Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 28 Паводле Мацвея 28 разьдзел

Пустая магіла

1 Калі мінуў шабат, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.
2 І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім.
3 Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег.
4 Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі як мёртвыя.
5 Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага.
6 Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены,
7 ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам».
8 І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю яны пабеглі паведаміць вучням Ягоным.
Езус з’яўляецца жанчынам

9 А Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце». Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму.
10 Тады Езус сказаў ім: «Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць».
Подкуп варты

11 Калі яны былі ў дарозе, некаторыя з варты прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што сталася.
12 Тыя сабраліся са старэйшынамі, параіліся і далі жаўнерам даволі шмат срэбранікаў,
13 кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і выкралі Яго, калі мы спалі.
14 А калі гэта дойдзе да вушэй намесніка, мы пераканаем яго і ўратуем вас ад непрыемнасцяў».
15 Яны ж узялі срэбранікі і зрабілі так, як іх навучылі. І разнеслася чутка пра гэта сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.
Езус з’яўляецца вучням. Місійны наказ

16 Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус.
17 І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся.
18 Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі.
19 Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
20 Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Мацвея, 28 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019