Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 28 Паводля Мацьвея 28 разьдзел

1 Калі прайшла субота на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыля Магдаліна і другая Марыля паглядзець магілу.
2 І вось, стаўся вялікі землятрус: бо Ангел Госпада, які сыйшоў зь Неба, прыступіўшы адваліў камень ад дзьвераў (магілы) і сядзеў на ім.
3 Выгляд жа яго быў, як маланка, і вопратка ягоная белая, як сьнег.
4 І ад страху перад ім ахоўнікі былі апанаваны такім трымценьням, што зрабіліся, як мёртвыя.
5 Ангел жа загаварыўшы да жанчын сказаў: вы ня бойцеся, бо ведаю, што шукаеце Ісуса раскрыжаванага;
6 Яго тут няма, бо (Ён) уваскрэшаны як сказаў; падыдзіце, паглядзіце мейсца, дзе ляжаў Госпад
7 ды пайшоўшы хутчэй скажыце вучням Ягоным: (Ён) уваскрэшаны зь мёртвых і вось перад вамі прыйдзе ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось (я) сказаў вам.
8 І выйшаўшы борзда з магілы, са страхам і вялікай радасьцю пабеглі апавясьціць вучняў Ягоных.
9 Калі ж (яны) ішлі апавясьціць вучняў Ягоных, і вось Ісус спаткаў іх кажучы: радуйцеся! а яны, прыступіўшыся, абнялі Ногі Ягоныя і пакланіліся Яму.
10 Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзіце апавясьціце братоў Маіх каб ішлі ў Галілею, і там убачыце Мяне.
11 І калі яны ішлі, вось нікаторыя з варты прыйшоўшы ў места апавясьцілі архірэям усё, што здарылася.
12 І сабраныя са старэйшынамі і ўчыніўшы нараду, далí жаўнерам нямалыя грошы,
13 кажучы: скажыце: вучні Ягоныя прыйшоўшы ноччу ўкралі Яго калі мы спалі.
14 І калі (чуткі) пра гэта дойдуць да правіцеля мы пераканаем яго, і зробім вас свабоднымі ад няпрыемнасьцяў.
15 Яны ж узяўшы грошы зрабілі як былí навучаны. І разыйшлося слова гэтае паміж жыдамі аж да сягоньняшняга дня.
16 А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус.
17 І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму, а нікаторыя засумняваліся.
18 І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: дадзена Мне ўся ўлада на Небе і на зямлі.
19 Пайшоўшы ж, рабіце вучнямі ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Ба́цькі, і Сына, і Сьвятога Духа,
20 вучачы іх выконваць усё, што (Я) загадаў вам. І вось Я з вамі ўва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 28 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020