах дзевяноста дзевяць і ці не ідзе шукаць тую, што заблукала?
13 І, калі ўдаецца яму яе адшукаць, сапраўды кажу вам, што з яе будзе мець больш радасці, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.
14 Так няма волі Айца вашага, Які ёсць у небе, каб загінуў адзін з малых гэтых.
15 І, калі зграшыць супраць цябе брат твой, ідзі і дакары яго між табою і ім адным. І, калі ён паслухае цябе, здабудзеш брата твайго.
16 А калі не паслухае, вазьмі з сабой яшчэ аднаго або двух, каб на доказе двух або трох сведкаў стаяла кожнае слова.
17 А калі б і іх не паслухаў, скажы царкве. А калі б і царквы не паслухаў, хай будзе табе як паганін і мытнік.
18 Сапраўды кажу вам: што звяжаце на зямлі, будзе звязана і на небе, і што развяжаце на зямлі, будзе развязана і ў небе.
19 Таксама кажу вам: калі двое з вас пагодзяцца на зямлі аб якой-колечы рэчы, чаго б яны ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсць у небе.
20 Бо дзе ў імя Маё збяруцца двое або трое, там і Я пасярод іх».
21 Тады Пётра, падышоўшы, сказаў Яму: «Госпадзе, колькі разоў маю дараваць брату майму, калі будзе грашыць супраць мяне? Ці да сямі разоў?»
22 Кажа яму Ісус: «Не кажу табе да сямі разоў, але да сямідзесяці па сем разоў.
23 Дзеля таго падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека-валадара, які хацеў разрахавацца з паслугачамі сваімі.
24 І, калі стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, што быў яму вінаваты дзесяць тысяч талентаў.
25 Паколькі не меў ён з чаго аддаць, загадаў гаспадар яго прадаць яго, жонку яго, дзяцей і ўсё, што меў, ды заплаціць.
26 Але паслугач той, упаўшы, прасіў яго, кажучы: “Валадару, май цярплівасць да мяне, і я аддам табе ўсё”.
27 І гаспадар паслугача таго, пашкадаваўшы, адпусціў яго і доўг яму дараваў.
28 Але паслугач той, выйшаўшы, напаткаў аднаго з таварышаў сваіх, што быў яму вінаваты сто дынараў. І, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай, што мне вінаваты”.
29 І, упаўшы, таварыш той прасіў яго, кажучы: “Май цярплівасць да мяне, і аддам табе”.
30 Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць яму доўгу.
31 Бачачы, што робіцца, таварышы яго засмуціліся вельмі ды пайшлі і расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.
32 Тады пазваў яго гаспадар яго і гаворыць яму: “Паслугач нягодны, я ўвесь твой доўг дараваў табе, бо ты мяне прасіў.
33 Ці ж не належала, каб і ты злітаваўся над таварышам сваім, як я злітаваўся над табой?”
34 І, угнеўлены, гаспадар яго выдаў яго катам, пакуль яму не аддасць усяго доўгу.
35 Так і Айцец Мой, Які ў небе, зробіць вам, калі вы не даруеце кожны брату свайму правіны яго ў сэрцах вашых».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Мацвея, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017