1 Потым падышлі да Ісуса кніжнікі і фарысеі з Ерузаліма, кажучы:
2 «Чаму вучні Твае пераступаюць звычаі старэйшых? Бо яны не мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб».
3 А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Чаму і вы пераступаеце прыказанні Божыя дзеля вашай традыцыі? Бо Бог сказаў:
4 “Шануй бацьку твайго і маці”, і таксама: “Хто зняважыць бацьку або маці — хай будзе смерцю пакараны”.
5 Вы ж кажаце: “Той, хто скажа бацьку або маці: “Дар ёсць тое, у чым табе ад мяне была б карысць”,
6 той можа не шанаваць бацькі свайго ці маці сваю”. Так скасавалі вы слова Божае дзеля вашай традыцыі.
7 Крывадушнікі! Добра пра вас праракаваў Ісая, кажучы:
8 “Гэты народ набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і шануе Мяне языком, але сэрца іх далёка ад Мяне;
9 ды дарэмна ўшаноўваюць Мяне, выкладаючы вучэнні і прыказанні людскія”».
10 І, склікаўшы людзей, казаў ім: «Слухайце і разумейце:
11 не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выходзіць, тое апаганьвае чалавека».
12 Тады падышлі вучні Яго і кажуць Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?»
13 А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Усякая расліна, якой не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, выкарчавана будзе.
14 Пакіньце іх: яны сляпыя правадыры сляпых; а калі сляпы сляпога наперадзе вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму».
15 А Пётра, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам гэтую прыпавесць».
16 А Ён сказаў: «І вы таксама яшчэ без розуму?
17 Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўваходзіць, ідзе ў чэрава і выкідаецца вонкі?
18 А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца, і гэта апаганьвае чалавека.
19 Бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойства, чужаложства, распуста, рабункі, фальшывыя сведчанні, блюзненні.
20 Гэта тое, што апаганьвае чалавека. А есці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».
21 І, выйшаўшы адтуль, Ісус накіраваўся ў межы Тыра і Сідона.
22 І вось, жанчына хананейка, выйшаўшы з тых мясцін, крычала Ісусу, кажучы: «Злітуйся нада мной, Госпадзе, Сыне Давіда! Дачка мая моцна ад дэмана пакутуе».
23 А Ён не адказаў ёй ані слова. А вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусці яе, бо яна крычыць нам услед».
24 Але Ён, адказваючы, гаворыць: «Пасланы Я толькі да авец, якія пакінулі дом Ізраэля».
25 А яна падышла і пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе, дапамажы мне!»
26 Ён, адказваючы, гаворыць: «Не добра забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць шчанятам».
27 А яна сказала: «Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць ад крошак, якія падаюць са стала гаспадароў іх».
28 Тады, адказваючы, Ісус гаворыць ёй: «О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як ты хочаш». І ў тую ж гадзіну дачка яе была аздароўлена.
29 І, калі выйшаў адтуль Ісус, прыйшоў Ён на бераг мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сядзеў там.
30 І падышлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабой кульгавых, сляпых, нямоглых, нямых ды многа іншых, і клалі іх да ног Ісуса, і Ён аздаравіў іх,
31 так што людзі дзівіліся, бачачы, што нямыя гавораць, нямоглыя аздараўляюцца, і кульгавыя ходзяць, і сляпыя бачаць. І ўслаўлялі Бога Ізраэля.
32 Ісус жа, паклікаўшы вучняў Сваіх, казаў: «Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і не маюць чаго есці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не аслабелі ў дарозе».
33 І кажуць Яму вучні Яго: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткі натоўп?»
34 І гаворыць ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і крыху рыбы».
35 І загадаў Ісус людзям узлегчы на зямлі.
36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбу і падзяку складаючы, разламаў і даў вучням Сваім, а вучні людзям.
37 І елі ўсе, і наеліся. А таго, што засталося з кавалкаў, назбіралі сем поўных кашоў.
38 А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
39 І, адпусціўшы людзей, Ён увайшоў у лодку і прыплыў у межы Магдаліна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Мацвея, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017