Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мацвея 17 Паводле Мацвея 17 разьдзел

1 І па шасці днях узяў Ісус Пётру, Якуба і Яна, брата яго, і завёў іх асобна на высокую гару адных.
2 І перамяніўся перад імі; і аблічча Яго заззяла як сонца, а адзенне Яго сталася белым як святло.
3 І вось, паказаліся перад імі Майсей і Ілля, што размаўлялі з Ім.
4 А Пётра, звяртаючыся да Ісуса, сказаў: «Госпадзе, добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну».
5 Калі ён яшчэ гэта гаварыў, вось, светлае воблака закрыла іх. І вось, голас з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім Я маю ўпадабанне; Яго слухайце».
6 І, чуючы гэта, вучні ўпалі на твар свой і надта спалохаліся.
7 І падышоў да іх Ісус, і дакрануўся да іх, кажучы: «Устаньце і не бойцеся».
8 І, падняўшы вочы свае, яны нікога болей не бачылі, адно Самога Ісуса.
9 І, калі сыходзілі з гары, загадаў ім Ісус: «Нікому не кажыце пра відзенне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых».
10 І пыталіся ў Яго вучні, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці раней?»
11 Ісус, адказваючы, гаворыць: «Ілля сапраўды прыйдзе спярша і направіць усё.
12 Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і яго не пазналі, але абышліся з ім, як хацелі; і Сын Чалавечы будзе ад іх цярпець».
13 Тады зразумелі вучні, што Ён гаварыў ім пра Яна Хрысціцеля.
14 Калі яны прыйшлі да народа, падышоў да Яго чалавек, упаўшы перад Ім на калені
15 і кажучы: «Госпадзе, памілуй сына майго, бо ён — лунатык і шмат пакутуе, часта падае ў агонь і часта ў ваду.
16 Я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі яго аздаравіць».
17 Ісус жа, адказваючы, гаворыць: «О род няверны і пераваротны, як доўга буду з вамі? Ды як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго сюды да Мяне».
18 І насварыўся на яго Ісус, і дэман выйшаў з яго, і ў тую гадзіну хлопец паздаравеў.
19 Тады патаемна падышлі да Ісуса вучні на самоце і кажуць: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
20 Ісус кажа ім: «З прычыны вашай няверы. Бо сапраўды кажу вам: калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, сказалі б вы гэтай гары: “Перайдзі адсюль туды”, і пяройдзе, і нічога для вас не будзе немагчымага.
21 Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.»
22 Калі яны знаходзіліся ў Галілеі, сказаў ім Ісус: «Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі людзей,
23 і яны заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне». І засмуціліся яны моцна.
24 І калі яны прыйшлі ў Кафарнаўм, падышлі да Пётры тыя, што збіралі дыдрахмы, і сказалі: «Настаўнік ваш ці заплаціць дыдрахму?»
25 Ён сказаў: «Пэўна». І калі ён увайшоў у дом, папярэдзіў яго Ісус, кажучы: «Як табе здаецца, Сімоне? Валадары зямныя з каго бяруць чынш або падатак: са сваіх сыноў ці з чужых?»
26 Калі ж той адказаў: «З чужых», — сказаў яму Ісус: «Значыць, сыны вольныя.
27 Але, каб мы іх не згоршылі, ідзі да мора і закінь вуду, і тую рыбу, якая першая трапіцца, вазьмі і, адкрыўшы ёй рот, знойдзеш статыр. Узяўшы яго, дай ім за Мяне і за сябе».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Мацвея, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017