1 Таго ж дня Ісус, выйшаўшы з дома, сядзеў ля мора.
2 І сабралася пры Ім мноства людзей, так што Ён, у лодку ўвайшоўшы, сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.
3 І прамаўляў Ён да іх шмат у прыпавесцях, кажучы: «Вось выйшаў сейбіт сеяць.
4 І, калі сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі тое.
5 Іншае ж упала на камяністую зямлю, дзе не мела шмат глебы, і ўзышло зараз жа, бо глеба была неглыбокая.
6 Калі ж паднялося сонца, павяла, бо не мела карэння, і засохла.
7 Трэцяе ўпала між цернямі, і церні выраслі і заглушылі яго.
8 Чацвёртае ж упала на добрую зямлю і дало плод: адно — сто, другое — шэсцьдзясят, а трэцяе — трыццаць.
9 Хто мае вушы, хай слухае».
10 І, падышоўшы, вучні сказалі Яму: «Чаму прамаўляеш да іх у прыпавесцях?»
11 Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім гэта не дадзена.
12 Бо таму, хто мае, дададзена будзе і памножыцца; а ў таго, хто не мае, і тое, што мае, будзе аднята.
13 Таму гавару ім у прыпавесцях, бо яны, гледзячы, не бачаць і, слухаючы, не чуюць ды не разумеюць.
14 Так спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, які кажа: “Слыхам пачуеце — і не зразумееце. Гледзячы, будзеце глядзець — і не ўбачыце.
15 Бо сэрца гэтага народа зрабілася жорсткім, і вушамі з цяжкасцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам вачамі не ўбачыць і вушамі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб Я аздаравіў іх”.
16 Дабраславёныя ж вочы вашы, бо бачаць, і вушы вашы, бо чуюць.
17 Сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, і не бачылі, ды чуць, што вы чуеце, і не чулі.
18 Вы ж слухайце наконт прыпавесці пра сейбіта.
19 Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць ліхі і выкрадае тое, што пасеяна ў сэрцы яго. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна.
20 А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, гэта той, хто слухае слова і адразу з радасцю прымае яго,
21 але не мае кораня, таму зменны. І, калі настане ўціск і пераследы за слова, адразу ж спакушаецца.
22 А ў каго пасеяна між цернямі, гэта той, хто слова слухае, але клопаты жыцця і панада багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.
23 У каго ж на добрай зямлі пасеяна, гэта той, хто слова слухае, і разумее, і прыносіць плод: адзін — у сто разоў, другі — у шэсцьдзясят, а іншы — у трыццаць».
24 Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: «Падобна Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на сваёй раллі.
25 Але калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго, і насеяў кукалю пасярод пшаніцы, і пайшоў.
26 І калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.
27 А паслугачы, прыйшоўшы да гаспадара дома, сказалі яму: “Гаспадару, ці ж ты не добрае пасеяў насенне на сваёй раллі? Адкуль жа ўзяўся кукаль?”
28 А ён ім гаворыць: “Вораг людзей гэта зрабіў”. Паслугачы ж кажуць яму: “Хочаш, мы пойдзем і збяром яго?”
29 Але ён сказаў: “Не, каб часам, збіраючы кукаль, не выкаранілі з ім і пшаніцу.
30 Дазвольце і аднаму, і другому расці да жніва. А ў час жніва скажу жняцам: “Збярыце раней кукаль і звяжыце ў пучкі, каб спаліць яго, а пшаніцу збярыце ў маё гумно”».
31 Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: «Падобна Валадарства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў на сваёй раллі.
32 Яно з усіх зярнят найменшае, але, калі вырасце, то большае за любую зеляніну і становіцца дрэвам, так што прылятаюць нябесныя птушкі і гняздуюцца на яго галінах».
33 Іншую прыпавесць расказаў ім: «Падобна Валадарства Нябеснае да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль усё не закісла».
34 Гэта ўсё расказваў Ісус многім людзям у прыпавесцях і без прыпавесцей не гаварыў да іх,
35 каб споўнілася тое, што было сказана прарокам, які казаў: «Адкрыю вусны Мае ў прыпавесцях, выказваць буду тое, што было скрыта ад стварэння свету».
36 Потым, адпусціўшы людзей, Ісус увайшоў у дом, і прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Растлумач нам прыпавесць пра кукаль на раллі».
37 Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Той, хто рассявае добрае насенне, ёсць Сын Чалавечы.
38 Ралля — гэта свет; добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а кукаль — сыны ліхога;
39 а вораг, які пасеяў яго, — гэта д’ябал; жніво — канец свету, а жняцы — анёлы.
40 І падобна таму, як збіраюць кукаль і паляць агнём, так будзе пры канцы свету.
41 Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і яны збяруць з Валадарства Яго ўсе згаршэнні і тых, што чыняць беззаконне,
42 і ўкінуць іх у печ вогненную. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
43 Тады справядлівыя будуць яснець, як сонца, у Валадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, хай слухае.
44 Падобна Валадарства Нябеснае да скарбу, схаванага ў зямлі, які ўтойвае чалавек, што знайшоў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тую зямлю.
45 Таксама падобна Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае прыгожыя перлы.
46 Ён, знайшоўшы адзін каштоўны перл, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яго.
47 Падобна таксама Валадарства Нябеснае да нерату, што быў закінуты ў мора ды сабраў рыбу ўсялякага роду.
48 Калі ён поўны, дык, выцягнуўшы яго на бераг ды сеўшы, добрае адбіраюць у посуд, а благое прэч адкідаюць.
49 Так будзе пры канцы свету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх пасярод справядлівых,
50 ды ўкінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
51 Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны кажуць Яму: «Так, Госпадзе».
52 А Ён ім гаворыць: «Таму кожны кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да чалавека гаспадара дому, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое».
53 І сталася, калі скончыў Ісус гэтыя прыпавесці, пайшоў адтуль.
54 І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў у сінагозе іх, а яны дзівіліся і казалі: «Адкуль жа ў Яго гэтая мудрасць і магутнасць?
55 Ці ж гэта не Сын цесляра? Ці ж Маці Яго не завуць Марыяй, а братоў Яго — Якубам і Язэтам, Сімонам і Юдай?
56 А сёстры Яго ці ж не ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?»
57 Ды зняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне яго і ў доме сваім».
58 І не ўчыніў там многіх цудаў з-за нявер’я іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Мацвея, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017