Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мацвея 24 Паводле Мацвея 24 разьдзел

1 І, выйшаўшы, Ісус пакрочыў ад святыні, і падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму пабудовы святыні.
2 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Хіба не бачыце вы гэта ўсё? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
3 А калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, прыйшлі вучні да Яго на адзіноце і пыталіся: «Скажы, калі гэта будзе, і які знак Твайго прышэсця і сканчэння веку?»
4 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто вас не звёў.
5 Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Я — Хрыстос”, і многіх звядуць.
6 Пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны; глядзіце, каб не напалохаліся, бо так належыць быць, але гэта яшчэ не канец.
7 Падымецца народ на народ і царства на царства, і будуць голад, моры і месцамі землятрусы.
8 Гэта ўсё — пачатак родавых боляў.
9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас будуць, ды будзеце вы зненавіджаны ўсімі народамі за імя Маё.
10 І тады многія згоршацца, і будуць выдаваць адзін аднаго, і будуць ненавідзець адзін аднаго,
11 і паўстануць многія фальшывыя прарокі і будуць зводзіць многіх.
12 І ад таго, што памножыцца беззаконне, астыне любоў у многіх.
13 Але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
14 І будзе прапаведавацца гэтае Евангелле Валадарства па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
15 І, калі ўбачыце нарэшце агіду спусташэння, якая паўстане на святым месцы, як сказана Даніэлем прарокам, — хто чытае, хай разумее, —
16 тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,
17 і хто на даху, хай не сыходзіць, каб узяць што-небудзь з дома свайго;
18 і хто на полі, хай не вяртаецца забраць свой плашч.
19 Гора цяжарным і тым, хто корміць грудзьмі у тыя дні!
20 Дык прасіце, каб вашы ўцёкі не былі зімою ці ў суботу.
21 Бо тады будзе вялікая пакута, якой не было ад пачатку свету аж дасюль, дый не будзе.
22 І, калі б не былі скарочаны тыя дні, аніякае цела не ўратавалася б, але дзеля выбраных будуць скарочаны тыя дні.
23 Тады, калі б хто вам казаў: “Вось тут Хрыстос”, або: “Там”, — не верце.
24 Паўстануць бо фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і прадставяць вялікія знакі і цуды, — так, каб у зман увесці, калі гэта магчыма, нават абраных.
25 Вось, Я наперад вам гэта сказаў.
26 Дык калі б вам потым сказалі: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — не верце.
27 Бо, як маланка з’яўляецца на ўсходзе і віднеецца аж да захаду, такім будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
28 Дзе будзе труп, там збяруцца і арлы.
29 А зараз па тузе тых дзён сонца зацемрыцца, і месяц не дасць святла свайго, і нябесныя зоркі падаць будуць, і сілы, што на небе, пахіснуцца.
30 І тады з’явіцца знак Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках нябесных з магутнасцю і славаю вялікай.
31 І пашле Ён анёлаў Сваіх з трубою гучнай, і збяруць яны абраных Яго з чатырох вятроў, ад краю неба аж да канца яго.
32 І навучыцеся прыкладам фігавага дрэва: калі ўжо галінка яго лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што блізка лета.
33 Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
34 Сапраўды кажу вам: не праміне гэтае пакаленне, аж усё гэта станецца.
35 Неба і зямля сыдуць, але слова Маё не праміне.
36 Што да дня таго і хвіліны, ніхто не ведае, — ані анёлы нябесныя, — толькі Айцец адзін.
37 І як у дні Ноя, так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
38 Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг,
39 і не зразумелі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не знішчыў усіх, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага.
40 Тады двое будуць на полі: аднаго возьмуць, а другога пакінуць.
41 Дзве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.
42 Дык чувайце, бо не ведаеце, у які час прыйдзе Госпад ваш.
43 А гэта ведайце, што, каб гаспадар дома ведаў, а якой гадзіне злодзей мае прыйсці, пільнаваў бы і не дазволіў падкапаць дом свой.
44 Таму і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, якой вы не ведаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
45 Хто, думаеш, з’яўляецца верным і разумным паслугачом, якога паставіў гаспадар над падданымі сваімі, каб ён у вызначаны час даваў ім меру пшаніцы?
46 Дабраславёны той паслугач, якога, калі прыйдзе, гаспадар яго знойдзе за такім заняткам.
47 Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй сваёй маёмасцю.
48 А калі скажа гэны ліхі паслугач у сэрцы сваім: “Марудзіць гаспадар мой з прышэсцем”,
49 і пачне біць таварышаў сваіх, і будзе есці і піць з п’яніцамі,
50 то прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень неспадзяваны, у гадзіну невядомую
51 і аддзеліць яго, ды прызначыць яго долю разам з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Мацвея, 24 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017