Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 13 Паводля Мацьвея 13 разьдзел

1 У той жа дзень, выйшаўшы з дому, Ісус сеў ля мора.
2 І зыйшлося да Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен каб сесьці, а ўвесь народ стаяў на беразе.
3 І гаварыў ім шмат прыповесьцямі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.
4 І калі ён сеяў, іншае (семя) упала ля дарогі; і наляцелі птушкі і падзяўблі гэнае.
5 А іншае ўпала на (мейсцы) камяністыя, дзе няшмат было зямлі; і зараз узыйшло, бо зямля была ня глыбокая.
6 Калі ж узыйшло сонца, завяла, і ня меўшы караня, засохла.
7 Іншае ж упала сярод цярніны, і вырасла цярніна і заглушыла яго.
8 Іншае ж упала на зямлю добрую і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, другое ж у шэсьцьдзясят, іншае ж у трыццаць.
9 Хто мае вушы чуць, хай чуе!
10 І, прыступіўшыся, вучні сказалі Яму: чаму гаворыш ім прыповесьцямі?
11 Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: таму што вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябёсаў, а ім ня дадзена.
12 Бо хто мае, таму дадзена будзе і прымножана, а хто ня мае, у таго будзе аднята нават тое, што мае.
13 Таму кажу ім прыповесьцямí, таму што яны гледзячы ня бачаць, і слухаючы ня чуюць, і ня разумеюць.
14 І збываецца над імі прароцтва Гісаі, якое кажа: вухам пачуеце і ня зразумееце, і, прыглядаючыся, будзеце глядзець і ня ўбачыце.
15 Бо агрубела сэрца народу гэтага, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ім ня ўбачыць вачыма, і ня пачуць вушамі, і сэрцам ня зразумець, ды ня навярнуцца (да Мяне), каб Я аздаравіў іх.
16 Вашыя ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць.
17 Бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі ўбачыць, што вы бачыце, і ня ўбачылі, і пачуць, што вы чуеце, і ня пачулі.
18 Вы ж уразумейце прыповесьць (пра) сейбіта.
19 Да кожнага, што слухае Слова Валадарства і ня разумее, прыходзіць благі і з сілай выкрадае пасеянае ў сэрцы ягоным, — гэта ёсьць пасеянае ля дарогі.
20 А пасеянае на камяністыя мясьціны, — гэта ёсьць той, што слухае Слова і зараз жа з радасьцяй прыймае яго;
21 але ня мае ў сабе караня і нясталы: калі ж настае бяда ці перасьледаваньне за Слова, адразу адступаецца.
22 А пасеянае ў цярніне азначае таго, што слухае Слова, але клопаты веку гэтага і панада багацьця заглушаюць Слова, і стаецца яно бясплодным.
23 А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто слухае Слова і разумее, які зараз жа прыносіць плод і дае: адзін дае сто, іншы шэсцьдзесят, а іншы трыццацькрот.
24 Другую прыповесьць прапанаваў Ён ім, кажучы: Валадарства Нябёсаў падобна чалавеку, які сее добрае семя на полі сваім.
25 Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны і пасеяў куко́ль сярод пшаніцы, і пайшоў.
26 Калі ж узыйшла рунь і дала плод, тады зьявіўся і куко́ль.
27 Прыйшоўшы ж рабы гаспадара дому сказалі яму: Гаспадар! ці ня добрае семя пасеяў ты на полі тваім? Адкуль жа на ім куко́ль?
28 Ён жа сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, тады (мы) пойдзем, выпалем яго?
29 Але ён запярэчыў: не, каб, выбіра́ючы куко́ль, вы ня павырыва́лі ра́зам зь ім (і) пшаніцы.
30 Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва (я) скажу жанцам: зьбярэце перш куко́ль і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.
31 Іншую прыповесьць прапанаваў (Ён) ім, кажучы: Валадарства Нябёсаў падобна зярняці гарчыцы, якое, узяўшы, чалавек пасеяў на полі сваім,
32 яно меншае за ўсякае семя; але, калі вырасьце, яно большае за ўсякую агародную расьліну, і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі ягоным.
33 Іншую прыповесьць сказаў (Ён) ім: падобна Валадарства Нябёсаў да рашчыны, якую ўзяўшы, жанчына замясіла ў трох мерах мукі, дакуль ня скісла ўсё.
34 Ўсё гэтае гаварыў Ісус народу прыповесьцямі, і бяз прыповесьці ня гаварыў ім,
35 каб збылося ска́занае праз прарока, які кажа: адчыню ў прыповесьцях Вусны Мае, выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету. (Пс. 78:2)
36 Тады, адпусьціўшы народ, Ісус увайшоў у дом. І прыступіліся да Яго вучні Ягоныя, кажучы: растлумач нам прыповесьць пра куко́ль на полі.
37 Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы.
38 А поле ёсьць сьвет, а добрае насеньне гэта — сыны Валадарства, а куко́ль ёсьць сыны благога;
39 а вораг, які пасеяў іх, ёсьць дыябал; а жніво ёсьць сканчэньне веку; а жанцы ёсьць Ангелы.
40 А таму, як зьбіраюць куко́ль і агнём паляць, гэтак будзе пры сканчэньні веку гэтага:
41 пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і зьбяруць з Валадарства Ягонага ўсе спакусы і ўсіх, хто робіць бяззаконьне.
42 І ўкінуць іх у печ вагністую: там будзе плач і скрыгатаньне зубоў.
43 Тады праведнікі зазьзяюць, як сонца, у Валадарстве Бацькі іхняга. Хто мае вушы каб чуць, няхай чуе!
44 Яшчэ падобна Валадарства Нябёсаў да скарбу, схава́наму на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэнае поле.
45 Яшчэ падобнае Валадарства Нябёсаў чалавеку купцу, які шукае сапраўдных пэрлаў
46 які, знайшоўшы адну вельмі дарагую пэрліну, пайшоў, прадаў усё што меў і купіў яе.
47 Яшчэ падобнае Валадарства Нябёсаў да нерату, які закінулі ў мора і захапілі ўсякага роду (рыбы),
48 які, калі напоўніўся, выцягнулі на бераг, і, сеўшы, добрую сабралі ў судзіны, а благую выкінулі вон.
49 Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць Ангелы і аддзеляць ліхіх спасярод праведных
50 і ўкінуць іх у печ вагністую. Там будзе плач і скрыгатаньне зубоў.
51 Пытаецца ў іх Ісус: ці зразумелі (вы) усё гэтае? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!
52 Ён жа сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны дзеля Валадарства Нябёсаў, падобны чалавеку гаспадару дому, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
53 І сталася, калі скончыў Ісус прыповесьці гэтыя, (Ён) пайшоў адтуль.
54 І, прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхнай, так што яны дзівіліся і казалі: адкуль у Яго гэткая мудрасьць і сілы?
55 Ці ня цесьляў Ён Сын? Ці ня Ягоная маці завецца Марыля, і браты Ягоныя Якуб, і Ёся, і Сымон, і Юда?
56 І ці ня ўсе сёстры Ягоныя ёсьць сярод нас? Дык адкуль у Яго ўсё гэтае?
57 І сумняваліся ў Ім. Ісус жа сказаў ім: ня бывае прарок няганаро́вым, хíба толькі на бацькаўшчыне Ягонай і ў доме Ягоным.
58 І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверы іхнай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020