1 І, выйшаўшы з Храма, ішоў Ісус, і падышлі Яго вучні, каб паказаць Яму збудаванні Храма.
2 Ён жа ў адказ ім: Бачыце ўсё гэта? Сапраўды кажу вам: ні ў якім разе не астанецца тут каменя на камені, які не будзе зруйнаваны.
3 Калі ж Ён сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго вучні на адзіноце, кажучы: Скажы нам, калі гэта будзе і які знак Твайго прышэсця і сканчэння гэтага веку?
4 І ў адказ Ісус сказаў ім: Глядзіце, каб хто вас не ўвёў у зман;
5 бо многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Я Хрыстос», і многіх увядуць у зман.
6 Будзеце ж чуць пра войны і погаласкі пра войны; глядзіце, не трывожцеся: бо гэта павінна адбыцца; але гэта яшчэ не канец.
7 Бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будуць голад і [зараза] і месцамі землятрусы,
8 але ўсё гэта пачатак родавых боляў.
9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць вас забіваць; і ўзненавідзяць вас усе народы з-за Майго імя.
10 І тады многія зняверацца і будуць выдаваць адзін аднаго і ўзненавідзець адзін аднаго;
11 і многія лжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;
12 і з-за таго, што памножыцца беззаконне, пахаладае ў многіх любоў.
13 А хто вытрывае да канца, той будзе ўратаваны.
14 І будзе прапаведана гэтае Евангелле Царства на цэлым свеце дзеля сведчання ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
15 Дык, калі ўбачыце брыдоту спусташэння, пра якую сказана праз Данііла-прарока, — што паўстане на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —
16 тады тыя, хто ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;
17 хто на даху, няхай не спускаецца ўзяць што-небудзь са свайго дома;
18 і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад, каб узяць сваю вопратку.
19 Бяда ж тым, хто мае ва ўлонні, і тым, хто корміць грудзьмі ў тыя дні!
20 Маліцеся ж, каб не выпала вам уцякаць узімку ці ў суботу.
21 Бо тады будзе вялікае гора, якога не было ад пачатку свету аж дагэтуль і ніколі не будзе.
22 І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не ўратаваўся б ніхто; але дзеля выбраных будуць скарочаны тыя дні.
23 Тады, калі хто вам скажа: «Вось, тут Хрыстос», — ці «Тут!», — не верце;
24 бо паўстануць ілжэхрысты і лжэпрарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі можна, і выбраных.
25 Вось, Я наперад вам сказаў.
26 Дык, калі скажуць вам: «Вось, Ён у пустэльні», — не выходзьце; «Вось, Ён ва ўнутраных пакоях», — не верце;
27 бо як маланка бліскае на ўсходзе і свеціць аж на захадзе, такое будзе прышэсце Сына Чалавечага;
28 [бо] дзе будзе труп, там збяруцца арлы.
29 І зразу, пасля ўціску тых дзён, сонца зацьміцца, і месяц не дасць свайго святла, і зоркі ўпадуць з неба, і нябесныя сілы захістаюцца.
30 І тады з’явіцца на небе знак Сына Чалавечага; і тады загалосяць усе зямныя плямёны і ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці на нябесных воблаках з сілаю і вялікай славаю;
31 І Ён пашле Сваіх Анёлаў з гучнагалосай трубою, і яны збяруць Яго выбраных ад чатырох вятроў, ад краю нябёс да краю іх.
32 Ад фігавага ж дрэва вучыцеся прыпадабненню: калі галіна яго ўжо робіцца мяккаю і выпускае лісце, то ведаеце, што лета блізка;
33 так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
34 Сапраўды кажу вам: не міне гэтае пакаленне, як усё гэта адбудзецца.
35 Неба і зямля мінуць, а Мае словы не мінуць.
36 Пра дзень жа той і гадзіну ніхто не ведае, ні Анёлы нябесныя, ні Сын — толькі [Мой] Бацька адзін.
37 Бо як у Ноевы дні, такое будзе прышэсце Сына Чалавечага.
38 Бо як у [тыя] дні перад патопам елі і пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
39 і не ўведалі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх; такое будзе [і] прышэсце Сына Чалавечага.
40 Тады два будзе ў полі: адзін будзе ўзяты, а адзін — пакінуты;
41 дзве будуць малоць у жорнах: адна будзе ўзята, а адна — пакінута.
42 Дык будзьце пільныя, бо не ведаеце, у які дзень78 прыходзіць ваш Госпад.
43 Ведайце ж тое, што калі б гаспадар дома ведаў, у каторую варту прыходзіць злодзей, то ён упільнаваў бы і не даў бы падкапаць свайго дома.
44 Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, у якую вы не спадзеяцеся, прыходзіць Сын Чалавечы.
45 Дык хто верны і разумны раб, якога гаспадар паставіў над сваімі слугамі, каб даваў ім у свой час ежу?
46 Шчаслівы той раб, якога гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што ён так робіць;
47 сапраўды кажу вам, што ён паставіць яго над усёю сваёю маёмасцю.
48 Калі ж той ліхі раб скажа ў сэрцы сваім: «Не хутка прыйдзе мой гаспадар»
49 і пачне біць сваіх таварышаў, будзе есці і піць з п’яніцамі,
50 то прыйдзе гаспадар таго слугі ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае,
51 і рассячэ яго папалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.
Каментары ці зноскі:
42 78: У некат. рукап.: у якую гадзіну.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Матфея, 24 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014