Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 28 Матфея 28 разьдзел

1 А пасля суботы, на досвітку першага дня тыдня прыйшла Марыям86 Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.
2 І вось зрабіўся вялікі землятрус; бо Анёл Гасподні зышоў з неба і, падышоўшы, адваліў камень [ад уваходу ў магільню] і сеў на яго.
3 Выгляд жа яго быў, як маланка, а шаты яго белыя, нібы снег.
4 І ад страху перад ім задрыжалі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя.
5 Але Анёл у адказ жанчынам сказаў: Не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса, укрыжаванага.
6 Яго няма тут; Ён уваскрэшаны, як сказаў. Хадзіце паглядзіце месца, дзе ляжаў [Госпад].
7 Ды, хутка пайшоўшы, скажыце Яго вучням, што Ён уваскрэшаны з мёртвых; і вось выпярэджвае вас у Галілеі: там Яго ўбачыце. Вось я сказаў вам.
8 І яны, хутка адышоўшы ад магільні, са страхам і вялікаю радасцю пабеглі паведаміць Яго вучням.
9 [Калі ж яны ішлі паведаміць Яго вучням], то вось Ісус сустрэў іх, кажучы: Радуйцеся! — І яны, падышоўшы, ахапілі Яго ногі і ўпалі ніцма перад Ім.
10 Тады Ісус кажа ім: Не бойцеся; ідзіце, паведаміце Маім братам, каб яны пайшлі ў Галілею, і там убачаць Мяне.
11 А калі яны ішлі, вось, некаторыя з варты, прыйшоўшы ў горад, паведамілі першасвятарам пра ўсё, што адбылося.
12 І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошай воінам,
13 кажучы: Скажыце так: «Яго вучні, прыйшоўшы ўночы, укралі Яго, калі мы спалі».
14 А калі дачуецца пра гэта намеснік, мы пераканаем [яго] і вы не будзеце мець клопату.
15 І яны, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І разышлася гэтая пагалоска між іудзеяў аж да сённяшняга [дня].
16 Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Ісус,
17 і, убачыўшы Яго, яны ўпалі ніцма [перад Ім], а некаторыя засумняваліся.
18 Ды Ісус, падышоўшы, прамовіў да іх, кажучы: Мне дадзена ўся ўлада на небе і на зямлі.
19 Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Бацькі, і Сына, і Святога Духа,
20 вучачы іх выконваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку. [Амін.]

Каментары ці зноскі:

1 86: У некат. рукап.: Марыя.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Матфея, 28 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014